Навіны пра жорсткае абыходжанне з мігрантамі ў Польшчы, Літве і Латвіі рэгулярна з’яўляюцца ў інфармацыйнай прасторы. Людзей, якія бягуць з краін, разбураных войнамі, або спрабуюць уз’яднацца з роднымі ў Еўрасаюзе, збіваюць, падвяргаюць катаванням або зусім забіваюць. Пасля гэтага бежанцаў гвалтоўна выдвараюць у Беларусь або выкідваюць на нашу тэрыторыю іх целы. У лістападзе 2021 года Следчым камітэтам узбуджана першая крымінальная справа ў дачыненні да польскіх службовых асоб па факце жорсткасці ў адносінах да мігрантаў. Праз два гады аналагічныя крымінальныя справы завялі на службовых асоб Літвы і Латвіі. Намеснік начальніка ўпраўлення па расследаванні злачынстваў супраць асобы і грамадскай бяспекі Галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Аляксандр Рудзько расказаў пра тое, як ідзе расследаванне гэтых крымінальных спраў.
— Першая крымінальная справа ў дачыненні да службовых асоб Польшчы па факце жорсткасці да мігрантаў была распачата яшчэ ў 2021 годзе. Што змянілася за гэты час?
— Па факце незаконных дзеянняў у дачыненні да мігрантаў у нас распачатыя тры крымінальныя справы. Адна з іх расследуецца з 2021 года — гэта крымінальная справа ў адносінах да службовых асоб Польшчы. Яшчэ дзве крымінальныя справы расследуюцца з 2023-га — гэта крымінальныя справы ў дачыненні да літоўскіх і латвійскіх службовых асоб. Гаворка ідзе аб незаконных дзеяннях у адносінах да мігрантаў, а менавіта: прымяненне гвалту, парушэнне іх правоў, пакіданне людзей у небяспецы і гэтак далей.
Мы гаворым пра акты жорсткасці і парушэнні правоў людзей, якія ішлі транзітам праз Беларусь у краіны Еўрасаюза. Трэба сказаць, што ў нашу краіну гэтыя людзі прыбылі цалкам законна. Хтосьці прыехаў на вучобу, хтосьці — з турыстычнымі мэтамі... Людзі знаходзяцца на законных падставах у нашай краіне і далейшы шлях руху выбіраюць самі.
Да таго ж еўрапейскія дзяржавы адмовіліся ад фінансавання праектаў, якія павінны былі забяспечваць бяспеку на граніцы, у тым ліку блакіраваць далейшае перамяшчэнне гэтых людзей у Еўропу.
— Колькі чалавек лічацца пацярпелымі па крымінальных справах у дачыненні да службовых асоб Польшчы, Літвы і Латвіі?
— Пацярпелымі па крымінальных справах у дачыненні да службовых асоб Польшчы з’яўляюцца 223 чалавекі, з іх 18 — загінулі. Па крымінальнай справе ў адносінах да латвійскіх службовых асоб пацярпелымі прызнаныя 83, з іх 25 — загінулі. З літоўскага боку ў нас 36 пацярпелых, з якіх 12 — загінулі. Такім чынам, па трох крымінальных справах пацярпелымі прызнаныя 342 чалавекі.
З 2021 года да цяперашняга часу мы акумуліруем інфармацыю аб новых фактах жорсткага абыходжання з мігрантамі. Такім чынам, збіраецца доказная база, якая далучаецца да матэрыялаў крымінальнай справы па адпаведных кірунках.
— Чаму ў большасці выпадкаў гінуць уцекачы ў пагранічных зонах сумежных з Беларуссю краін?
— Калі казаць пра зімовы перыяд, то асноўная прычына смерці — гэта пераахаладжэнне. Але бывае і так, што людзі гінуць ад цялесных пашкоджанняў і сур’ёзных траўм. У межах крымінальнай справы ёсць эпізод, дзе чалавеку была зламаная скулавая косць. Па ім стралялі гумовымі кулямі, адна з якіх трапіла ў вобласць твару. Мужчыну шпіталізавалі і аказалі яму ўсю неабходную дапамогу.
Адзін з нядаўніх выпадкаў — забойства замежнага грамадзяніна ў Латвіі. Цела мужчыны пад пагрозай гвалту вынеслі на беларускую тэрыторыю яго суайчыннікі. Было ўстаноўлена, што ўцекачы практычна адразу звярнуліся па дапамогу, а іх суайчыннік ужо быў без прыкмет жыцця. Ён памёр на латвійскім баку. Суайчыннікі прасілі аказаць яму дапамогу, але іх просьбы былі праігнараваны латышамі. Узбуджана крымінальная справа па факце забойства.
Быў і такі выпадак, калі двух мужчын з пераламанымі нагамі выкінулі на нашу тэрыторыю. З імі была сям’я, якая прыйшла іх сустракаць на граніцы. У членаў іх сям’і быў від на жыхарства ў Германіі, але і іх таксама выправадзілі ў Беларусь.
Казаць аб тым, што гэта проста абарона дзяржаўнай граніцы, не выпадае. Людзей цкуюць сабакамі, пагражаюць зброяй, ужываюць сілу. Выкарыстоўваюць і такі метад, як неаказанне медыцынскай дапамогі. Ёсць людзі, якія маюць патрэбу ў пэўных прэпаратах, — напрыклад, інсуліне. Але просьбы пра гэта ігнаруюцца і часам даходзіць да таго, што чалавек памірае.
— Напэўна, вы нейкім чынам пацвярджаеце, што чалавек сапраўды знаходзіўся ў сумежнай краіне і быў выправаджаны на нашу тэрыторыю.
— Ёсць доказы, якія пацвярджаюць факт знаходжання чалавека ў Польшчы, Літве ці Латвіі. Хоць еўрапейскія сілавікі і спрабуюць знішчыць такія доказы. Напрыклад, разбіваюць тэлефоны, каб людзі не маглі пацвердзіць сваё знаходжанне ў Польшчы, Літве ці Латвіі. Але па запытах да сотавых аператараў мы бачым, што чалавек знаходзіўся ў зоне дзеяння роўмінгу. Гэта сведчыць, што граніца сапраўды перасякалася.
Акрамя таго, забіраючы ў чалавека тэлефон, яго наўмысна пакідаюць у небяспецы. Калі гэта адбываецца зімой, а чалавек знаходзіцца ў лесе, ён проста не можа выклікаць дапамогу. Некаторыя гінуць ад холаду. Некаму ўдаецца выйсці да якой-небудзь вёскі, дзе мясцовыя жыхары могуць іх накарміць і абагрэць.
Бываюць і іншыя доказы знаходжання мігрантаў у сумежных краінах. Следчыя, якія выбываюць на месца здарэння, асаблівую ўвагу аддаюць пошуку такіх доказаў. Гэта можа быць маркіроўка на прадуктах харчавання, медыцынскія прэпараты, якія можна набыць толькі за мяжой, замежная валюта.
— Гэта значыць людзей збіваюць проста на граніцы, пасля чаго выштурхваюць да нас?
— Паказанні пацярпелых сведчаць, што ў сумежных дзяржавах сфарміраваныя фільтрацыйныя пункты. Ёсць канкрэтныя эпізоды, калі людзі праз іх праходзілі. У гэтых фільтрацыйных пунктах людзей збівалі, катавалі, адбіралі грошы і тэлефоны. І людзі, якія прайшлі праз гэтыя фільтрацыйныя пункты, паказваюць на прыналежнасць службовых асоб да пэўных структур і спецслужбаў. У прыватнасці, мігранты распавядалі пра людзей з шаўронамі латвійскага спецпадраздзялення Sіgma.
Кагосьці вязуць у гэтыя фільтрацыйныя пункты, кагосьці адразу выкідваюць на нашу тэрыторыю. Збіваюць, забіраюць тэлефоны і грошы... Зноў жа, мы разумеем, што грошы забіраюць для асабістых патрэб. Дакументаў аб канфіскацыі ні ў каго на руках няма. А людзі, як правіла, едуць у Еўрасаюз не з пустымі рукамі. Так, у кагосьці можа быць 100 або 200 еўра, а ў кагосьці — і некалькі тысяч.
— Як на такія факты рэагуе Захад, тыя ж краіны Еўрасаюза?
— На базе цэнтральнага апарату Следчага камітэта праходзіла сустрэча са спецдакладчыкам ААН па правах чалавека. Яму былі прадастаўлены матэрыялы крымінальнай справы, доказная база. Усё гэта ён атрымаў на рукі. Але ніякай рэакцыі ад ААН не было.
Калі казаць пра супрацоўніцтва з сумежнымі краінамі, то яно фактычна зведзена да нуля. Там проста ігнаруюць любыя просьбы аб прававой дапамозе.
— А сваякі загінулых або пацярпелых ад рук еўрапейскіх сілавікоў звяртаюцца па дапамогу?
— Так, і мы можам сказаць, што абнародаванне фактаў жорсткасці да бежанцаў у гэтым сэнсе дае свой плён. Хтосьці можа апазнаць сваяка па фота, хтосьці па відэа... У нас ёсць нявысветленыя пацярпелыя, у якіх не было дакументаў. І людзі, праглядаючы СМІ, часам могуць пазнаць блізкага чалавека і звярнуцца да нас.
Звяртаюцца ў тым ліку з просьбамі выдаць целы загінулых сваякоў. Тут ужо падключаецца МЗС, які ўзаемадзейнічае з тымі дзяржавамі, адкуль да нас паступаюць такія просьбы. Узаемадзеянне з МЗС і дзяржавамі, з якіх гэтыя людзі прыехалі, практычна стапрацэнтнае. І наша краіна, у адрозненне ад Польшчы, Літвы ці Латвіі, узаемадзейнічае з усімі.
Паводле БелТА