Top.Mail.Ru

Колькі чалавек выпусцяцца са школ Брэсцкай вобласці сёлета

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Савіч расказала, колькі чалавек выпусцяцца са школ Брэсцкай вобласці сёлета, паведамляе БелТА.


Брэсцкая вобласць — лідар па колькасці выпускнікоў 9-11-х класаў, адзначыла Таццяна Савіч. «На ўзроўні 11-га класа ў Брэсцкай вобласці заканчваюць школу амаль 10 тыс. чалавек. На ўзроўні 9-га класа школу заканчваюць 16,5 тыс. чалавек», — прывяла яна лічбы.

Пры гэтым у вобласці на ўзроўні 11-га класа 800 чалавек прэтэндуюць на атрыманне залатога медаля і атэстата асаблівага ўзору. Сярод іх — 35 пераможцаў заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды. «Больш за 1,5 тыс. выпускнікоў — гэта навучэнцы класаў прафесійнай накіраванасці, гэта значыць яны ўжо ведаюць, куды пойдуць. Сярод нашых выпускнікоў сёння 173 пераможцы абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды, якія могуць без экзаменаў пайсці ў нашы ВНУ. Яны могуць ісці на педагагічныя спецыяльнасці, у тым ліку ў ВНУ горада Мінска і іншых абласцей па пераліку, вызначанаму Міністэрствам адукацыі», — растлумачыла яна.

Начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў удакладніў, што опцыя паступлення без экзаменаў у ВНУ даступна выпускнікам не толькі па педагагічных напрамках, але і ў цэлым па найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях — у Беларусі іх 69. Акрамя таго, гэтай магчымасцю могуць скарыстацца не толькі пераможцы абласных алімпіяд, але выпускнікі, якія скончылі школу з залатым медалём або каледжы з чырвоным дыпломам.

«Катэгорыя адораных і матываваных абітурыентаў, якія могуць паступіць на гэтыя спецыяльнасці, шырокая. Гэта запатрабаваныя прафесіі нашай эканомікай — педагагічныя спецыяльнасці, вялікая колькасць інжынерных спецыяльнасцей, спецыяльнасці для аграпрамысловага комплексу. У такіх спецыялістах маюць патрэбу як універсітэты, так і эканоміка», — заўважыў Сяргей Пішчоў.

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю