Top.Mail.Ru

Комплекснае вучэнне з войскамі ЗАК праводзіцца ў Беларусі з 19 па 25 сакавіка

З 19 па 25 сакавіка пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба — першага намесніка міністра абароны Рэспублікі Беларусь Паўла Муравейкі праводзіцца комплекснае вучэнне з войскамі Заходняга аператыўнага камандавання. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны.

Павел Муравейка падкрэсліў, што вучэнне — адна з галоўных фаз комплекснай праверкі, яно носіць выключна абарончы характар. У аснову яго задумы пакладзена сучасная ваенна-палітычная абстаноўка, а таксама дасягненні ваеннага мастацтва ў галіне развіцця сродкаў узброенай барацьбы і тэндэнцый вядзення баявых дзеянняў у рамках сучасных ваенных канфліктаў. 

«Вучэнне мае цэлы шэраг асаблівасцяў. Так, мы правядзём яго на палігонах Узброеных Сіл і ўчастках мясцовасці Брэсцкай і Мінскай абласцей з выкарыстаннем натуральных складак  мясцовасці. Мы плануем адпрацаваць падрыхтоўку абарончых рубяжоў і пазіцый з апорай на вузлы супраціўлення, участкі загарод, пры гэтым максімальна выкарыстоўваць мясцовую прамысловую і адміністрацыйна-гаспадарчую базу. Таксама плануецца адпрацаваць самыя сучасныя прыёмы прымянення войскаў і сродкаў паражэння: беспілотныя лятальныя апараты, комплексы радыёэлектроннай барацьбы і інфармацыйнага проціборства, вядзенне контрбатарэйнай барацьбы, стральбу на вялікія далёкасці. Не выключана, што ў рамках актыўнага этапу вучэння будуць адпрацаваны дзеянні механізаваных і танкавых падраздзяленняў па барацьбе з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі, дыверсійна-разведвальнымі групамі праціўніка, а таксама адбіццё магчымых нападзенняў і актыўны манеўр», — падкрэсліў начальнік Генеральнага штаба. 

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што месцы правядзення вучэння знаходзяцца на значным аддаленні ад дзяржаўнай граніцы. Вынікі вучэння, гэтак жа як і ў цэлым вынікі праверкі, будуць пакладзены ў аснову далейшага ўдасканалення і развіцця баявой гатоўнасці і баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл Беларусі. 

«Праверкі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці Узброеных Сіл сталі ў нашай арміі ўжо традыцыйнымі. Мы праводзім іх на пастаяннай аснове. Гэта не з’яўляецца якой-небудзь надзвычайшчынай і не накіравана супраць нейкай з суседніх з намі краін. Нягледзячы на тое, што мы цяпер актыўна занятыя падрыхтоўкай і правядзеннем вучэння і раптоўнай праверкі, мы ўважліва сочым за працэсамі ваеннай актыўнасці, якая адбываецца каля нашых граніц. Гэта і манеўры груповак войскаў, і комплекс мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, якія праходзяць у Польшчы і краінах Балтыі. Мы маем пэўную, павышаную пільнасць і не дапусцім ніякіх правакацый супраць нашай краіны, адкуль бы яны ні ішлі», — рэзюмаваў Павел Муравейка.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю