У навагоднюю ноч у Беларусі адбылося шэсць пажараў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі расказаў намеснік начальніка ўпраўлення аварыйна-выратавальных службаў і аб’ектавых падраздзяленняў галоўнага ўпраўлення аварыйна-выратавальных службаў і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС Ягор Нікіценка, перадае БелТА.
«У рамках падрыхтоўкі і правядзення навагодніх мерапрыемстваў Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях загадзя быў праведзены комплекс мер, які ўключае ў сябе работу па прафілактыцы ўзнікнення надзвычайных сітуацый і аператыўным рэагаванні на іх. Пры правядзенні навагодніх мерапрыемстваў усе органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях неслі службу ва ўзмоцненым варыянце. Усяго на дзяжурстве было задзейнічана каля 3,9 тыс. работнікаў. У месцах правядзення святочных мерапрыемстваў з масавым удзелам грамадзян, якія праводзяцца ў сталіцы і іншых гарадах краіны, работнікамі ведамства быў рэалізаваны кантроль за забеспячэннем пажарнай бяспекі. У названых месцах якіх-небудзь здарэнняў не зарэгістравана», — сказаў Ягор Нікіценка.
У навагоднюю ноч з 0.00 да 6.00 1 студзеня ў Беларусі адбылося шэсць пажараў, пры якіх загінуў адзін чалавек, траўміраваных няма. «Па лініях 101 і 112 паступіла 295 паведамленняў. Усе яны былі аператыўна адпрацаваныя ратавальнікамі. Усяго ў перыяд навагодніх святаў з 31 снежня па 5 студзеня ў краіне адбылося 113 пажараў, пры якіх загінулі 17 чалавек, траўмаваныя яшчэ шэсць. На вадаёмах краіны патанулі чатыры чалавекі, адзін быў выратаваны. З прычыны парушэння правілаў выкарыстання піратэхнічных вырабаў адбылося тры няшчасныя выпадкі, у выніку якіх траўмаваныя тры чалавекі. На шчасце, дзіцячага траўматызму не дапушчана», — адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення.
Ён таксама падкрэсліў, што органы і падраздзяленні МНС гатовыя да выканання задач па папярэджанні ўзнікнення надзвычайных сітуацый і аператыўным рэагаванні на іх падчас мерапрыемстваў, якія плануюцца на праваслаўнае Раство.