Top.Mail.Ru

Колькі сёлета каштуе сабраць дзіця ў школу і які асартымент прапануе гандаль

Карэспандэнты «Звязды» накіраваліся ў сталічны ўнівермаг і даведаліся, які тут асартымент і колькі сёлета каштуе сабраць дзіця ў школу.


Мінула палова лета, значыць, бацькі з дзеткамі ўжо пачынаюць паціху выбірацца за пакупкамі да школы. Самы ажыятаж на школьных кірмашах пачнецца з сярэдзіны жніўня, але некаторыя бацькі і школьнікі спакойна і без чэргаў рыхтуюцца ўжо цяпер. Працэс гэты па традыцыі стартуе з выбару адзення і абутку, следам — канцылярыя і іншыя неабходныя прыналежнасці. Карэспандэнты «Звязды» днямі адправіліся ў сталічны ЦУМ і даведаліся, што сёлета тут прапануюць у дзіцячым аддзеле і пачым.

Звыш 800 мадэляў адзення

Вядучы таваравед ААТ «ЦУМ МІНСК» Анастасія МУРАЧ расказала, што традыцыйная школьная пара пачынаецца ва ўнівермагу з сярэдзіны ліпеня. «Але рыхтуемся да яе мы, вядома, загадзя — прыкладна з пачатку месяца. Гандлёвая зала дзеліцца асобна на школьнае адзенне для дзяўчынак і хлопчыкаў. Для прадстаўніц прыгожага полу асартымент вельмі шырокі: блузкі, джэмперы-пола, вадалазкі, спадніцы, шорты, камбінацыі, сарафаны, сукенкі... Дапоўніць вобраз можна аксесуарамі, якія ў нас таксама прадстаўлены», — пералічвае таваравед.


У хлопчыкаў выбар больш сціплы, але ён ёсць, падкрэслівае Анастасія. «Касцюмы, асобна пінжакі або камізэлькі, штаны класічныя, трыкатажныя або чынасы, кашулі... Папулярны цяпер сярод хлапчукоў джэмпер-пола. Вядома, у наяўнасці гальштукі».

Выбар колераў традыцыйны: на першым месцы — сіні або блакітны, на другім — чорны, прадстаўлены таксама і бардовы.

«У асноўным мы працуем з канцэрнам „Беллегпрам“. Сёлета яны падрыхтавалі звыш 800 мадэляў», — адзначыла Анастасія Мурач.

Са слоў гандлёвага работніка, прыглядацца да школьных тавараў наведвальнікі ўнівермага сталі яшчэ з пачатку ліпеня. Шмат гасцей сталіцы, якія прыязджаюць у Мінск на выхадныя, заходзяць, каб набыць школьную форму, хоць да пачатку навучальнага года яшчэ застаецца шмат часу. Бацькі не баяцца браць на размер большую, каб не прыйшлося ехаць па магазінах двойчы.

«Вядома, асноўны паток пакупнікоў прыбывае ў сярэдзіне жніўня. Ёсць і тыя, хто рыхтуе сваіх школьнікаў у апошні дзень лета, 31-га. Асартымент пры гэтым застаецца добрым», — супакоіла нас вядучы таваравед.


Пры абслугоўванні пакупнікоў Анастасія раіць ім разлічваць адзенне прыкладна на паўгоддзе, таму што дзеці вельмі хутка растуць. Зношваюцца, па яе словах, часцей за ўсё штаны і кашулі.

«Калі рэкамендаваць па колькасці, то, на мой погляд, варта купіць дзве пары штаноў, дзве кашулі: для ўрачыстых выпадкаў і звычайную. Можна набыць яшчэ джэмпер-падманку альбо вадалазку на змену, калі гэта дазволена ўстановай адукацыі. Блузкі таксама можна купіць дзве: на свята і для звычайных будняў. Не будзе лішнім у гардэробе дзіцяці джэмпер-пола. Дзяўчынкам яшчэ, вядома, патрэбна як мінімум адна спадніца або сукенка», — падзялілася меркаваннем Анастасія Мурач.

Не забыліся мы спытаць і пра спартыўную форму, без якой не абысціся на ўроках фізічнай культуры і здароўя. 

«У асноўным людзі бяруць спартыўны касцюм альбо штаны і некалькі футболак. Замест штаноў магчымыя шорты, але гэта хутчэй для хлопчыкаў, дзяўчынкі ў сваю чаргу аддаюць перавагу легінсам або «веласіпедкам».

Прыкладны неабходны набор адзення для школы мы сумеснымі намаганнямі склалі. Аднак важны для бацькоў яшчэ і яго кошт. Цэнамі на спажывецкі набор тавараў для школьнікаў з намі падзяліліся ва ўнівермагу.


Малодшыя класы: дзелавы касцюм — ад 111,7 рубля і вышэй, сарафан для дзяўчынкі — ад 43,1 рубля, кашуля — ад 39,3 рубля, блуза — звыш 20,7 рубля, джэмпер або світар — ад 13,9 рубля, камплект бялізны ад 8,2 рубля для хлопчыка, ад 9,8 рубля — для дзяўчынкі, шкарпэткі — ад 2,2 рубля, калготкі — ад 5,5 рубля, спартыўны касцюм для хлопчыка — ад 62,3 рубля, для дзяўчынкі — ад 45,4 рубля.

Сярэднія класы: дзелавы касцюм — ад 140,1 рубля і вышэй, сарафан для дзяўчынкі — ад 43,1 рубля, кашуля — ад 39,3 рубля, блуза — звыш 20,7 рубля, джэмпер або світар — ад 15,9 рубля, камплект бялізны ад 8,2 рубля — для хлопчыка, ад 10 — для дзяўчынкі, шкарпэткі — ад 2,6 рубля, калготкі — ад 6 рублёў, спартыўны касцюм для хлопчыка — ад 68,6 рубля, для дзяўчынкі — ад 45,7 рубля.

Старэйшыя класы: дзелавы касцюм — ад 141,7 рубля і вышэй, сарафан для дзяўчынкі — ад 57 рублёў, кашуля — ад 42,6 рубля, блуза — звыш 47 рублёў, джэмпер або світар — ад 18,1 рубля, камплект бялізны ад 12,9 рубля — для хлопчыка, ад 16,1 — для дзяўчынкі, шкарпэткі — ад 2,8 рубля, калготкі — ад 8,4 рубля, спартыўны касцюм для хлопчыка — ад 87,2 рубля, для дзяўчынкі — ад 45,8 рубля.

Абутак і канцылярыю вывучалі ўжо без дапамогі тавараведа. За 100 беларускіх рублёў, расказалі нам у канцылярскім аддзеле, можна купіць усё неабходнае. А што датычыцца туфляў — цэны вар’іруюцца ў залежнасці ад фасону і памеру.

«Шопінг да школы крыху стамляе, але прыбірацца я люблю»

Дзесяцігадовая Вікторыя з бабуляй Людмілай Мікалаеўнай другі дзень запар прыязджаюць у сталічны ўнівермаг. Я цікаўлюся, навошта яны прыехалі сюды гэтым разам.

«Мы ўжо ўчора купілі штаны і дзве блузачкі, — дзеліцца будучая пяцікласніца. — А сёння яшчэ спадніцу шукаем. Прымяраю яшчэ камізэльку, калі спадабаецца, таксама возьмем. Шопінг да школы крыху стамляе, але прыбірацца я люблю».

Уключаецца ў гутарку і бабуля: «Учора купілі блузкі, але мама наша сказала, што крыху караткаватыя, не ўгадалі з памерам, прыехалі абмяняць, а заадно і яшчэ нешта глянуць. Летась выязджалі за пакупкамі на рынак — там не спадабалася якасць, швы крывыя, таму гэтым разам выбралі ЦУМ. Тут адзенне наша, беларускае, значыць, больш натуральнае і якаснае».

Пажадаўшы папярэднім суразмоўніцам удалага шопінгу, недзе паміж блузкамі і спадніцамі сустракаю маму з дачкой — яны тут збіраюць усмешлівую Дарыну ў трэці клас. «Нам сёння трэба купіць спадніцу, блузку, штаны, туфлі і калготкі, — адразу гаворыць мама. — Кожны год — усё новае, таму што расцём хутка. Пачынаем закупку цяпер, каб не стаяць потым у чэргах. А яшчэ тут вельмі шмат тавараў. Думаю, нешта падбяром».

Дарына хоць і не вельмі любіць марнаваць час на выбар адзення або абутку, але досыць патрабавальная. «Я сама выбіраю, што будзем купляць да школы. Мама сказала, што трэба рыхтавацца, вось мы і прыехалі», — кажа на развітанне і бяжыць далей глядзець, што будзе з задавальненнем насіць у школьную пару.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю