Саюз пісьменнікаў Беларусі падрыхтаваў і перадаў у Цэнтр даследванняў Беларусі Усходне-Кітайскага педагагічнага ўніверсітэта ў Шанхаі бібліятэчку кніг народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. У збор увайшлі як арыгінальныя творы класіка беларускай літаратуры, так і кнігі, прысвечаныя жыццю і творчасці аўтара вядомых паэм і вершаў.
Адрас абраны зусім не выпадкова. У 1950-я гады менавіта ў Шанхаі пабачылі свет кнігі Аркадзя Аляксандравіча ў перакладзе на кітайскую мову — «Толькі ўперад», «Новае рэчышча», «Прыгод цымбал».
Перакладчыкам выступіў вядомы паэт, сябра так званай школы «сімвалістаў» Му Муцянь (1900 — 1971). У розны час, яшчэ да нараджэння Кітайскай Народнай Рэспублікі, былі выдадзены яго зборнікі «Сэрца падарожніка», «Песні выгнання». Гэта менавіта Му Муцянь прапанаваў мастацкую канцэпцыю «чыстая паэзія». Крытыкі, літаратуразнаўцы сцвярджаюць, што слыннага кітайскага перакладчыка ў паэзіі Аркадзя Куляшова захапілі выразна акрэсленыя матывы Радзімы, служэння чалавека сваёй Айчыне.
Ушаноўваючы ў Шанхаі Му Муцяня, — расказвае дырэктар Цэнтра даследванняў Беларусі Бэй Вэньлі, — мы, несумненна, не абмінаем увагай творчасць народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Знаёмства з раней здзейсненымі перакладамі падштурхоўвае да новага звароту да творчасці беларускага класіка. Нам падаецца асабліва цікавай яго паэзія, прысвечаная тэме Вялікай Айчыннай вайны. Магістранты, аспіранты нашага ўніверсітэта, вядома, звернуць увагу і на ранейшыя кітайскія пераклады, і на сённяшнія кнігі выбраных твораў Аркадзя Аляксандравіча. Мы ўдзячны Саюзу пісьменнікаў Беларусі за падтрымку нашых беларускіх кнігазбораў.
А ў СПБ рыхтуюць новыя кніжныя падарункі кітайскім сябрам. Пакуль што ў Цэнтры папулярызацыі літаратуры пры Саюзе пісьменнікаў патлумачылі толькі тое, што збіраюцца з разлікам на адпраўку ў Кітай кнігі сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў.
Мікола Берлеж