«Код чалавека» — гэта фільм-даследаванне аб будучыні адукацыі, моладзі і захаванні сябе як асобы ў эпоху інфармацыйных тэхналогій і штучнага інтэлекту. «Галоўная праблема сучаснасці і нашага свету — гэта страта чутнасці і разумення. Свет мае лішак інфармацыі і гатовых шаблонных адказаў, крайні дэфіцыт саміх пытанняў, глыбіні і нараджэння новых сэнсаў, — адзначыў Андрэй Кароль. — Таму вельмі важна вучыць не столькі браць, колькі ствараць і адкрываць. Гэты праект стаў для мяне новай формай стасункаў з моладдзю, каналам данясення важнасці адкрыцця сваіх унікальных якасцей. Сёння важна для гэтага выкарыстоўваць любыя магчымасці, як традыцыйныя, так і сучасныя, каб быць пачутым і зразумелым цяперашнім пакаленнем, незалежна ад узросту і прафесіі. Наш час перанасычаны тэхналогіямі, сацыяльнасці становіцца ўсё менш, ёсць патрэбнасць у раскрыцці кожным сябе як унікальнай асобы, здольнай думаць, разважаць, адчуваць. На гэта здольны толькі чалавек, а не машына. Ідэйна прэм’ерны фільм менавіта аб гэтым».
Рэктар выказаў словы ўдзячнасці маладому беларускаму рэжысёру Вераніцы Ткачэнка за прапанову стаць удзельнікам фільма, прафесіяналізм, творчы погляд на адлюстраванне навуковых тэм і магчымасць быць пачутым аўдыторыяй, якая выходзіць за кола выкладчыкаў і студэнтаў. Рэжысёр з’яўляецца выпускніцай БДУ, яна прызналася, што таксама адчувае ўваходжанне ў жыццё штучнага інтэлекту. «На прыкладзе свайго асяроддзя я бачу, як сціраецца каштоўнасць жывога ўзаемадзеяння, эмоцыі ўсё часцей нагадваюць алгарытмы, а сапраўдныя веды становяцца ілюзорнымі, паколькі многае за чалавека робяць інфармацыйныя тэхналогіі. Яшчэ ва ўніверсітэце з намі праводзілі інтэрактыўныя заняткі, канцэпцыя якіх была прапанавана рэктарам. У першую чаргу такія пары былі арыентаваны на асобу студэнта і яго асаблівасці», — адзначыла Вераніка Ткачэнка.
Паводле яе слоў, у гады навучання ў БДУ ёй вельмі адгукнуліся развагі рэктара аб адукацыі. «У публікацыях і сваіх мастацкіх работах ён заўсёды падкрэслівае важнасць захавання сябе, імкнення да самаразвіцця ў эпоху татальнага інфармацыйнага шуму. Але больш за ўсё мяне ўзрушыла не яго тэарэтычная спадчына, а яго практычная дзейнасць. Я бачыла, як ён праводзіць эўрыстычныя заняткі са студэнтамі, узаемадзейнічае з імі на роўных правах, гаворыць на простай і зразумелай для ўсіх мове. Гэта заўсёды выклікае давер. Таму, калі з’явілася магчымасць прыняць удзел у кінафестывалі, выбар героя для мяне стаў відавочным», — канстатавала рэжысёр.
Акрамя таго, у фільме сваім меркаваннем аб ролі кнігі і партрэце «чалавека будучыні» падзяліўся старшыня Беларускага саюза пісьменнікаў Аляксандр Карлюкевіч. Таксама ўдзельнікамі стужкі сталі студэнты, якія расказалі аб тым, што дапамагае ім не згубіцца ў інфармацыйна перанасычаным свеце. Адной з іх стала студэнтка факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Аляксандра Багданава. Дзяўчына ўпэўнена, што штучны інтэлект ніколі не зможа замяніць настаўніка. «Штучны інтэлект можа быць карысным памочнікам у навучанні. Але настаўнік — гэта перш за ўсё чалавек, а ў рабоце з моладдзю асабліва важныя жывое ўзаемадзеянне, чалавечае цяпло і эмоцыі», — сказала яна.