Паэтычны конкурс праводзіцца ўжо ў трэці раз і збірае дзесяткі таленавітых работнікаў галіны з розных куткоў краіны. У год 80-годдзя Вялікай Перамогі ўдзельнікі зачыталі тэматычныя творы на ваенную тэматыку. Арганізатарам выступае Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання.
Так, сярод канкурсантаў — тэхнолаг-радыёлаг, тэхнік-тэхнолаг, бухгалтар лесапункта, юрысконсульт, інжынер аддзела па ахове працы, спецыяліст па кадастры і геаінфармацыйных сістэмах і многія іншыя прадстаўнікі лясной сферы і прыродакарыстання. Гэта работнікі, якія прайшлі ўжо рэгіянальныя адборы. На рэспубліканскім этапе сваё майстэрства прадэманстравалі 17 удзельнікаў. Са сцэны Цэнтра перападрыхтоўкі кадраў Мінлясгаса прагучалі творы як вядомых аўтараў, так і ўласнага сачынення ўдзельнікаў.
— Сімвалічна, што конкурс праводзіцца напярэдадні Дня Незалежнасці. Сёння ў нас ёсць галоўная каштоўнасць — мірнае неба над галавой, магчымасць мірна працаваць і гадаваць дзяцей. Адзначаючы гэтае свята, беларусы не толькі з упэўненасцю глядзяць у будучыню, але і ўспамінаюць наша агульнае мінулае, шануюць памяць аб тых, дзякуючы каму мы сёння жывем пад мірным небам. Гэты конкурс — яшчэ адна магчымасць нагадаць аб падзеях тых страшных гадоў, — адзначыў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Юрый Шумскі.
— У цэлым адзначу, што галіновы прафсаюз на пастаяннай аснове праводзіць мерапрыемствы — творчыя, спартыўныя, культурныя. Усё гэта з’ядноўвае працоўныя калектывы, дае магчымасць раскрыць патэнцыял людзей, спрыяе развіццю самых розных навыкаў, што, безумоўна, знаходзіць адлюстраванне і на прадукцыйнасці працы.
Ацэньвала выступленні кампетэнтнае журы. У яго складзе — Алена Стэльмах, паэт, дзіцячы пісьменнік, публіцыст, першы намеснік старшыні ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», Анатоль Гармаза, генеральны дырэктар ТАА «Рэдакцыя газеты «Шапакляк», Кацярына Хадасевіч-Лісавая, пісьменнік, празаік, педагог, лаўрэат беларускай Нацыянальнай літаратурнай прэміі. З боку арганізатараў удзельнікаў ацэньваў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання.
Першае месца заняла Наталля Шылава (Віцебскае агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры). Дарэчы, летась сёлетняя пераможца таксама брала ўдзел у конкурсе. На другім месцы аказаўся Антон Патапенка (Інстытут лесу НАН Беларусі). На трэцім — Алена Масленчэнка (Пухавіцкі лясгас). Удзельніца прадставіла журы верш уласнага сачынення.
Яшчэ тры ўдзельнікі былі адзначаны ў рамках спецыяльных намінацый. Уладальніцай прыза сімпатый гледачоў стала Анастасія Сідарэнка (Бабруйскі лесатэхнічны каледж). «За пранікнёнае чытанне» адзначана Надзея Новікава (ААТ «Светлагорскі ЦКК»). Таксама журы ацаніла высокі эмацыйны ўзровень выканання аўтарскага верша Юліі Лазаравай (Бабруйскі лясгас).
Алена КРАВЕЦ.