Top.Mail.Ru

Колькасць замежных турыстаў у Мінску — самая высокая за апошняе дзесяцігоддзе

Сталіца гасціннасці

Вясенне-летні турыстычны сезон завяршаецца з рэкорднымі паказчыкамі для гасцінічнага бізнесу сталіцы. Загрузка атэляў наблізілася да 70 %, а колькасць замежных турыстаў стала самай высокай за апошняе дзесяцігоддзе. Аб гэтым, а таксама аб планах і перспектывах даведаліся падрабязна.

Больш за палову экспарту турпаслуг

Сёння Мінск усё больш упэўнена замацоўваецца на карце буйных турыстычных цэнтраў Еўропы. У горадзе са шматвяковай гісторыяй і ўнікальнай архітэктурай дзейнічаюць 57 гасцініц і 14 аналагічных сродкаў размяшчэння на звыш чым 12,5 тысячы месцаў. 

І сфера гасціннасці горада працягвае развівацца, што падкрэслівае дырэктар інфармацыйна-турысцкага цэнтра «Мінск» Аляксей Русакевіч:

— Створаная сучасная інфраструктура дазваляе забяспечыць прыём і камфортнае размяшчэнне як індывідуальных турыстаў, так і турыстычных груп. У тым ліку — удзельнікаў значных мерапрыемстваў нацыянальнага і міжнароднага ўзроўняў, спартыўных форумаў, культурных і канцэртных тураў. Сёлета за перыяд студзень — ліпень сярэдняя загрузка гасцініц горада склала 67,2 %, што на 7,4 % вышэй за аналагічны перыяд мінулага года.

Сёння на Мінск прыпадае больш за палову — 57 % — усяго экспарту турпаслуг краіны. Па выніках 2024 года сталіцу наведала больш за 400 тысяч арганізаваных турыстаў і экскурсантаў — гэта амаль на трэць больш, чым годам раней. Прычым попыт на пражыванне ў сталічных гасцініцах — як дзяржаўных, так і прыватных, — у першую чаргу забяспечваюць замежныя турысты. Іх доля традыцыйна перавышае 70 %. Больш за ўсё прыязджаюць з Расіі, Кітая, Латвіі, Літвы і Узбекістана, чым забяспечваюць асноўную загрузку атэляў і дапамагаюць сталіцы замацаваць імідж горада, адкрытага для гасцей з усяго свету.

Прыезджым на заметку

Штогод у Мінску праводзіцца больш за 500 мерапрыемстваў розных ўзроўняў і кірункаў. Напрыклад, даўно сталі добрай традыцыяй гастранамічныя фэсты, кірмашы і вулічныя пікнікі. Больш за шэсць тысяч устаноў грамадскага харчавання працуе на пастаяннай аснове, каля двухсот спецыялізуецца на беларускай кухні. А з мая па верасень сталіца жыве ў рытме летняга музычна-турыстычнага сезона. У гэтым годзе галоўнай яго тэмай стала 80-годдзе Вялікай Перамогі. Таксама ў маі быў адкрыты Мінскі міжнародны выставачны цэнтр BELEXPO — першы і адзіны такога маштабу ў Беларусі, які садзейнічае развіццю дзелавога турызму сталіцы. За апошнія гады з’явіліся і новыя аб’екты спартыўнага турызму — басейн міжнароднага стандарту і Нацыянальны футбольны стадыён.

Дарэчы, усё больш гасцей Мінска выбіраюць актыўны адпачынак на свежым паветры, а таму ў кожным раёне пракладзены веласіпедныя і пешаходныя маршруты, аб’яднаныя ў адзіны сталічны. Зялёныя зоны займаюць звыш 42 % тэрыторыі горада. Былі створаны 24 экасцежкі, для зручнасці турыстаў распрацаваны аўдыягіды і інфармацыйныя стэнды. Адкрыццём для многіх можа стаць і тое, што сёння 24 прадпрыемствы Мінска адкрыты для наведвання. Прайсціся па цэхах і выставачных павільёнах, убачыць, як нараджаецца прадукцыя беларускіх брэндаў, вядомых далёка за межамі краіны, можа кожны ахвочы. У найбліжэйшыя гады спіс такіх прадпрыемстваў будзе толькі пашырацца.

Зоркі на беразе Свіслачы

Апошнія два гады ў Мінску праходзяць маштабныя рэнавацыі: падтрымка ўлады ў выглядзе зніжэння маёмасных падаткаў дазволіла абнавіць шэраг атэляў. Увесну, напрыклад, завяршыліся работы ў будынках атэляў «Вікторыя», у «Еўропе» асвяжылі нумары, адміністрацыйныя памяшканні і перагаворны пакой. Наперадзе чакаюць рамонту фасады «Еўропы» і сеткі атэляў «Тіme». На 2026-ы ўжо запланаваны комплекс будаўніча-мантажных работ гасцініцы «На Замкавай».

Нагадаем, што за апошнія тры гады ў горадзе адкрыліся новыя атэлі. Спачатку на вуліцах Рэвалюцыйнай, Зыбіцкай і скрыжаванні вуліц Багдановіча і Купалы, затым — на беразе вадасховішча Дразды. Летась гасцінічная сетка папоўнілася яшчэ і апарт-атэлем на вуліцы Шчарбакова. Але і гэта не ўсё — найбуйнейшае адкрыццё чакаецца ў самым цэнтры сталіцы. Тут, на месцы былога выставачнага комплексу «БелЭкспа», хутка адкрыецца шыкоўны атэль «Waldorf Astorіa Mіnsk» сеткі «Hіlton». Тым часам, у Лошыцкім парку пад утульную трохзоркавую гасцініцу быў рэканструяваны адзін з карпусоў комплексу гістарычных будынкаў, і работы працягваюцца.

Мэты, пастаўленыя на бліжэйшыя гады, уражваюць: прыцягненне большай колькасці ўнутраных турыстаў з дапамогай гнуткай цэнавай палітыкі і арганізаваных мерапрыемстваў, пастаяннае павышэнне якасці абслугоўвання, навучанне персаналу. Да таго ж, вядзецца распрацоўка і запуск новых айчынных лічбавых прадуктаў для кіравання гасцінічным бізнесам. Аб’яднаннем «Сталічны гандаль і паслугі» праводзяцца работы па стварэнні аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Адзіная платформа гасцінічных комплексаў», якая замесціць існуючыя ў прадпрыемстваў праграмныя модулі і сістэмы імпартнай вытворчасці.

Аміна Назарава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю