Асновай для матэрыялу стаў аднайменны спецыяльны праект Выдавецкага дома «Беларусь сегодня». Вынікам агульнай працы двух рэспубліканскіх медыяхолдынгаў стала маштабнае 448-старонкавае выданне, якое ўжо заняло ганаровае месца на паліцах кнігарняў.
Падчас прэзентацыі дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» і сааўтар кнігі Вольга АНУФРЫЕВА падзялілася гісторыяй стварэння выдання:

— Гэты праект нарадзіўся на старонках газет, якія ўваходзяць у холдынг «Беларусь сегодня». На той момант я працавала ў холдынгу і дапамагала каардынаваць гэты праект. У нас быў вялікі калектыў аўтараў, у тым ліку я і Максім Осіпаў. Мы ўсе выканалі тытанічную работу: былі вывучаны 5 газет у холдынгу за перыяд з 1994 па 2025 год. Атрымліваецца, што 20 тысяч выпускаў ляглі ў аснову гэтай кнігі, на старонках якой мы — журналісты — паказалі рэтраспектыву падзей, якія адбываліся ў нашай краіне з моманту станаўлення інстытута прэзідэнцтва.
Аўтарам ідэі спецыяльнага праекта «Час выбраў» выступіў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрый ЖУК. Па яго словах, галоўнай мэтай было аднавіць тыя эмоцыі, якія беларусы перажывалі падчас будаўніцтва нашай суверэннай дзяржавы за апошнія 30 гадоў.
— Мы вельмі хутка забываем дрэннае і надоўга запамінаем добрае. Дык вось у гэтай кнізе сабраныя сведчанні таго часу: як мы ўспрымалі падзеі, што адбываліся ў нашай краіне праз газетныя старонкі, якія з’яўляюцца даволі аб’ектыўнай крыніцай інфармацыі, — адзначыў ён.
Дзмітрый Жук дадаў таксама, што асноўныя задачы гэтай кнігі — паказаць маладому пакаленню, як гэта было, стварыць базу ведаў аб будаўніцтве суверэннай краіны.
— Гэта трэба для таго, каб мы ганарыліся нашай дзяржавай. Мы вельмі шмат чаго дасягнулі, і тое, што ёсць у нас сёння, зроблена рукамі беларусаў, пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта, — заключыў ён.
Характэрна, што да кожнага выпуску праекта даваўся разгорнуты экспертны каментарый вядомага беларускага палітолага, рэктара Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Дзяніса ДУКА. Гэта добрая традыцыя перайшла і на старонкі кніжнага выдання.
— Невыпадкова прэзентацыю мы робім напярэдадні такой найважнейшай грамадска-палітычнай падзеі, як УНС. У гэтай кнізе раскрываецца перадгісторыя стварэння УНС як пастаянна дзеючага органа, раскрываюцца першапрычыны і ход гэтай падзеі, а таксама яго значэнне, — падзяліўся Дзяніс Дук.
Ён дадаў, што на старонках кнігі выразна прасочваецца асабісты ўнёсак Прэзідэнта не толькі ва ўсе палітычныя інавацыі, але і ў развіццё краіны ў цэлым.
— Мы ўсім гэтым карыстаемся ў паўсядзённым жыцці, нават не задумваючыся аб тым, што калісьці гэтыя інавацыі патрабавалі вось такога сур’ёзнага асабістага ўмяшання Прэзідэнта, яго волі, харызмы і палітычнай дальнабачнасці. У гэтай кнізе чытач убачыць усё: факты, каментарыі экспертаў, дынаміку развіцця грамадска-палітычных працэсаў у складаныя і супярэчлівыя перыяды, а таксама зможа зрабіць выснову, чаму сёння Рэспубліка Беларусь зацвердзілася ў свеце як суверэнная незалежная дзяржава і дзякуючы каму гэта адбылося, — заключыў ён.
Вось так, праз прызму газетных публікацый і экспертных каментарыяў кніга «Час выбраў» узнаўляе факты з нашай гісторыі, падкрэсліваючы значнасць грамадска-палітычных інстытутаў і ролю нацыянальнага выбару ў пабудове суверэннай дзяржавы. Гэта выданне — даніна павагі мінуламу і надзейная падстава для асэнсавання будучыні.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара