Top.Mail.Ru

Конкурс інавацыйных праектаў прадугледжвае іх камерцыялізацыю

Ад ідэі — да прыбытку

Дырэктар Беларускага інавацыйнага фонду Віталь ХРАМЧАНКАЎ адзначыў, што сёлета Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях пры ўдзеле Міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук, БРСМ і Беларускага інавацыйнага фонду праводзіцца XVI Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў.

За 15 гадоў у конкурсе ўзялі ўдзел больш за 2 тысячы праектаў. Да ўдзелу запрашаюцца стартапы і інавацыйныя праекты, якія могуць быць рэалізаваны ў розных сектарах эканомікі. Іх удзельнікамі могуць выступаць як юрыдычныя, так і фізічныя асобы, лічыць Віталь Храмчанкаў. 

«Сёлета ёсць пэўныя новаўвядзенні. У прыватнасці, дапускаецца прадстаўленне інавацыйных праектаў, якія раней ужо ўдзельнічалі ў конкурсе. Таксама зменены падыход да вызначэння найлепшых. Калі раней у нас прадугледжвалася, што адзін пераможца і астатнія прызёры, то цяпер будуць пераможцы 1-й, 2-й, 3-й ступеняў. Акрамя таго, дапоўнены кірункі выкарыстання грашовых сродкаў, выдзеленых для камерцыялізацыі праектаў. Скарэкціраваны формы заяўных дакументаў, якія ўжо размешчаны на сайце конкурсу, дзе з імі можна азнаёміцца», — праінфармаваў дырэктар Беларускага інавацыйнага фонду.

Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў праводзіцца па дзвюх асноўных намінацыях — «Найлепшы інавацыйны праект» і «Найлепшы маладзёжны інавацыйны праект» (для людзей ва ўзросце да 35 гадоў). Таксама існуе магчымасць устанаўлення дадатковых намінацый. «Летась іх было 29 ад 18 арганізацый. Сёлета колькасць арганізацый, якія прапанавалі дадатковыя намінацыі, павялічылася да 22. 

Адпаведна намінацый таксама будзе больш. Прапановы прадстаўлены і арганізацыямі банкаўскай сферы, і буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі, сярод якіх — «Гродна Азот», Мінскі гадзіннікавы завод, «Амкадор», канцэрн «Белдзяржхарчпрам», — адзначыў Віталь Храмчанкаў.

Ён таксама растлумачыў, што конкурс дае далучаным: «Гэта магчымасць атрымаць грашовы прыз, а таксама сродкі на камерцыялізацыю праекта. Таксама конкурс дазваляе ўстанавіць дзелавыя кантакты і сувязі не толькі з сапернікамі, але і з экспертамі, паўдзельнічаць у розных семінарах і трэнінгах. Акрамя таго, пераможцы іншых рэспубліканскіх конкурсаў маюць права атрымаць грашовыя сродкі на напісанне бізнес-плана для далейшага ўдзелу ў конкурсе».

Прэс-сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Кацярына ЛАКІСАВА лічыць, што Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў з’яўляецца і інструментам для далейшай рэалізацыі сваіх ініцыятыў удзельнікамі конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Яна адзначыла, што на ўдзел у конкурсе інавацыйных праектаў летась была пададзена 201 заяўка. «Вельмі ганарова для нас, што амаль трэць заявак — праекты са «100 ідэй для Беларусі». Пераможцам выдзяляюцца мэтавыя грашовыя сродкі на напісанне бізнес-плана. Летась такой магчымасцю скарысталіся 12 нашых праектаў, якія да гэтага перамаглі ў конкурсе «100 ідэй для Беларусі», — адзначыла прэс-сакратар. Кацярына Лакісава звярнула ўвагу, што конкурс інавацыйных праектаў мае на ўвазе не толькі адбор найлепшых, але і вялікую метадычную дапамогу, кансультацыі.

Тэрмін падачы дакументаў для ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў — да 1 жніўня 2025 года.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю