Top.Mail.Ru

Колькасць крадзяжоў у Беларусі няўхільна зніжаецца

З сакавіка па май у нашай краіне штогод фіксуецца павелічэнне колькасці заяў аб крадзяжах з дачных домаўладанняў, а таксама веласіпедаў, самакатаў і асабістых рэчаў у месцах масавага адпачынку. Як адзначылі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, абсалютная большасць такіх злачынстваў становіцца магчымай з-за бестурботнасці саміх уласнікаў.



Паводле слоў Міхаіла Жыльцова, намесніка начальніка ўпраўлення — начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, колькасць крадзяжоў за апошнія гады дэманструе ўстойлівае зніжэнне. Калі дзесяць гадоў таму яны складалі каля трэці ад усіх рэгістраваных злачынстваў, то па выніках пяці месяцаў бягучага года — толькі адну сёмую.

— Злачынцы ў апошні час сыходзяць у кіберпрастору, таму колькасць агульнакрымінальных злачынстваў, у тым ліку крадзяжоў, няўхільна зніжаецца, — растлумачыў Міхаіл Жыльцоў. — Крадзяжы веласіпедаў таксама не з’яўляюцца для нас буйной праблемай: у структуры ўсіх крадзяжоў іх доля складае каля 6 %. Раней іх было нашмат больш. Гэта абумоўлена ў тым ліку і тым, што міліцыі стала прасцей раскрываць такія злачынствы: веласіпеды выкрадаюць пераважна ў людных месцах, дзе ўжо ўстаноўлены сістэмы відэаназірання. Гэта значыць, выкрыць зламысніка і вярнуць маёмасць уладальніку зараз нашмат прасцей.

Дарэчы, сярод выкрадзеных за пяць месяцаў бягучага года рэчаў часам сустракаюцца і не самыя відавочныя: кампрэсар ад халадзільніка, тушонка, ручная швейная машынка, каструля, чайнік і пасцельная бялізна. А яшчэ гарэлка, настойка пропалісу, алей, набор фужэраў, чайны сервіз, гумавая лодка і нават звычайныя граблі — вока злодзеяў, атрымліваецца, падае на ўсё, што «дрэнна ляжыць», незалежна ад каштоўнасці ці неабходнасці.

Але ў МУС падкрэсліваюць: сучасныя тэхнічныя сродкі аховы дазваляюць калі не выключыць, дык значна знізіць рызыку стаць ахвярай зламысніка:

— На сёння самы эфектыўны спосаб аховы маёмасці — гэта ўстаноўка ахоўнай сігналізацыі, а таксама кнопкі трывожнай сігналізацыі ў дачным домаўладанні або жылым памяшканні, — адзначыў Павел Агееў, намеснік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь — начальнік аддзела сродкаў і сістэм аховы. — Асабліва востра гэта праблема паўстае ў летні перыяд, калі на час водпускаў і выхадных дзён грамадзяне прыязджаюць на свае дачныя ўчасткі. Становяцца нярэдкімі выпадкі, калі патрабуецца экстранны выклік нараду міліцыі. Усе мы памятаем разбойны напад у Жодзіне, калі дзякуючы ўстаноўленай кнопцы трывожнай сігналізацыі супрацоўнікі дэпартамента аховы аператыўна адрэагавалі і затрымалі зламыснікаў. 

Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю