Сёлета адбыўся 64-ты па ліку конкурс. Вядома, за столькі гадоў сфарміраваныя крэтэрыі і падыходы для вызначэння найлепшых. Але калі прыглядзецца да кніг, што адзначаны сёлета, то можна заўважыць адну вызначальную рысу, якую б можна было сфармуляваць так: «Беларусь перадусім». То бок тое, што вызначае дзяржаву ў розных яе праявах, у тым ліку ў пэўных межах. Гран-пры і перамогу ў намінацыі «Трыумф» сёлета прысудзілі за выданне «Нацыянальны атлас Беларусі» ад РУП «Белкартаграфія» і «Беларускага дома друку». Гэта кніга, да падрыхтоўкі якой далучыліся шмат людзей.
Сапраўды, кніжная праца — калектыўная. Вось і старшыня журы, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна адзначыў, што мастацтва кнігі аб’ядноўвае адразу некалькі складнікаў: гэта і сэнс, і праца аўтара, дызайнера, мастака, выдавецтва, паліграфістаў. Паказальна, якія кнігі сёлета журы адзначыла па сукупнасці складнікаў. Адметна і тое, якія кнігі Выдавецкага дома «Звязда» атрымалі высокую адзнаку.
У намінацыі «У люстэрку часу» перамагла кніга «Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь. 30 гадоў у адной камандзе» Выдавецкага дома «Звязда», а яго дырэктар-галоўны рэдактар Вольга Ануфрыева падымалася на сцэну некалькі разоў, бо ў некалькіх намінацыях мы здабылі першае месца. У прыватнасці, у намінацыі «Сіла ў праўдзе» было адзначана выданне «Урокі Данбаса». Але найлепшай ў гэтай намінацыі назвалі кнігу «Суперпазіцыя. Паральельныя сусветы» («БЕЛТА») Таксама «Звязда» сярод найлепшых у намінацыі «За ўнёсак у развіццё гісторыка-культурнай спадчыны» з выданнем «Ведаем, ганарымся! Вядомыя люді Беларусі ў партрэтах і нарысах». Перамагла тут кніга «Нацыянальны здабытак Беларусі» (выдавецтва «Адукацыя і выхаванне»)
Немагчыма не згадаць намінацыю «Фотапогляд», ,да якой «Звязда» таксама мае дачыненне, хоць і ўскоснае. Перамогу тут здабыла выдавецтва «Беларусь» за фаліянт «Беларусь. Зямля пад белымі крыламі», але аўтар здымкаў Анатоль Кляшчук шмат гадоў працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда».
Таксама выдавецтва «Беларусь» перамагло ў намінацыі «Беларусь памятае» з кнігамі «Партызаны Беларусі» і «Генацыд беларускага народа. Карныя аперацыі». Таксама ў іх найлепшая кніга ў намінацыі «Духоўнасць» — «Сімвалы суверэннай Беларусі». Дарэчы, за працу ў тым ліку над гэтым выданнем была адзначана Віятета Жук — у намінацыі «Дызайн».
Кнізе «Ад Масквы да Брэста. Па дарозе славы» выдавецтва «Форум» аддалі перамогу ў намінацыі «Садружнасць».
Яшчэ адна намінацыя, якую можна было б аднесці да ліку асветных, калі сыходзіць з яе назвы — «Навука і веды». Перамога ў ёй сведчыць пра тое, якія веды сёння лічацца найважнейшымі ў краіне, — яе здабыла кніга «Дзяржаўнасць Беларусі: даты, факты, падзеі» выдавецтва «Беларуская навука». Яму ж варта падзякаваць за найлепшую «Арт-кнігу»: «Штрыхі гавораць. Альбом графічных работ».
А з чаго пачынаюцца любыя веды ды навучанне? Вядома, з «Буквара». У тым ліку з таго, што прадставіла выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» — кажуць, «гэта ўсім Букварам Буквар»! І перамога ў намінацыі «Сучасны падручнік».
Але дзеці чытаюць розныя кнігі. І добра, што сярод іх ёсць тыя, што прыцягваюць увагу і пакупнікоў, і журы. У намінацыі «Дзецям ХХІ стагоддзя» аказалася адразу два пераможцы: кнігі «Глобус, альбо Падарожжа Ціма ў Індыю» (выдавецтва «Адукацыя і выхаванне») і "Як мядзведзікі тату” згубілі ад «Мастацкай літаратуры». Дарэчы, за працу над гэтай кнігай адзначана мастачка Ліяна Жванія ў намінацыі «Майстэрства».
Наўрад ці хто не ведае, што ў «Мастацкай літаратуры» варта шукаць кнігі, якія можна чытаць для душы, і вельмі радуе, што ў намінацыі «Літфармат» перамогу аддалі выданню «Любімыя казкі нашых прабабуль» — гэта тое, з чаго пачынаецца спазнанне света, тое, што не мяняецца з часам і далучае да вечных ісцін.
Нездарма адзін з тых, хто ўручаў ганаровыя ўзнагароды, дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі Сяргей Квачан адзначыў, што «кніга прэзентуе нацыю, а кнігі Рэспублікі Беларусь працягваюць традыцыі Францыска Скарыны, у іх выданні прымяняюцца сучасныя перадавыя тэхналогіі, нашы кнігі адпавядаюць сусветным стандартам».
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА