Падчас двухдзённых перагавораў Прэзідэнта Беларусі са спецпасланнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам абмяркоўваліся пытанні нармалізацыі адносін. Пра гэта прадстаўнік ЗША заявіў журналістам па выніках сустрэч, перадае БелТА.
Па словах Джона Коўла, перагаворы з Аляксандрам Лукашэнкам былі вельмі прадуктыўнымі.
«Мы гаварылі пра вайну паміж Украінай і Расіяй, пра Венесуэлу. Прэзідэнт Лукашэнка згадаў шмат людзей і шмат рэчаў. У нас была вельмі добрая размова. Мы гаварылі пра будучыню. Як ісці па шляху збліжэння ЗША і Беларусі, каб нармалізаваць адносіны. Гэта наша мэта», — сказаў прадстаўнік ЗША.
Адказваючы на пытанне, што трэба рабіць для далейшай нармалізацыі адносін, Джон Коўл сказаў: «Менавіта тое, што мы ўжо робім. Мы здымаем санкцыі, вызваляем зняволеных. Мы ўвесь час гаворым адзін з адным».
«Па меры таго, як мы становімся бліжэй і бліжэй, больш гаворым, абменьваемся ідэямі, скажам так, ідзе працэс пераходу ад першых дзіцячых крокаў да ўжо больш упэўненых хрокаў», — заявіў прадстаўнік ЗША.
Коўл: Лукашэнка дае добрыя парады па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне
«Я размаўляў з вашым Прэзідэнтам па розных пытаннях. Ён дапамагае, раіць нам у пытанні таго, што рабіць з вайной паміж Расіяй і Украінай. Гэта добрыя парады. Розныя пытанні, накшталт гэтага», — сказаў прадстаўнік ЗША.
Што датычыцца прасоўвання працэсу мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне і ролі ў гэтым Беларусі, Джон Коўл адзначыў фактар даўніх добрых адносін, якія склаліся паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
«Ваш Прэзідэнт мае вялікую гісторыю адносін з прэзідэнтам Пуціным, мае магчымасць даваць яму парады. Гэта вельмі карысна ў гэтай сітуацыі. Яны даўнія сябры і маюць неабходны ўзровень адносін, каб абмяркоўваць падобныя пытанні. Натуральна, прэзідэнт Пуцін можа прыняць адны парады і не прыняць іншыя. Гэта спосаб дапамагчы працэсу», — сказаў Джон Коўл.