Top.Mail.Ru

Кобрын. Адпор — у першыя дні вайны

Варожая авіяцыя стала бамбіць горад 22 чэрвеня а пятай гадзіне раніцы. І атрымала адпор ад лётчыкаў 123-га знішчальнага палка, якім камандаваў маёр Барыс Сурын. Вораг не разлічваў на тое, што давядзецца прымаць паветраныя баі.

Подзвіг ваенлётаў

Дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава Алена БАБЕНКА падкрэслівае: «Нягледзячы на ўстойлівае меркаванне, што ў першыя дні вайны ў пагранічнай зоне ўсе аэрадромы разам з авіяцыяй былі разбіты і знішчаны, да Кобрына гэта нельга аднесці. І ўсё дзякуючы мужнасці і ваеннаму майстэрству Барыса Сурына». Ва ўмовах, калі дзейнічаў строгі загад не паддавацца на правакацыі, а па сутнасці — не рыхтавацца да вайны, 123-і полк знаходзіўся ў поўнай баявой гатоўнасці. Усе 30 самалётаў былі надзейна замаскіраваны. 

А ў ходзе ранішняй бамбардзіроўкі былі разбіты самалёты, што знаходзіліся на рамонце, а таксама новыя самалёты Як-1, якія не паспелі ўкамплектаваць. Баявыя старыя І-153, якія лётчыкі называлі «Чайкамі», былі не проста падрыхтаванымі, запраўленымі гаручым, з максімальным боекамплектам, у іх на раніцу 22-га... маторы аказаліся прагрэтымі. Гэта ўжо да пытання пра інтуіцыю і прафесійную празорлівасць маёра Сурына.

Пазней музейныя работнікі знойдуць тэхніка гэтага палка Вікенція Стаканава, ён раскажа пра камандзіра і пра першы бой. Кобрынскія лётчыкі адбівалі атакі з чатырох гадзін раніцы да 13 гадзін дня. Тэхнік расказваў аб тым, што быў зладжаны сапраўдны паветраны канвеер: узлёт, кароткі паветраны бой, пасадка, імгненная запраўка альбо нават хуткае латанне дзірак у машыне, загрузка боекамплекта і зноў узлёт. Ваенлёты называлі гэта сістэмай рою: узлёт-пасадка, узлёт-пасадка. Апошняе, апроч іншага, сведчыла пра бездакорную баявую вывучку асабовага складу: упершыню сутыкнуўшыся з ворагам, а не ва ўмовах вучэнняў, пілоты дзейнічалі максімальна дакладна. Сам камандзір палка здзейсніў пяць вылетаў, чатыры з іх — баявыя, збіў тры нямецкія самалёты. У чацвёртым баі быў смяротна паранены, але здолеў пасадзіць самалёт на паласу аэрадрома. Калі тэхнікі палка падбеглі да самалёта, высветлілася, што лётчык ужо мёртвы.

Над небам Кобрына адбыўся адзін з першых паветраных таранаў той вайны. Лейтэнант Рабцаў бясстрашна павёў сваю машыну на варожы самалёт і, дарэчы, выжыў! Ён загіне крыху пазней... Да 13 гадзін 22 чэрвеня з 30 машын 123-га палка ў страі засталося 12. Менавіта апоўдні полк, які застаўся без камандзіра, атрымаў загад рухацца на ўсход, у раён Пінска.

Нават танкі ішлі на таран

На другі дзень вайны ў ваколіцах горада ішлі цяжкія танкавыя баі. 23 чэрвеня часці 28-га стралковага корпуса генерала Папова і 22-й танкавай дывізіі генерала Віктара Пуганава адышлі ад Брэста да Жабінкі і ўтварылі фронт абароны Камянец — Жабінка — Маларыта. Нягледзячы на тое, што ў 22-й дывізіі засталося каля 100 танкаў з невялікім запасам снарадаў і гаручага, штаб Заходняга фронту запатрабаваў раніцай 23 чэрвеня нанесці контрудар у раёне Жабінкі. Пад ударамі авіяцыі танкавая дывізія і стралковы корпус панеслі вялікія страты. Але нашы воіны трымаліся да апошняга. У жорсткіх баях на подступах да Кобрына нярэдка даходзіла да рукапашнай, байцы і камандзіры праявілі выключны гераізм. Разгарэўся сустрэчны танкавы бой. Экіпажы двух танкаў, калі ў іх скончыліся снарады, таранілі нямецкія танкі. Генерал-маёр Пуганаў камандаваў боем асабіста і загінуў у ім.

Вораг праводзіў узмоцненую артпадрыхтоўку. Сілы праціўніка ў некалькі разоў перавышалі сілы абаронцаў Кобрына. Але праціўнік здолеў прарваць гэтую абарону толькі пасля таго, як падцягнуў свежыя танкавыя часці. Змучаныя цяжкімі баямі, пры вострым дэфіцыце снарадаў, зенітных сродкаў, супрацьтанкавай артылерыі войскі 4-й арміі, штаб якой да першага дня вайны знаходзіўся у Кобрыне, вымушаны былі адысці на ўсход, у раён Гарадца.

Не было панікі, не было масавых уцёкаў сярод байцоў нашай арміі ў першыя дні вайны, — расказвае Алена Бабенка, —а вось пра масавы гераізм быў, подзвігі здзяйснялі і радавыя, і генералы.

Партызаны і падпольшчыкі

Немцы занялі Кобрын надвячоркам 23 чэрвеня. Пачаўся перыяд акупацыі працягласцю ў 1124 дні. Новая ўлада пачала з расстрэлаў, у тым ліку і мірнага насельніцтва. Адразу ж у горадзе і ваколіцах сталі фарміравацца падпольныя камітэты і партызанскія атрады. Першы падпольны антыфашысцкі камітэт быў створаны ў вёсцы Турная ў самым пачатку жніўня. Яго ўзначаліў Дзмітрый Барысюк, актыўны падпольшчык перыяду польскай акупацыі. Яго намеснікам стаў Цімафей Краўчук, першы старшыня калгаса на Кобрыншчыне. Некаторыя з членаў камітэта мелі вопыт работы ва ўмовах канспірацыі, таму многія іх акцыі былі паспяховымі і засталіся нераскрытымі.

На Кобрыншчыне актыўна дзейнічала і група жонак ваеннаслужачых, якія загінулі пры абароне Брэсцкай крэпасці. У іх ліку — Галіна Шаблоўская, Кацярына Лісоўская, Вольга Лапаціна, Ксенія Маёрава, Галіна Арбузава. У 1942 годзе яны дапамаглі ўцячы з Кобрынскага лагера 48 палонным, былі на сувязі з партызанамі. На жаль, усе гэтыя жанчыны не дажылі да Перамогі. Загінула шмат мужных кобрынскіх падпольшчыкаў.

Самы малады з іх — 17-гадовы Павел Гетман, які спрабаваў знішчыць гэбіт-камісара горада. Хлопца схапілі, па-зверску катавалі, але ён нікога не выдаў. Тады яго зацкавалі сабакамі, якіх спецыяльна некалькі дзён не кармілі. 

Для акупантаў Кобрын меў важнае значэнне. Тут знаходзіўся чыгуначны вузел — дарога на Маскву і Палессе. Праз Кобрын праходзіў водны шлях, па якім немцы планавалі аднавіць суднаходства. Але ж на абодвух шляхах гэтаму руху перашкаджалі партызаны.

Касцяком партызанскіх атрадаў найчасцей былі вайскоўцы, якія выходзілі з акружэння, да іх далучаліся мясцовыя актывісты і патрыёты. Асабліва значны ўрон акупантам наносіла брыгада імя Чапаева, а ў 1943 годзе на дапамогу партызанам штаб Чырвонай Арміі накіраваў дзве разведвальна-дыверсійныя групы. Гэтыя прафесіяналы дзейнічалі асабліва дзёрзка, яны праводзілі самыя сапраўдныя ваенныя аперацыі, напрыклад, па вызваленні людзей з палону. Іншымі словамі, зямля гарэла пад нагамі акупантаў. 

У перыяд з 1942 да 1944 года на ўчастку ад Кобрына да Пінска было пушчана пад адхон 398 варожых эшалонаў. 

Тыя з байцоў названых дыверсійных груп, якія перажылі вайну, сябравалі паміж сабой усё жыццё і нярэдка сустракаліся менавіта ў Кобрынскім музеі. Першы яго дырэктар Аляксей Мартынаў, таксама былы партызанскі сувязны, ладзіў гэтыя сустрэчы, запісваў успаміны. Былыя франтавікі таксама паспрыялі стварэнню экспазіцыі.

Захаваць і перадаць памяць

У ліпені 1944 года партызаны аказалі вялікую дапамогу пры вызваленні Кобрына. Горад вызвалілі 20 ліпеня ў ходзе Люблінска-Брэсцкай аперацыі часці 61-й арміі, якія дзейнічалі ў складзе 1-га Беларускага фронту. 12 часцям названай арміі было прысвоена ганаровае званне «Кобрынскіх».

Пра ўсё названае сёння можна даведацца ў ваенна-гістарычным музеі. Тут сабраны ўнікальныя экспанаты, прысвечаныя перыяду вайны і самай трагічнай старонцы гісторыі — акупацыі. Супрацоўнікі музея з вялікім задавальненнем і гонарам успрынялі паведамленне аб узнагароджанні Кобрына вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». У справе папулярызацыі гістарычных ведаў, шанавання памяці землякоў ёсць, несумненна, і іх вялікая заслуга.

— Мы вельмі ганарымся ўзнагародай, — сказаў карэспандэнту газеты старшыня Кобрынскага гарвыканкама Аляксандр МАЙСЯЮК. — Жыхары Кобрына, яго маладое пакаленне беражліва захоўваюць памяць пра герояў. Іх імёны носяць вуліцы горада, два скверы названы ў гонар герояў-вайскоўцаў — Пуганава і Марозава, на месцы танкавых баёў закладзены сквер імя Герояў-танкістаў. 

У кожнай навучальнай установе, у кожным калектыве праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы, згадваюцца героі, якім мы абавязаны магчымасцю жыць і гадаваць дзяцей у свабоднай краіне. Мы ўсведамляем свой абавязак — перадаваць гэтую памяць нашчадкам.

Фота Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю