Top.Mail.Ru
268

Конкурс «Спявай, BELARUS!» аб’яднаў лепшых артыстаў

Сярод работнікаў «МТЗ-холдынгу» не толькі шмат выдатных спецыялістаў, адданых сваёй справе людзей, але і цудоўных вакалістаў, музыкантаў, танцораў і чытальнікаў, якія радуюць гледачоў сваёй творчасцю на працягу многіх гадоў. Пераканацца ў гэтым атрымаў магчымасць кожны, хто наведаў XXII агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці «Спявай, BELARUS!». Фінал агляду-конкурсу адбыўся ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода.


Конкурс, які праводзіцца на працягу 22 гадоў, набывае ўсё большую папулярнасць. Для таго, каб падбадзёрыць артыстаў у хвалюючы момант і атрымаць станоўчыя эмоцыі ад запамінальных выступленняў, у зале сабраліся шматлікія гледачы. Сёлетні ж конкурс супаў з 80-годдзем прадпрыемства. Да таго ж трэці год запар у ім удзельнічаюць прадстаўнікі заводаў «МТЗ-холдынгу».

— Кожны з гледачоў зможа яшчэ раз пераканацца ў тым, што мова мастацтва зразумелая ўсім. Проста цудоўна, што людзі, якія займаюцца карыснымі распрацоўкамі, шчыруюць у цэхах і шчодра перадаюць свой вопыт моладзі, знаходзяць час для творчага развіцця, спяваюць і танцуюць. Я ўпэўнены, што таленавітыя артысты і выканаўцы падораць гледачам незабыўныя ўражанні і выдатны настрой, — адзначыў у час адкрыцця конкурсу Уладзімір Піскіжаў, намеснік генеральнага дырэктара ААТ «МТЗ» па ідэалагічнай рабоце і сацыяльным развіцці.


У час фіналу конкурсу ўвазе гледачоў было прадстаўлена 30 творчых нумароў. Са сцэны гучалі добра вядомыя песні, шчымлівыя радкі вершаў. Нікога не пакінулі раўнадушным яркія харэаграфічныя кампазіцыі. Выканаўчы ўзровень артыстаў быў настолькі высокі, што выбраць пераможцаў было вельмі нялёгка. 

І вось надышоў хвалюючы момант падвядзення вынікаў конкурсу. Пад шчырыя апладысменты гасцей на сцэну выходзяць лепшыя з лепшых артыстаў. Пераможцы былі вызначаны ў сямі намінацыях. 
Так, у намінацыі «Народны вакал» (ансамбль) заахвочвальную прэмію атрымалі ўдзельнікі ансамбля «Забава», якія прадставілі ААТ «МТЗ». Дыпломам удзельніка конкурсу ўзнагароджаны ансамбль «Сваякі-Сударушкі», работнікі ААТ «СтанкаГомель». 


Былі вызначаны лепшыя артысты і ў намінацыі «Народны вакал» (сола). Трэцяе месца прысуджана Юрыю Ляжневічу, які прадставіў упраўленне галоўнага тэхнолага ААТ «МТЗ», другое месца — Вераніцы Патураевай (упраўленне кадраў гэтай жа арганізацыі), а пераможцай у гэтай намінацыі прызнана Святлана Бялевіч, якая прадставіла жыллёва-камунальны аддзел ААТ «МТЗ». 

У намінацыі «Эстрадны вакал» трэцяе месца заняў Андрэй Жабко, які прадставіў сталеліцэйны цэх ААТ «МТЗ». Другое месца прысуджана Яўгену Бабусенку (навучальны цэнтр тэхнічнага і сэрвіснага абслугоўвання маркетынг-цэнтра ААТ «МТЗ»). Пераможцамі ж сталі Вольга Жушма (вытворча-дыспетчарскае ўпраўленне ААТ «МТЗ»), і Таццяна Камініна, якая працуе ў планава-эканамічным упраўленні гэтай жа арганізацыі.


Заахвочвальнай прэміяй у намінацыі «Інструментальная музыка» ўзнагароджаны Аляксей Бандарэнка, які працуе ў ААТ «Вістан». Дыплом удзельніка атрымаў Глеб Барысаў, які працуе ў гэтай жа ўстанове.
Трэцяе месца ў намінацыі «Аўтарская песня» прысуджана Анатолю Карпенку, які працуе ў кавальскім цэху ААТ «МТЗ», другое месца — Аляксандру Кудлаю з упраўлення ўкаранення і эксплуатацыі абсталявання з праграмным упраўленнем ААТ «МТЗ», а пераможцай у гэтай намінацыі стаў Аляксандр Вераскун (доследны цэх № 2 ААТ «МТЗ»).

Заслужаныя ўзнагароды атрымалі таксама артысты, якія выступілі ў намінацыі «Размоўны жанр». Трэцяе месца заняла Ала Малчанская (упраўленне прасоўвання і рэалізацыі прадукцыі ў краіны СНД маркетынг-цэнтра ААТ «МТЗ»). Другое месца прысуджана Надзеі Кавалёвай, прадстаўніцы жыллёва-камунальнага аддзела ААТ «МТЗ», а пераможцай у гэтай намінацыі стала Ірына Вялічка (цэх выпрабаванняў трактарнай тэхнікі холдынгу «МТЗ-холдынг» ААТ «МТЗ»).


Гледачы не шкадавалі цёплых апладысментаў і ў адрас артыстаў, якія выступілі ў намінацыі «Харэаграфія». Так, трэцяе месца прысуджана танцавальнаму калектыву «ММЗ» «ААТ «Мазырскі машынабудаўнічы завод», а другое месца — Алене Тарасевіч, якая прадставіла механазборачны цэх № 3 ААТ «МТЗ».

У гэты дзень цудоўныя артысты атрымалі і спецыяльныя прызы. Сярод іх самы малады ўдзельнік — Дар’я Гельжынская, якая прадставіла ўпраўленне ўкаранення і эксплуатацыі абсталявання з праграмным кіраваннем ААТ «МТЗ». Прызам за імкненне да перамогі ўзнагароджана Ганна Ляшук (механазборачны цэх № 3 ААТ «МТЗ»), а прыз за крэатыўнасць атрымала Ала Малчанская (упраўленне прасоўвання і рэалізацыі прадукцыі ў краіны СНД маркетынг-цэнтра ААТ «МТЗ»). Гледачы не шкадавалі цёплых апладысментаў і ў адрас Святланы Бялевіч (жыллёва-камунальны аддзел ААТ «МТЗ»), якая ўзнагароджана прызам сімпатый гледачоў.

І для шматлікіх гасцей, і для артыстаў фінал конкурсу стаў незабыўным святам. Прызёры і пераможцы фіналу конкурсу атрымалі дыпломы і памятныя падарункі. Аднак самай галоўнай узнагародай для іх сталі незабыўныя ўражанні, атрыманыя ад сустрэчы з калегамі-творцамі, і яркія хвіліны, перажытыя на сцэне.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ. 
На здымках: яркія моманты конкурсу.
Фота з архіва ААТ «МТЗ».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю