Top.Mail.Ru

Комплексныя камандна-штабныя вучэнні УУС Міншчыны прайшлі пад кіраўніцтвам Івана Кубракова

Мерапрыемства прайшло на базе адной з вайсковых часцей МУС. Асноўны акцэнт зроблены на праверцы фізічных якасцяў, вынослівасці асабовага складу органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС, іх здольнасці дзейнічаць у асаблівых умовах ва ўзаемадзеянні з усімі зацікаўленымі бакамі.


Пераход да канкрэтыкі і максімальна набліжаныя ўмовы

Выступаючы перад удзельнікамі камандна-штабных вучэнняў, міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ акцэнтаваў увагу на важнасці зладжанага і аператыўнага ўзаемадзеяння паміж ведамствамі. «Забеспячэнне правапарадку і бяспекі ў краіне — задача агульная», — падкрэсліў ён.

Па словах кіраўніка міліцэйскага ведамства, сумесны алгарытм дзеянняў сілавікоў і ратавальнікаў павінен быць даведзены да аўтаматызму. «Пытанні ўзаемадзеяння паміж дзяржорганамі ўжо не выклікаюць розначытанняў, — канстатаваў ён. — Аднак неабходны пераход да канкрэтыкі: па кожным аб’екце з разраду зброевых магазінаў, гандлёвых цэнтраў, павінны быць прыняты меры, якія ў выпадку неабходнасці дадуць магчымасць іх аператыўна зачыніць».


У ходзе камандна-штабных вучэнняў кіраўніком МУС было прынята рашэнне аб кардынальнай змене ўводных з поўнай карэкціроўкай лакацыі і сцэнарнай лініі. Мэта — максімальна наблізіць умовы да рэальнага баявога становішча.

«Зроблена гэта наўмысна, каб праверыць рэальную гатоўнасць нашых падраздзяленняў, найперш АМАПу, — патлумачыў Іван Кубракоў. — Асаблівасць прысталічнага рэгіёна ў тым, што вобласць працяглая, тут засяроджана вялікая колькасць буйных прадпрыемстваў і арганізацый, якія могуць стаць аб’ектамі ўздзеяння дэструктыўных сіл. Мы адпрацоўваем не толькі спыненне масавых беспарадкаў, але і любыя дзеянні ўсяго сілавога блока пры надзвычайнай сітуацыі, рэзанансных злачынствах і тэрарыстычных пагрозах. Прыклад — разбойны напад на ювелірную краму ў Мінску: нягледзячы на камеры, знайшоўся чалавек, які пайшоў на дзёрзкае злачынства. Супрацоўнікі „Алмаза“ пры затрыманні адпрацавалі ў нестандартным становішчы, дзе прамаруджванне магло каштаваць жыцця: у злачынца быў нож, а перад ім у аўтобусе сядзела дзіця».


Акрамя таго, кіраўнік МУС закрануў тэму фізічнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў міліцыі, адзначыўшы, што ўжо найбліжэйшым часам свае навыкі прадэманструе кіраўніцтва МУС, сталічнага ГУУС, абласных УУС, у тым ліку ўсе генералы, якія, па яго словах, павінны служыць прыкладам ва ўсім.


З пастаўленымі задачамі справіліся 

Спецпадраздзяленні былі паднятыя па трывозе, і ўжо праз лічаныя хвіліны асабовы састаў знаходзіўся ў стане поўнай аператыўнай гатоўнасці. Тэрыторыя вайсковай часці 3214 у Мінску па задуме вучэнняў трансфармавалася ў асобны густанаселены пункт. Пры вылучэнні асноўных сіл была змадэлявана ўмоўная блакіроўка маршрутаў, у выніку чаго супрацоўнікі сталічнага АМАПа, ваеннаслужачыя вайсковай часці 5448, не губляючы ні секунды, пакінулі тэхніку і здзейснілі марш-кідок па перасечанай мясцовасці. 

Увайшоўшы ва ўмоўны горад, супрацоўнікі неадкладна прыступілі да выканання пастаўленых задач. Яны сутыкнуліся з беспарадкамі: агрэсіўна настроены натоўп сустрэў градам камянёў і бутэлькамі з запальнай сумессю. Радыкалы, якія каардынуюцца праз Telegram, блакіравалі ў тым ліку праезную частку каля завода, каб паралізаваць яго работу і не дапусціць працоўных на змену. Група маніторынгу грамадскай бяспекі зафіксавала транспартны калапс, масавую колькасць грамадзян, якія выкрыкваюць дэструктыўныя лозунгі, а таксама падпал аўтамабіля. Для ліквідацыі беспарадкаў былі задзейнічаны зводны атрад УУС Міншчыны і вайскоўцы воінскай часці 3310. Для тушэння ачага ўзгарання прымяняліся сілы МНС. 


Калі паступіла інфармацыя аб захопе спарткомплексу з затрыманымі людзьмі, байцы АМАПа Міншчыны і атрада спецпрызначэння «Тарнада» ўнутраных войскаў МУС неадкладна перабудавалі тактыку. На ўваходзе ў будынак бездакорна адпрацаваў кіналагічны разлік: службовы сабака нейтралізаваў аднаго з узброеных злачынцаў, забяспечыўшы бяспечны ўваход асноўнай групы. Паралельна праводзілася зачыстка двух паверхаў з поўным падаўленнем усіх кропак супраціўлення. Заложнікі не пацярпелі.


На высокім узроўні прадстаўнікі САХРу ўнутраных войскаў МУС адпрацавалі штурм аўтобуса і шматпавярховіка. Выкарыстоўваючы найноўшыя спецсродкі, БПЛА, яны абясшкодзілі ўмоўных узброеных парушальнікаў і аднавілі кантроль над аб’ектам. Падобная варыятыўнасць уводных — ад вулічных сутыкненняў да вызвалення заложнікаў з захопленага будынка — падкрэсліла прафесіяналізм і гатоўнасць асабовага саставу МУС да любых сцэнарыяў развіцця сітуацыі.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю