У павеце Данчан (правінцыя Ганьсу, Паўночна-Заходні Кітай) актыўна развіваецца вырошчванне і глыбокая перапрацоўка лекавых траў. Па выніках мінулага года сукупны кошт прадукцыі галіны перавысіў 5,5 мільярда юаняў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Увосень над гарамі Данчана лунае водар лекавых раслін. На экалагічнай плантацыі Лалулян плошчай 10 тысячы му (звыш 660 га), дзе вырошчванне вядзецца па адзіных стандартах, выдатна растуць дуднік, каданопсіс, астрагал і рабарбар.
Данчан называюць «краем лекавых траў з тысячагадовай гісторыяй»: тут выяўлена 692 віды лекавых раслін. У мінулым годзе мясцовыя разнавіднасці каданопсіса і астрагала атрымалі статус прадукцыі з ахоўным геаграфічным указаннем. Плошча вырошчвання асноўных лекавых культур стабільна складае каля 400 тыс. му (звыш 26 тыс. га), штогадовы збор дасягае прыкладна 120 тыс. тон. У асноўных раёнах апрацоўкі лекавых раслін даходы ад іх вырошчвання складаюць больш за 60% даходаў сельскіх жыхароў.
Мясцовыя ўлады прыцягваюць спецыялістаў для ўкаранення сучасных агратэхналогій, у тым ліку метадаў вырошчвання расады, севаабароту, абеззаражання глебы, унясення ўгнаенняў з улікам яе складу, а таксама механізацыі сельскагаспадарчых работ.
У павеце створана сістэма нагляду за прадукцыяй, якая ахоплівае ўвесь вытворчы ланцужок — ад вырошчвання расады і стандартызаванага вырошчвання лекавых раслін да іх глыбокай перапрацоўкі і рэалізацыі. Кожная партыя лекавай сыравіны атрымлівае своеасаблівы «пашпарт» з QR-кодам, якія дазваляюць даведацца пра звесткі аб вытворцы і азнаёміцца з вынікамі аналізаў на ўтрыманне пестыцыдаў.
Мясцовая кампанія заключае з гаспадаркамі дагаворы, якія прадугледжваюць гарантаваны выкуп усёй якаснай прадукцыі па цэнах вышэйшых за рыначныя. Акрамя таго, за кожны му пасеваў выплачваецца субсідыя ў памеры 1 тыс. юаняў.
Развіваецца і глыбокая перапрацоўка сыравіны. Сумесна з навукова-даследчымі інстытутамі ў павеце распрацавалі 12 відаў гарбаты з астрагала. У індустрыяльным парку Хадапу працуюць больш за 250 прадпрыемстваў, сукупны гадавы кошт прадукцыі якіх перавышае 3 млрд юаняў.
Мікалай ЛІТВІНАЎ