Top.Mail.Ru

Колькасць паляўнічых жывёл стабілізуецца і рэгулюецца

Ла­сёў ста­ла менш, мядз­ве­дзяў — больш

Халады і шматснежная леташняя зіма адбіліся на бягучым паляўнічым сезоне, — пра гэта расказаў начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр КАЗАРЭЗ. Колькасць такіх асноўных паляўнічых відаў, як лось і казуля, што паказвала на працягу некалькіх гадоў значны рост, крыху знізілася. Калі летась, па даных уліку, у паляўнічых гаспадарках было 49 тысяч асобін лася, то ў гэтым — 47 тысяч, казулі было 138 тысяч, стала 126 тысяч. Адпаведна, зменшыліся планы здабычы.

У той жа час, паводле слоў спецыяліста Мінлясгаса, у асобных раёнах Брэсцкай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей, зніжэнне колькасці лася і казулі садзейнічала змяншэнню колькасці ДТЗ з дзікімі жывёламі.

Адбіліся прыродныя фактары і на трафейных якасцях звяроў, якія здабываюцца. Снег і цяжкасці са здабычай корму прыпалі на раннюю вясну, калі адбываецца фарміраванне рагоў. Гэта прывяло да таго, што ў параўнанні з мінулымі гадамі, сёлетнія трафеі паказваюць даволі сціплыя адзнакі.

А вось высакародны алень, рассяленнем якога ўжо шмат гадоў займаюцца паляўнічыя, і які насяляе 95 % тэрыторыі краіны, наадварот, адчувае сябе добра. У 2025 годзе яго налічвалася 54 тысячы асобін, а сёлета ўжо 57 тысяч. Здабыць плануецца 2850 галоў. Выдатныя вынікі паказвае і трафейнае паляванне. Калі ў міжнароднай сістэме ацэнкі трафеяў CІC залаты медаль прысвойваецца пры адзнацы 210 балаў, то ў нас ужо ёсць экзэмпляры, ацэненыя ў 220–230 балаў.

Менавіта выдатныя трафейныя паказчыкі жывёл, якія здабываюцца, прыцягваюць у нашу краіну замежных паляўнічых. Як адзначыў Аляксандр Казарэз, калі летась сукупны даход ад замежнага паляўнічага турызму склаў больш за 5 млн долараў, з якіх 1 млн зарабілі гаспадаркі Мінлясгаса, то сёлета лічбы ў 1 млн паляўнічыя гаспадаркі Мінлясгаса ўжо дасягнулі ў пачатку лістапада. А па выніках года чакаецца яшчэ большы рост. Варта адзначыць, што пры арганізацыі паляўнічых тураў аспекты якасці паслуг, пераважаюць над колькасцю, што таксама дазваляе павышаць эканамічную эфектыўнасць гэтай дзейнасці.

Улічваючы павышаную грамадскую ўвагу да праблем папуляцый буйных драпежнікаў, начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса удакладніў, што колькасць мядзведзяў у 2025 годзе адзначана на ўзроўні 1228 асобін, а ў гэтым — 1491. Летась здабылі 37 асобін, у гэтым плануюць не менш за 65. Ні з мядзведзем, ні з рыссю, ні з ваўком канфліктныя сітуацыі, дзе пацярпелі б людзі, у нас не фіксуюцца. Шкоды прыродзе ад здабычы драпежнікаў у працэсе палявання таксама не назіраецца.

Сыты мядзведзь не нападзе

Колькасць мядзведзяў у Беларусі павялічылася, але жывёлы сытыя і пагрозы для чалавека не ўяўляюць, расказаў Аляксандр Казарэз.

«Асноўная прычына канфліктаў мядзведзя з чалавекам — няхватка кармавой базы. У нас кармавой базы хапае: капытных у лесе шмат, а цяпер мядзведзі сілкуюцца астаткамі пасля ўборкі кукурузы, — адзначыў Аляксандр Казарэз. — Колькасць сустрэч пастаянна павялічваецца, але выпадкаў нападу на чалавека не зафіксавана. Патэнцыйна іх і не будзе. Жывёлы сытыя і пагрозы для чалавека не ўяўляюць».

Можна паляваць на вавёрак і зайцаў

Хоць асенне-зімовы сезон палявання на пушных звяроў стартаваў у Беларусі 3 кастрычніка (і працягнецца да 31 студзеня 2027 года), некаторыя віды сталі даступнымі паляўнічым толькі ў лістападзе.

Так, з 7 лістапада пералік дазволеных да палявання пушных жывёл дапоўніўся вавёркай, куніцамі — лясной і каменнай, норкай амерыканскай, андатрай і лясным тхаром.

Дазволеныя прылады палявання: наразная паляўнічая зброя, гладкаствольная паляўнічая зброя з выкарыстаннем шротавых патронаў, а таксама паляўнічыя сабакі ўсіх парод, акрамя хартоў.

Адначасова стала магчымым паляванне на зайца любога полу і ўзросту ў светлы час сутак ружэйным спосабам (гладкаствольная паляўнічая зброя і патроны, падрыхтаваныя дробам) загонам, з засады, з падыходу з паляўнічымі сабакамі ўсіх парод. Безружэйны спосаб — з хартамі і лоўчымі птушкамі.

Працягваецца паляванне на мядзведзя і рысь (жывёл любога полу і ўзросту), а таксама на бабра, выдру, ваўка, лісу, шакала, янотападобнага сабаку.

Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю