Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Андрэй Булаўкін расказаў БелТА, колькі плошчаў плануюць засеяць сёлета ў Віцебскай вобласці.
Віцебская вобласць цалкам сфарміравала структуру пасяўных плошчаў. «Веснавая сяўба плануецца на плошчы крыху больш за 300 тыс. га, з іх раннія збожжавыя культуры — 114 тыс. га, яравыя крыжакветныя — 20 тыс. га. Акрамя таго, лён — па агульнарэспубліканскіх паказчыках мы займаем першае месца з плошчай больш за 11 тыс. га. Кукуруза — прыкладна 136 тыс. га», — прывёў лічбы Андрэй Булаўкін.
У вобласці ў гэтым годзе таксама робяць стаўку на кукурузу на зерне. «Павялічваем яе плошчы практычна ў тры разы — даводзім да 30 тыс. га. Адпаведна разлічваем на ўраджай не ніжэй за ўзровень мінулага года. Летась Віцебшчына разам з рапсам сабрала больш за 1 млн т збожжа. І сёлета плануем не менш», — адзначыў ён.
Умовы надвор’я ўносяць свае карэктывы. «У нашых умовах большы ўраджай даюць азімыя збожжавыя, яравыя, вядома, менш ураджайныя, але кукуруза ў апошнія гады досыць нядрэнна ўдаецца ў Віцебскай вобласці. Калі не браць мінулы год (ён быў трошкі нетыповы з-за лішку вільгаці), то 2024 год паказаў ураджайнасць кукурузы на зерне практычна 90 ц/га. У паспяховых гаспадарках — больш за 120 ц/га. Бачым недахоп канцэнтратаў для жывёлагадоўлі, таму і нарошчваем плошчу кукурузы на зерне да 30 тыс. га. Абкатаем тэхналогію ў гэтым і наступным годзе, калі ўсё будзе атрымлівацца, то ў перспектыве пяцігодкі плануем павялічыць пасевы кукурузы на зерне да 60 тыс. га», — расказаў старшыня камітэта.