У Гродзенскім аблвыканкаме пад кіраўніцтвам старшыні Юрыя Караева прайшло пасяджэнне аргкамітэта каравай-фэсту «Бацькава булка». Пра гэта БелТА паведамілі ў Гродзенскім аблвыканкаме.
Свіслач 15 жніўня зноў ператворыцца ў сапраўдную сталіцу хлеба. Гасцей чакае насычаная праграма. Так, адбудзецца конкурс непрафесійных пекараў-аматараў «Матулін каравай», спартыўна-забаўляльная эстафета «Бацькава міля», відовішчнае «Трактар-шоу». На свяце будуць працаваць зона адпачынку «Хутарок па-гаспадарску», дзе можна будзе перавесці дух і пранікнуцца вясковым каларытам, пляцоўка «Гаспадыня», прысвечаная Году беларускай жанчыны, новая пляцоўка ў гарадскім парку будзе прысвечана лесу.
Арганізатары абяцаюць забаўляльна-гульнявыя праграмы, тэматычныя актыўнасці, майстар-класы па побытавых танцах, таксама можна будзе наведаць традыцыйны экскурсійны маршрут «Ад збожжа да хлеба». Па традыцыі адбудзецца футбольны матч, у якім пазмагаюцца каманда старшыні аблвыканкама Юрыя Караева і каманда старшыні Свіслацкага райвыканкама Андрэя Грыцкевіча. Увечары гасцей свята чакае канцэрт, хэдлайнерам якога стане гурт «Стрэлкі».
Юрый Караеў даручыў паклапаціцца пра камфорт гасцей: разглядаецца магчымасць стварэння палатачнага гарадка, будзе добраўпарадкавана зручная паркоўка, асаблівая ўвага — падтрыманню чысціні на тэрыторыі фестывалю.