Top.Mail.Ru

Кожная трэцяя кепка ў свеце зробена ў кітайскім пасёлку Лігэчжуан

У пасёлку Лігэчжуан горада Цзяачжоу, што ў правінцыі Шаньдун (Усходні Кітай), засяроджана звыш 600 прадпрыемстваў па вытворчасці галаўных убораў, якія штогод выпускаюць 1,2 мільярда спартыўных і паўсядзённых кепак, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн»



Кожная трэцяя спартыўная кепка ў свеце вырабляецца менавіта тут, а прадукцыя экспартуецца больш як у 100 краін. Індустрыяльная гісторыя пачалася ў 1985 годзе, калі сянганскі прадпрымальнік Янь Хундэ адкрыў у пасёлку Лігэчжуан першую сумесную фабрыку па вытворчасці галаўных убораў. Дзякуючы перадавым тэхналогіям і наладжаным каналам збыту, прадпрыемства хутка стала лідарам галіны, вырабляючы звыш мільёна вырабаў за год пры пастаянным дэфіцыце прадукцыі.

Поспех вядучых кампаній прыцягнуў інвестараў і стымуляваў развіццё ўсяго вытворчага ланцужка. Вакол вытворчасці кепак сфарміравалася цэлая экасістэма: прадпрыемствы па вырабе тканін і фурнітуры, вышыўцы, упакоўцы і лагістыцы. Мясцовыя жыхары адзначаюць, што для вырабу адной кепкі патрабуецца 18 тэхналагічных аперацый і каля 10 відаў камплектуючых, і ўсё гэта даступна ў межах пасёлка.

Лічбавая трансфармацыя дае штуршок развіццю галіны. Мясцовая кампанія «Цяньфэн» стала піянерам аўтаматызацыі. Пасля сямі гадоў распрацовак прадпрыемства стварыла першую ў свеце рабатызаваную лінію для пашыву галаўных убораў. Аўтаматызацыя ахапіла 100 % вытворчага працэсу, падвоіла прадукцыйнасць, удвая скараціла выдаткі на персанал і паменшыла вытворчы цыкл на 28 %.

Сёння ў Лігэчжуане дзейнічае мадэль «разумнай вытворчасці»: створана прамысловая інтэрнэт-платформа для ўсёй галіны, а таксама «разумная фабрыка сумеснага выкарыстання». Малыя прадпрыемствы могуць заказваць вытворчасць асобных кампанентаў праз мабільны дадатак, пазбягаючы вялікіх капітальных укладанняў у абсталяванне.

Дзякуючы інавацыям і кааперацыі гэты пасёлак дасягнуў гадавога аб’ёму вытворчасці ў 13 мільярдаў юаняў і стаў галоўным сусветным пастаўшчыком спартыўных кепак сярэдняга і высокага класа.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю