Top.Mail.Ru

Колькасць месцаў у санаторыях павялічыцца на 30 %. На гэта лета пуцёўкі амаль разабраны

Летняя аздараўленчая кампанія абяцае быць гарачай — свабодных месцаў у айчынных санаторыях ужо практычна няма. Пуцёўкі забраніраваны або выкуплены на больш чым 95 %, таму на дадзены момант выбар невялікі. Што датычыцца цэн, то дзень знаходжання ў стандартным двухмесным нумары ў другім квартале (ён захоплівае чэрвень) складзе ў сярэднім каля 145 рублёў у суткі. Аднак трэба ўлічваць, што ў летні перыяд — самы высокі попыт, таму цэны будуць вышэйшыя. Па прагнозах, летам у беларускіх установах пройдуць аздараўленне і лячэнне каля 600 тысяч чалавек.


Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь БАЛБАТОЎСКІ канстатаваў, што цягам усяго года існуе ўстойлівы попыт на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне як сярод беларусаў, так і сярод замежных грамадзян. Запаўняльнасць здраўніц у першым квартале бягучага года перавысіла 70 %, а выручка ад рэалізацыі паслуг павялічылася на 15 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У абсалютных лічбах гэта больш за 250 мільёнаў рублёў.Станоўчая дынаміка адзначаецца і па экспарце санаторна-аздараўленчых паслуг. Амаль 45 тысяч замежных грамадзян прайшлі аздараўленне і лячэнне ў нашых санаторыях сёлета. Сума ад экспарту гэтых паслуг перавысіла 97 мільёнаў рублёў (рост больш за 21 % у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам).

У першым квартале гэтага года сума сродкаў, укладзеных ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, будаўніцтва і набыццё новага абсталявання ўдвая перавысіла аналагічную лічбу першага квартала мінулага года.

— Калі тады ўсімі ўласнікамі было ўкладзена каля 22 мільёнаў рублёў, то ў першым квартале гэтага годасума ўзрасла да 43 мільёнаў, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі.

Цяпер санаторыі гатовы да летняга аздараўленчага сезона. Рыхтуюцца і стацыянарныя дзіцячыя лагеры, якія будуць працаваць у летнія месяцы. Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні выдзеліць на летні сезон 84 мільёны рублёў. Такім чынам, усе дзеці, якія маюць патрэбу ў аздараўленчых паслугах, іх атрымаюць, а тэрміны і сродкі для гэтага дастатковыя.

Пры гэтым, улічваючы той факт, што попыт на санаторна-курортныя паслугі стабільны, колькасць месцаў у найбліжэйшыя гады ў санаторыях плануюць павялічыць.

— Прэзідэнтам і ўрадам была пастаўлена задача аб павелічэнні ложкавага фонду. На гэты момант працуе праграма па развіцці турызму да 2030 года, у рамках яе плануецца павялічыць ложкавы фонд да 30 %. Гэта работа пачата, — расказаў Генадзь Балбатоўскі.

У прыватнасці, новы корпус будуе санаторый «Пліса», вялікая рэканструкцыя чакаецца ў Нарачанскім рэгіёне, у прыватнасці ў санаторыях «Журавушка» і «Сосны», будаўніцтва новага корпуса запланавана ў санаторыі «Альфа Радон». Вялікія змяненні чакаюць і санаторыі сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў. У прыватнасці, новы спа-комплекс плануецца пабудаваць у санаторыі «Крыніца».

Алена КРАВЕЦ

Фота Валерыя КАРТУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю