Top.Mail.Ru

Кнігі Выдавецкага дома «Звязда» — сапраўдная знаходка для чытачоў

У новай падборцы мы сабралі для вас адметных аўтараў Выдавецкага дома «Звязда», творы якіх стануць для чытачоў сапраўднай знаходкай. Таму што кожны з іх абуджае не проста інтарэс да сюжэта ў працэсе чытання, але і выклікае пачуцці спагады, любові і пашаны да сваёй гісторыі, натхнення мастацкім словам, пераасэнсавання сваіх і чужых учынкаў.


Ключ да вялікай каштоўнасці

Яго знойдуць чытачы ў аднайменнай кнізе Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Выданне ўбачыла свет у серыі «Школьная бібліятэка класікі». Пад вокладкай вас чакае сапраўднае падарожжа-квэст. «Падрыхтуйся да таго, што з першай старонкі ты станеш адным з галоўных герояў усіх падзей!.. Заплюшчы вочы і ўяві, як ты пераўтвараешся ў абранага героя»... Кожнаму там трэба прайсці дзевяць выпрабаванняў, каб стаць сапраўдным пераможцам. А ўзнагароджаны ён будзе той самай Вялікай Каштоўнасцю, для якой патрэбныя шчырасць, узаемадапамога, падтрымка, павага, давер, адданасць, дараванне, надзейнасць і шчодрасць. Толькі вось здабываць іх нашы чытачы будуць у кампаніі міфалагічных персанажаў, якія жывуць у гэтай кнізе і знаёмыя нам з дзяцінства. Кажуць, некалі даўно яны існавалі, і нашы продкі часам бачылі іх на свае вочы. Тут можна сустрэць і даведацца таямніцы і Лесавіка, і Ведзьмы, і Дрыгвяніка і многіх іншых міфічных істот. 

А вось чым скончыцца падарожжа Дэстарна і Мілеі, хто з новых знаёмых дапаможа ім знайсці ключ ад чароўнага куфэрка — гэта ўжо чытач зразумее, прачытаўшы кнігу. Дарэчы, твор таксама ўваходзіць у вучэбную праграму па беларускай літаратуры для 6 класа, таму ім дакладна варта папоўніць хатнюю бібліятэку.

Асэнсаванне падзей мінулага

Іх дае новая кніга ваеннага пісьменніка Мікалая Чаркашына «Лес прастрэленых касак». Трэці раман — завяршае яго трылогію, прысвечаную падзеям пачатковага перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў Заходняй Беларусі. Папярэднія два — «Брэсцкія вароты» і «Бог не гуляе ў косці» — таксама выйшлі ў Выдавецкім доме «Звязда». Асновай сюжэта трэцяга рамана сталі баявыя дзеянні 3-й арміі Заходняга фронту, а таксама лёсы яе камандуючага генерала Кузняцова, генерал-лейтэнанта Карбышава і шэрагу іншых байцоў і камандзіраў, якія існавалі рэальна. Батальныя эпізоды, звязаныя з абаронай Гродна, захопам фартыфікацыйнага падзямелля «Лагер Дажджавога Чарвяка», пранізаны лірычнымі гісторыямі трох вядучых герояў: капітана Шыбарскага, лейтэнанта Пусцельгі і маёра Дземчанкі. Старонка за старонкай чытач не проста пражывае падзеі мінулага з персанажамі кнігі, але і адкрывае ў кожным з іх тых герояў, якія ў складаных абставінах заставаліся людзьмі з годнасцю, каштоўнасцямі і ўменнем знаходзіць сабе прымяненне пры любым жыццёвым раскладзе.

Зірнуць на братоў меншых па-іншаму

Зрабіць гэта дапаможа кніга Івана Пташнікава «Апавяданні пра жывёл». Выданне падыдзе і дарослым, і дзецям, таму што кожны твор у ім знаёміць нас з кранальнымі гісторыямі пра жывёльны свет, распавядае пра ўзаемадзеянне з ім чалавека. Вось, напрыклад, апавяданне «Арчыбал» — знаёмства з мядзведзем, які якраз аднойчы трапіў у рукі людзей... «Ён тады, малы, без маці, раптам супакоіўся: не хацелася ні пішчаць, ні драпаць брызент, і, калі яму зрабілі дзірку ў брызенце для носа, каб не задыхнуўся, і нехта смелы паднёс яму ў руцэ пад нос пячэнне, ён нават на яго не глянуў... Ехалі ўсю ноч, і салдаты ўсю ноч не спалі... Не спаў і ён — глядзеў у цёмны прагал ночы, якая сляпіла яго ядранымі фарамі, як святло на арэне, ад якога ён пачаў слепнуць»... Вось яно, лічыце, усё жыццё звера, занатаванае ў некалькіх радках. Але менавіта ўменне аўтара паказаць яго для чытачоў па-майстэрску дазваляе кожнаму нібы прасачыць гэты лёс жывой істоты на свае вочы. 

І разам з тым паглядзець на свет яе вачыма. І так кожны твор, які ўвайшоў у гэты зборнік, закранае праблемы стаўлення чалавека да прыроды, неабходнасці пераадолення жорсткасці ў дачыненні да навакольнага асяроддзя.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю