Top.Mail.Ru
267

Колькі каштуе паляванне на мядзведзя і рысь, расказалі ў БТПР

Колькі ў Беларусі каштуе паляванне на мядзведзя і рысь і якія першыя вынікі, расказаў начальнік упраўлення палявання, рыбалоўства і турызму Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) Сяргей Цэбрук, паведамляе БелТА.


Паляванне на мядзведзя дазволена ў краіне з 1 ліпеня ў пэўных раёнах з высокай шчыльнасцю звера. Ужо здабыта 17 асобін. Праводзяцца розыгрышы права палявання. «На сённяшні дзень у рамках розыгрышу, які мы праводзілі, здабыць мядзведзя можна было за тысячу рублёў. Плюс выхад на паляванне — Br40», — сказаў Сяргей Цэбрук.

Сезон палявання на рысь адкрыты ўпершыню з 1 кастрычніка. «Пару тыдняў таму ў нашай гаспадарцы на Шаркаўшчыне здабыта першая рысь, якая афіцыйна здабыта на тэрыторыі Беларусі за апошнія гады. І зараз дзве: адна ў Глыбоцкім, адна — у Гомельскім. Да 31 студзеня 2026 года ў нас яшчэ ёсць час арганізаваць паляванне на гэты від. На сёння ў нас 55 асобін на паляванне. Для беларускіх грамадзян кошт трафея складае Br300», — расказаў Сяргей Цэбрук.

Таксама ён растлумачыў, чаму ў Беларусі дазволілі паляваць на мядзведзя і рысь. Паводле слоў спецыяліста, за апошнія гады іх колькасць узрасла, паступалі трывожныя сігналы аб уроне паляўнічай гаспадарцы, што запатрабавала прыняцця рашэння аб рэгуляванні. Былі ўнесены змяненні ў правілы палявання, дапоўнены пералік відаў, якія нарміруюцца. Але гэта не значыць, што ўсюды можна паляваць на рысь і мядзведзя. Здабыча не можа перавышаць 10 % ад разліковай колькасці папуляцыі на дадзенай тэрыторыі. 

«У гэтым годзе на здабычу менавіта ў Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў усяго 26 асобін мядзведзя і 55 асобін рысі. План узяты ў чатырох абласцях, а мядзведзя здабываем у дзвюх — Мінскай і Віцебскай, у сямі раёнах», — дадаў спецыяліст.

Паводле слоў Сяргея Цэбрука, ёсць і іншыя віды жывёл (напрыклад, барсук), якія дастаткова часта сустракаюцца ў краіне. «У нас ёсць птушкі, якія занесены ў Чырвоную кнігу, але папуляцыя іх настолькі вырасла, што яны часцей сустракаюцца, чым паляўнічыя віды. Таму ёсць пэўны пералік відаў, якія, у прынцыпе, у далейшым можна было б вывесці ў паляўнічыя, але над гэтым пакуль яшчэ вядзецца работа. Напрыклад, колькасць ваўка пастаянна рэгулюецца, і праблем тут менш за ўсё, а мядзведзь і рысь былі занесены ў Чырвоную кнігу і былі пад аховай», — дадаў Сяргей Цэбрук. 

Як паведамлялася, БТПР — самы буйны паляўнічы карыстальнік на тэрыторыі краіны, які займае 64 % ад агульнай плошчы ўгоддзяў у Беларусі. Першачарговай задачай аб’яднання з’яўляецца прадастаўленне паслуг для членаў БААР і грамадзян краіны.

Чытайце таксама: Лістапад праходзіць у Беларусі пад знакам паляўнічага турызму

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю