Усерасійская бібліятэка імя М. І. Рудаміна — аўтарытэтная кніжніца Масквы і ўсёй Расійскай Федэрацыі. Днямі Саюз пісьменнікаў Беларусі перадаў збор розных выданняў сучасных літаратараў Беларусі ў фонды гэтай установы, дзе захоўваюцца кнігі болей як на 100 мовах народаў свету.
Сярод перададзеных выданняў з творамі паэзіі, прозы, дзіцячай літаратуры — зборнікі вершаў, апавяданняў, аповесці-казкі, кнігі публіцыстыкі Міхася Пазнякова, Алены Стэльмах, Вольгі Нікольскай, Галіны Загурскай, Аляксандра Радзькова, Уладзіміра Саламахі, Уладзіміра Мазго і іншых сучасных творцаў нашай краіны.
Перадаючы дырэктару бібліятэкі Марыне Захаранка сертыфікат, які засведчыў факт дарэння, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч адзначыў, што гэтая сустрэча можа пакласці пачатак многім супольным мерапрыемствам, якія прадставяць беларускую літаратуру ў такім аўтарытэтным асяроддзі. Дарэчы, поруч з прадстаўнікамі расійскай творчай і навуковай інтэлігенцыі ўдзел у імпрэзе прынялі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Ігар Марзалюк, Алесь Кажадуб, Ларыса Кучарава, Любоў Турбіна, вядомы перакладчык беларускай паэзіі на рускую мову Сяргей Главюк, старшыня ФНКА «Беларусы Расіі» доктар псіхалагічных навук Сяргей Кандыбовіч.
Удзельнічала ў мерапрыемстве і саветнік-дарадца Пасольства Рэспублікі Беларусь ў Расійскай Федэрацыі Ірына Акуловіч, якая зазначыла, што варта пашыраць беларуска-расійскія стасункі ў кніжным фармаце, знаходзіць і тыя гандлёвыя пляцоўкі, якія прапаноўвалі б чытачам, пакупнікам у Маскве і кнігі беларускіх выдавецтваў.
Мікола БЕРЛЕЖ