Падрыхтоўка да новага навучальнага года ў поўным разгары. Мяркуючы па чатах у сацсетках, сабраць дзіця ў школу — выпрабаванне яшчэ тое. Некаторыя абураюцца цэнамі, маўляў, можа не хапіць і тысячы беларускіх рублёў! А як яно ёсць на самай справе, карэспандэнт «Звязды» вырашыла высветліць на школьным рынку, які разгарнуўся на Пушкінскім праспекце ў Магілёве.
Мінадукацыі раіць...
Перад тым як ісці вывучаць рыначныя цэны і асартымент, паманіторыла сайт профільнага міністэрства. Дарэчы, вельмі добры гід у выбары пакупак. Ёсць спісы ўсяго неабходнага асобна па класах і нават рэкамендацыі, дзе шукаць — на школьным рынку, у гандлёвых цэнтрах і на маркетплэйсах.
У дапамогу бацькам — каталог школьнага адзення з мадэлямі айчыннага легпрама. Апісваецца нават, з якой тканіны яно шыецца
У «мінімальны пералік асноўных тавараў» для вучняў, напрыклад, першага класа Мін-адукацыі ўключыла спадніцу, штаны, блузку, кашулю, жакет, пінжак, сарафан, сукенку, гольф, джэмпер, спартыўную форму. З абутку спатрэбяцца туфлі і чаравікі, а таксама спартыўны варыянт для заняткаў на вуліцы.

Тут жа ёсць падрабязны спіс школьных прылад з дакладнасцю да сшытка і алоўка. Нават з указаннем памераў вокладак. Дзённік спатрэбіцца толькі пачынаючы з 3-га класа, і Мінадукацыі таксама размясціла на сайце яго ўзоры для ўсіх класаў. Так што можна загадзя зверыцца, каб пасля не дэманстраваць сваю недасведчанасць у сацсетках. Маўляў, былі ў Расіі, купілі альтэрнатыўны дзённік, а ў школе патрабуюць беларускага ўзору.
Купляем канцылярку
У будны дзень на рынку людзей няшмат, прадаўцы ахвотна дзеляцца інфармацыяй — як-ніяк бясплатная рэклама. У тых жа сацсетках вычытала, што даражэй за ўсё абыходзіцца сабраць у школу першакласніка, бо для яго ўсё трэба купляць упершыню. У астатніх, магчыма, нешта засталося з мінулага года.
Прадавец канцтавараў Аляксандр лічыць, што набор для першакласніка асабіста ў яго каштуе менш за ўсё — каля 50 рублёў. І туды ўваходзяць усе неабходныя рэчы, рэкамендаваныя Мінадукацыяй, пачынаючы ад сшыткаў і заканчваючы пеналам.
— Самы дарагі клас — гэта сёмы, — кажа ён. — Толькі за вучэбныя дапаможнікі для яго трэба аддаць 120-130 рублёў. Але гэта толькі таму, што з’яўляецца шмат новых прадметаў.
Што датычыцца канцтавараў, то на іх у сярэднім можна патраціць ад 50 да 140 рублёў. Некаторыя закупляюцца па поўнай ледзь не на год. Сказаць, што тавар дарагі, язык не паварочваецца. Сярэдні кошт ручак — ад 50 капеек да 2,5 рубля, алоўка — 50-70 капеек, 20-сантыметровай лінейкі — 1,2 рубля, альбома для малявання — 4-6 рублёў, акварэльных фарбаў — 4,5-7 рублёў.
Дарэчы, вокладкі на падручнікі на школьным рынку прадаюцца ўжо спецыяльна падабраныя пад той ці іншы клас. Што вельмі зручна, бо, калі выбіраць, арыентуючыся выключна на цану, можна памыліцца з памерам. І гэта будуць ужо выкінутыя грошы.
Заплечнік з сакрэтам
Прадавец Кацярына спецыялізуецца на рукзаках. Варыянт для пачатковай школы абыдзецца ў 40-135 рублёў, для школьнікаў 5-8-х класаў — 45-95 рублёў, для дарослых вучняў — 45-100. На погляд суразмоўніцы, цэны на тавар ужо другі год не мяняюцца, а некаторыя мадэлі ўвогуле сталі больш таннымі.
— Я заўсёды раю тое, што сама б набыла для свайго дзіцяці, — сцвярджае яна. — Калі бачу, што прыйшлі людзі непадрыхтаваныя, пытаюся ў іх пра рост і вагу падлетка. Гэта вельмі важна, інакш можна нанесці шкоду яго здароўю.
Маладая жанчына якраз падабрала заплечнік для сына, які пойдзе ў 6-ы клас. Таварам засталіся задаволеныя. Ёсць усё неабходнае, нават «ножкі». Прызналася, што асабіста ёй сабраць сына ў школу нядорага, цэны прымальныя.

Знаёмлюся з Мікалаем і Ганнай, якія прыйшлі за пакупкамі для сына-сямікласніка. Некаторыя рэчы засталіся з мінулага года, напрыклад, рукзак. Штаны купілі за
100 рублёў, кашулю — за 60.
— Мы выключна тут атаварваемся, цэны ўсюды аднолькавыя, — сведчыць Ганна. — А тут і зніжкі бываюць, падарункі даюць. Напрыклад, ручку. Дробязь, а прыемна.
У суседняй палатцы таксама рукзакі і мяшкі для зменкі. Краіны паходжання тавараў — Беларусь, Расія, Кітай. Цэны стартуюць ад 35 рублёў, а сярэдняя на дабротны рукзак — 60 рублёў. Самы дарагі экземпляр з малюнкам 3-D каштуе 125 рублёў. Але з ім у камплекце ідуць мяшок для зменкі, пенал, папка, кашалёк, канцтавары — тры ручкі, два алоўкі, гумка, лінейка.
Прадаўцы са школьнага рынку скептычна ацэньваюць якасць тавару ў аптовых сеткавікоў, якія збіваюць цану да мінімуму. Маўляў, хопіць яго ненадоўга. Непрадузята ацаніць тавар, які на выгляд, здаецца, дарагі, а па цане танны, дапамогуць улёткі ад санэпідэмстанцыі. Іх можна ўбачыць на палатках прадаўцоў. Шпаргалка сапраўды карысная.
Звяртаю ўвагу на аб’яву, дзе прапануюць купляць усё беларускае. Прадпрымальнік Юрый — чалавек з вопытам, ён наладзіў вытворчасць пеналаў і мяшкоў для зменкі. Кажа, што нават сур’ёзныя вытворцы не заўсёды ўгадваюць з памерамі. Ды і часам робяць з таннага, але няякаснага матэрыялу. Юрый вырашыў закрыць гэты прабел. У якасці матэрыялу выкарыстоўвае тканіну магілёўскага вытворцы — прадпрыемства «Магатэкс». Тавар пашыты з веданнем справы і памераў — як канцтавараў, так і абутку. І кошт разумны — 10 і 10-15 рублёў адпаведна.
У стылі аверсайз
Для модніц на школьным рынку вялікі выбар адзення, у тым ліку запатрабаваныя штаны-палаца і кашулі аверсайз. Вочы разбягаюцца не толькі ў мяне. Прадавец Аксана кажа, што менавіта на гэтыя мадэлі сёння павышаны попыт. Па яе словах, цэны на тавар другі год не падымаліся. Акрамя тавару беларускага і расійскага паходжання ёсць кіргізскі. Штаны для дзяўчат каштуюць ад 45 да 65 рублёў, блузкі — ад 25 да 55 рублёў. Зніжкі абяцаюць у апошні тыдзень жніўня.
Цалкам касцюмы для школьнікаў купляюць рэдка — у асноўным для хлопчыкаў-першакласнікаў і выпускнікоў. Сярэдняя цана — 220 рублёў. Пінжак асобна каштуе больш за 100 рублёў, але па акцыі можна знайсці і за 70.

Абутак прапануюць ад 32 да 46-га памеру, са штучнага матэрыялу — па цане ад 20 рублёў да 90, з натуральнай скуры — да 170. Дзяўчаты, дарэчы, усё часцей аддаюць перавагу красоўкам, а не туфлям. Мадэлі спрэс расійскія і беларускія, цана таксама леташняя.
Падсумуем
Па маіх разліках, каб сабраць партфель і апрануць школьніка на школьным базары ў Магілёве, дастаткова будзе 400-500 беларускіх рублёў. Прычым асабліва ні ў чым сабе не адмаўляючы. Наогул, асартымент на школьным рынку шырокі, разлічаны на любы кашалёк. За тым, каб была паўната памерных радоў, адпаведнасць адзення ўстаноўленай каляровай гаме і не ствараўся дэфіцыт іншых тавараў на школьных рынках, назіраюць маніторынгавыя групы з удзелам прадстаўнікоў сістэмы адукацыі і грамадскасці. Ну а да паслуг тых, хто збіраецца эканоміць, ёсць аптовыя сеткавікі, а таксама рэсэйл (другасны рынак), у тым ліку на інтэрнэт-платформах. Дарэчы, на Захадзе гэта вельмі папулярны варыянт папаўнення гардэробу.