Top.Mail.Ru
123

Колькасць ахвяр снежнай буры ў ЗША вырасла да 85

Колькасць ахвяр снежнай буры, якая абрынулася на ЗША, вырасла да 85, паведамляе БелТА.


Раней паведамлялася аб 73 загінулых. Як адзначаецца, прыкладна палова смерцяў прыпала на паўднёвыя штаты — Тэнэсі, Місісіпі і Луізіяну. Сярод прычын гібелі называюць пераахаладжэннe, атручэнне чадным газам і ДТЗ.

Паводле даных сайта Poweroutage.us, які адсочвае адключэнні электраэнергіі, 29 студзеня ўвечары больш за 230 тыс. дамоў і прадпрыемстваў заставаліся без электрычнасці. Каля 87 тыс. з іх — у штатах Місісіпі і Тэнэсі. Як паведамляе агенцтва, дакладныя тэрміны аднаўлення электразабеспячэння, асабліва ў сельскіх раёнах, застаюцца незразумелымі.

29 студзеня сотні ваеннаслужачых Нацыянальнай гвардыі былі мабілізаваны ў штатах Місісіпі і Тэнэсі для расчысткі завалаў і аказання дапамогі людзям, якія апынуліся ў цяжкім становішчы ў аўтамабілях або ў сваіх дамах.

Губернатар Місісіпі Тэйт Рыўз заявіў, што ваеннаслужачыя Нацыянальнай гвардыі дастаўляюць ежу, коўдры і іншыя прадметы першай неабходнасці грузавікамі і верталётамі. Таксама ў Тэнэсі губернатар Уільям Байран Лі паведаміў, што выратавальныя брыгады размеркавалі больш за 600 адзінак цёплага адзення і 8,5 тыс. літраў бензіну і дызельнага паліва. 

Улады Місісіпі заяўляюць, што гэта наймацнейшая зімовая бура ў штаце з 1994 года. Па ўсім штаце, вядомым як адзін з самых бедных у краіне, было адкрыта каля 80 пунктаў абагравання.

Нацыянальная метэаралагічная служба паведаміла, што ў найбліжэйшыя выхадныя на ЗША абрынецца новы магутны цыклон, і закранутыя снежнай бурай штаты могуць сутыкнуцца «з самым працяглым перыядам халадоў за некалькі дзесяцігоддзяў».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю