Намеснік начальніка аддзела метадалогіі ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Кацярына Макуцэня расказала аб тым, колькі агародніны закладзена ў стабфонды краіны і па якіх цэнах яе прадаюць.
Стабілізацыйныя фонды ў краіне былі закладзены да 15 лістапада ў поўным аб’ёме, падкрэсліла Кацярына Макуцэня. «У адносінах да мінулага года прырост складае каля 30 працэнтаў. Так, бульбы закладзена на міжсезонны перыяд 2025/2026 года больш за 61 тыс. т, капусты — больш за 26 тыс. т, морквы — больш за 15 тыс. т, буракоў сталовых — больш за 9 тыс. т, цыбулі рэпчатай — 7 тыс. т», — прывяла яна лічбы.
Прадукцыя, якая закладзена ў стабілізацыйныя фонды, прысутнічае ўжо на прылаўках усіх гандлёвых аб’ектаў па цэнах, устаноўленых МАРГ, дадала яна. «Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю пастановай нумар 58 устаноўлены гранічныя рознічныя максімальныя цэны на прадукцыю, што рэалізуецца са стабілізацыйных фондаў тавараў у рамках дзяржзаказу, — адзначыла прадстаўнік ведамства. — Што датычыцца ўзроўню цэн, то бульба свежая з 15 лістапада 2025 года прадстаўлена да продажу па цане Br1,07, капуста белакачанная па цане Br1,62, морква свежая — Br1,35, буракі свежыя — Br1,17, цыбуля рэпчатая — Br1,68, яблыкі свежыя — Br4,8».