Top.Mail.Ru

Колькасць папуляцыі коней Пржэвальскага ў Кітаі перавысіла 900 асобін

Трэць сусветнага пагалоўя.



Колькасць папуляцыі коней Пржэвальскага ў Кітаі перавысіла 900 асобін, што складае трэць ад агульнай іх папуляцыі ў свеце. Падобнае дасягненне атрымала прызнанне ў міжнароднай супольнасці як паспяховы прыклад рэінтрадукцыі, перадае «Сіньхуа».

Конь Пржэвальскага лічыцца адзіным відам дзікага каня, які жыве сёння на нашай планеце. Гісторыя яго эвалюцыі налічвае 60 мільёнаў гадоў, а яго гістарычнай радзімай былі Джунгарскі басейн у Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне (Паўночна-Заходні Кітай) і некаторыя раёны Манголіі. Конь Пржэвальскага адносіцца да дзікіх жывёл, якія знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай першай катэгорыі ў Кітаі.

У 1985 годзе ў КНР запусцілі праграму па рэінтрадукцыі каня Пржэвальскага з-за мяжы. Базы развядзення былі створаны ў Сіньцзяне і суседняй правінцыі Ганьсу. Навуковы падыход да захавання, фарміраванне спецыяльнай сістэмы маніторынгу, паляпшэнне асяроддзя пражывання і актыўныя спробы вярнуць парнакапытнае ў дзікую прыроду садзейнічалі паступоваму і стабільнаму росту колькасці папуляцыі гэтай жывёлы.

Як паведаміў намеснік кіраўніка Упраўлення лясной і стэпавай гаспадаркі СУАР Юй Мінхай, Сіньцзянскаму цэнтру развядзення і даследаванняў дзікага каня — найбуйнейшай базе для размнажэння коней Пржэвальскага ў Азіі — удалося вывесці больш як 800 асобін і выпусціць 146 з іх у дзікую прыроду. Цяпер на тэрыторыі Сіньцзяна жывуць 546 коней Пржэвальскага.

Каб пашырыць геаграфію распаўсюджвання папуляцыі, у апошнія гады Сіньцзян перадаў 41 каня Пржэвальскага Манголіі, а таксама правінцыі Ганьсу, Нінся-Хуэйскаму аўтаномнаму раёну і аўтаномнаму раёну Унутраная Манголія. Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва дапамагае забяспечыць больш шырокае і разнастайнае асяроддзе пражывання, карыснае для аднаўлення папуляцыі гэтага знікаючага віду жывёл.

Як стала вядома, у правінцыі Ганьсу колькасць коней Пржэвальскага дасягнула ўжо 250 асобін. «Рост папуляцыі каня Пржэвальскага стаў вынікам шматбаковых сумесных намаганняў», — канстатаваў намеснік генеральнага сакратара Кітайскай асацыяцыі аховы дзікіх жывёл Лі Ліньхай. Паводле яго слоў, вяртанне падвіда з мяжы вымірання наглядна адлюстроўвае дасягненні Кітая ў прыродаахоўнай галіне.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю