Top.Mail.Ru

Колькі смакаў у куліча, расказалі на сталічным хлебазаводзе № 3

Больш за 80 найменняў адмысловай прадукцыі прапануе пакупнікам «Мінскхлебпрам» да Вялікадня. У цэхах прадпрыемстваў КУП «Мінскхлебпрам» выпякаюць смачную прадукцыю. Гандлёвая сетка ўжо прапануе пакупнікам да свята кулічы рознага памеру з дражджавога, тварожнага, іншых відаў цеста, велікодныя кексы і пернікі рознага аздаблення і вагі. Як гатуюць галоўны сімвал велікоднага стала ў прамысловых маштабах і наколькі тэхналогія адрозніваецца ад традыцыйнай? Каб даведацца пра гэта, мы адправіліся на сталічны хлебазавод № 3.


На любы густ

— Усяго прадпрыемствы «Мінскхлебпрама» вырабяць каля 150 тон велікоднай прадукцыі. Задача нашага завода — забяспечыць выпуск 46,5 тоны святочнай прадукцыі, амаль трэць ад агульнага задання, — распавядае дырэктар Мінскага хлебазавода № 3 Генадзь Жытко. — І мы заданне выканаем: магутнасці дазваляюць, а калектыў накіраваны на плённую працу.


Сёння на прадпрыемстве на велікодную прадукцыю працуюць тры цэхі, у кожнага — свая спецыялізацыя: дражджавое, тварожнае, бісквітнае, іншыя віды цеста, велікодныя кексы і пернікі, рознае начынне і афармленне. Разнастайнасць велікоднай прадукцыі сёлета сапраўды на любы густ: з разынкамі, тварагом, макам, арэхамі, чорным і белым шакаладам, згушчаным малаком, рознымі джэмамі...

Як паказвае практыка, попытам карыстаецца разнастайная велікодная прадукцыя, пакупнікі маюць розныя перавагі. І сваю задачу хлебапёкі бачаць у тым, каб задаволіць любы пакупніцкі запыт, кажа Генадзь Жытко. Напрыклад, хлебазавод № 3 ужо не першы год супрацоўнічае са Свята-Елісавецінскім манастыром, які замаўляе да Вялікадня каля 10 тон прадукцыі: не толькі кулічы, але і кексы, пернікі для асвяшчэння. Толькі ў сваёй фірменнай краме прадпрыемства плануе прадаць яе больш за 5 тон: велікодныя пірагі людзі ахвотна купляюць і на Радаўніцу.

«Як дома», але ў прамысловых маштабах

— Больш за ўсё выпякаем класічныя кулічы з разынкамі, іх любяць усе, — тлумачыць начальнік сухамучністага цэха Наталля Віцько. — Велікодныя кексы пячом у рознай развагоўцы — ад 200 да 700 грам.

Нягледзячы на разнастайнасць прысмакаў, штогод да Вялікадня на прадпрыемствах «Мінскхлебпрама» распрацоўваюцца новыя віды святочнай прадукцыі, кажа суразмоўніца. Да прыкладу, у гэтыя красавіцкія дні хлебазавод № 3 парадуе спажыўцоў велікодным кексам з тварагом і журавінамі.


— Велікодная выпечка — велізарная адказнасць, — падкрэслівае начальнік цэха. — Бо мы нясём свята ў кожны дом і хочам падарыць людзям добры настрой.

Сёння гаспадыні рэдка пякуць кулічы, звычайна купляюць, кажа яна. 

І гэта зразумела: з аднаго боку, набыць гатовы куліч часам танней, чым купіць прадукты і выпякаць яго самастойна (да таго ж выпечка дома можа і не атрымацца). З другога — дома наогул так не спячэш:

— У нас асаблівыя печы: сучаснае абсталяванне дазваляе дамагчыся максімальна раўнамернага прапякання, — тлумачыць спецыяліст. — 


А тэхналогія стварэння велікоднай выпечкі — блізкая да класічнай, хатняй. Проста тут яна ў прамысловых маштабах, а дома мы рабілі б тое ж самае «на шклянку малака». Усе інгрэдыенты ў нас натуральныя, ніякай «хіміі». Памятаю, як бабуля пякла велікодныя булкі з разынкамі і макам. Такі ж смак і ў нашага макавага велікоднага кекса.

Адказная праца

Хлебапёкі перакананы: велікодная выпечка павінна быць не толькі прыгожай, але і смачнай, а значыць, толькі з высакаякасных, натуральных інгрэдыентаў. Плюс кантроль якасці на кожным этапе, цяпло рук і душы, бо цеста адчувае настрой пекара.

— Каб цеста атрымалася, патрэбныя душа, настрой, — падкрэслівае цеставод Рыта Бурая. — Трэба любіць сваю працу, інакш нічога не атрымаецца.

Нягледзячы на высокатэхналагічныя лініі, разліваюць у формы цеста, упрыгожваюць кулічы, пернікі і іншую велікодную (і не толькі) выпечку ўручную — бо гэта хлеб, і тут без цяпла чалавечых рук ніяк. Канкурэнцыя ў кандытарскай галіне велізарная, і кожнае прадпрыемства шукае, чым бы «зачапіць» пакупніка. Адна з «фішак» хлебазавода № 3 — менавіта афармленне: у прадпрыемства ёсць, скажам так, «уласны почырк», вядомы спажыўцам, распавялі маладыя спецыялісты. А моладзі тут сапраўды шмат. У асноўным, зразумела, дзяўчыны. Але ёсць і хлопцы.

— Мне заўсёды падабалася харчовая прамысловасць, хацеў працаваць у гэтай галіне з дзяцінства, — распавядае кандытар Мікіта Мезаненка. — Меркаваў стаць поварам, але потым выбраў кандытарскую вытворчасць. Дэсерты і выпечку любяць усе. Харчовая прамысловасць — вельмі адказная сфера, надзвычай важная работа, дзе неабходны пастаянны кантроль якасці на ўсіх стадыях.


Радасць і добры настрой

Тварожная пасха — яшчэ адна традыцыйная страва святочнага стала. Гатаваць яе — справа няпростая. Але сёння пасху можна проста купіць: у асартыменце велікоднай прадукцыі «Мінскхлебпрама» ёсць і гэта пазіцыя, прычым у розных варыянтах. Ствараецца такая прадукцыя і на хлебазаводзе № 3.

— Некаторыя кажуць: «кандытарка» ўжо не ў модзе, — распавядае пекар-майстар Юлія Канапелька. — Але гэта не так: пакупніцкі попыт сведчыць аб тым, што ў Беларусі па-ранейшаму любяць салодкае, выпечку. Людзі ахвотна купляюць і нашы тарты, і іншую кандытарскую прадукцыю — да свят і без нагоды, проста каб парадаваць сябе. Вядома, набываюць велікодную выпечку. А каб заставацца ў форме, трэба не ленавацца і ўдзяляць час фізічнай актыўнасці. Я не адмаўляю сабе ў салодкім, але не забываю пра спорт. Гуляю ў валейбол за наш завод і нават ездзіла гуляць за «Мінскхлебпрам» на рэспубліку. Так што не варта адмаўляць сабе ў прысмаках, асабліва на Вялікдзень, гэта абавязкова прынясе ў ваш дом радасць!

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю