Top.Mail.Ru

Кожны павінен дакладна выконваць свае абавязкі: эксперты — аб тэзісах Кіраўніка дзяржавы ва ўрадзе

Нарада пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якая прайшла 17 лютага, стала не проста рабочай сустрэчай, а фактычна дарожнай картай па выкананні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Акцэнт дакладны: апора на ўнутраныя рэсурсы і сінхранізацыя эканомікі з агульнай палітычнай стратэгіяй дзяржавы. Тэматыку сур’ёзнай і прынцыповай размовы працягваюць каменціраваць у экспертнай супольнасці. Самыя яркія меркаванні — у нашым матэрыяле. 



Кожны павінен дакладна выконваць свае абавязкі

Міністр інфармацыі Марат МАРКАЎ у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа радыё», аналізуючы размову Прэзідэнта з урадам, адзначыў, што для пераадолення выклікаў у эканамічнай сферы патрэбна мабілізацыя на ўсіх узроўнях — ад урада да кіраўнікоў на месцах. 

Эксперт падкрэсліў, што падчас размовы ў Прэзідэнта абмяркоўваліся сур’ёзныя пытанні, якія неабходна праецыраваць на ўсю краіну і насельніцтва:

— І гэта абсалютна нармальна. Зразумела, што ўрад адказвае за эканамічныя паказчыкі: у прамысловасці, экспарце, сельскай гаспадарцы, на ўнутраным рынку. Мы ўсё гэта ўсведамляем, і відавочна, што крытыка Кіраўніка дзяржавы была абгрунтаванай. Пэўныя параметры не былі выкананыя — прычым як у мінулым, 2025-м, так і ў студзені бягучага года. Гэта аб’ектыўны факт. Але разам з тым нельга казаць, што працаваць над гэтым павінен толькі ўрад. Неабходна, каб кожны на сваім месцы дакладна выконваў абавязкі.

Што датычыцца эканомікі і паказчыкаў, падкрэсліў Марат Маркаў, Прэзідэнт прывёў вельмі слушную думку: людзі не ядуць лічбы і статыстыку. Таму трэба кожную сітуацыю экстрапаліраваць на жыццё канкрэтных людзей, дадаў эксперт. Паводле яго слоў, прыклады, якія прыводзіў беларускі лідар, сведчаць аб тым, што за многімі пытаннямі, звязанымі з невыкананнем паказчыкаў, стаяць кіраўнікі, якія не выканалі свае абавязкі да канца.

— Таму што гэта як у любым механізме — адмова аднаго элемента адразу ж «каўбасіць» увесь рухавік і адбіваецца на канчатковым выніку, — падкрэсліў Марат Маркаў.

Як адзначыў эксперт, галоўная выснова з гэтай размовы — неабходнасць мабілізацыі:

— Сённяшнія ўмовы такія, што эканоміка становіцца вызначальным фактарам. Бо калі эканоміку разбураць звонку... Гэтаму спрыяюць санкцыі, звязаныя з тэхналогіямі і фінансамі. Усё гэта накіравана на разбурэнне краіны знутры без ваенных дзеянняў. І вось гэтыя рэчы трэба ўсведамляць. І ў дадзенай сітуацыі грамадства павінна мабілізавацца. 

Таму, зрабіў акцэнт міністр інфармацыі, мабілізацыя патрэбна не толькі ва Узброеных Сілах. Яна неабходная ў эканоміцы, у дзейнасці ўрада і кожнага кіраўніка на месцах:

— Без гэтага мы не выканаем задачы, і, самае галоўнае, тая самая ўмоўная талерка простага грамадзяніна не напоўніцца.


Працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Раман Бродаў звяртае ўвагу на тое, што цяперашні спад у прамысловасці не носіць кан’юнктурны характар. Для вырашэння праблемы неабходны комплексны падыход.

— Калі глядзець у дынаміцы, то гэта тэндэнцыя працягваецца ўжо не адзін месяц і не адзін квартал. Гэта значыць, можна казаць, што гэта ўжо заканамернасць і сістэмная праблема. І Прэзідэнт падкрэсліў, што важны вынік. А вынік у эканоміцы — гэта нават не вытворчасць. Вытворчасць яшчэ можна падцягнуць крэдытамі і іншымі крыніцамі. Вынікам жа з’яўляецца продаж і адпаведна паступленне грошай на рахунак, — прыводзіць словы сенатара sb.by.

Ён звяртае ўвагу на тое, што продажы могуць быць толькі ў двух кірунках — унутраны і знешні рынак:

— Іншага проста няма. І вось у гэтых двух вектарах можна казаць пра нейкія прыкладныя рашэнні. Па ўнутраным рынку глыбока перакананы, што мы яго дрэнна абараняем і дрэнна падтрымліваем айчынных вытворцаў. Дастаткова моцна захапіліся роўнымі ўмовамі для ўсіх. І іх часта атрымліваюць тыя, хто гэтыя ўмовы мець не павінен. Адсюль і з’яўляюцца рознага роду нядобрасумленныя пастаўшчыкі і вытворцы. І ў рэчаіснасці на тэрыторыю Беларусі трапляе кантрафакт, у тым ліку праз маркетплэйсы. 

Другое пытанне — экспарт:

— У апошнія чатыры гады мы прывыклі лёгка працаваць на бліжэйшым гарызонце. І задачы па далёкіх краінах сталі прасядаць. Таму патрэбна мэтанакіраваная, агрэсіўная, можа, нават дзесьці дырэктыўная работа ў тых дзяржавах, дзе ёсць палітычныя дамоўленасці і наша дыпламатычная прысутнасць у выглядзе замежных устаноў. І сетка замежных устаноў павінна развівацца там, дзе нас чакаюць. Яшчэ адзін важны факт — прадаваць там, дзе ёсць патэнцыял з пункту гледжання рынкавых ніш. Але гэта ўжо работа саміх прадпрыемстваў, іх маркетынгавай службы.

Пра тое, што выніку можна дасягнуць, нягледзячы ні на якія знешнія абставіны, у тым ліку славутыя санкцыі, сведчыць паспяховая работа авіякампаніі «Белавія». Яе гендырэктар Ігар Чаргінец у эфіры СТБ падзяліўся сакрэтам:


— «Белавія» паказвае, што тут якраз гэта можна рабіць. Нашы вынікі і 2025 года, і першага месяца студзеня паказваюць, што авіякампанія працуе прыбыткова, авіякампанія развіваецца, павялічвае колькасць перавезеных пасажыраў, грузаў. Усе асноўныя паказчыкі растуць. Таму выснова ў падтрымку Прэзідэнта, Прэзідэнт мае рацыю, ёсць магчымасць. Трэба змагацца, трэба працаваць, працаваць і працаваць.


Логіка знешнегандлёвай стратэгіі

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, гендырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін у эфіры «Першага інфармацыйнага» звярнуў увагу на тое, што лозунг «Час канкрэтных спраў» падчас размовы ва ўрадзе быў раскладзены па канкрэтных паказчыках:


— А што гэта? Гэта прадукцыйнасць працы, гэта дысцыпліна, гэта кантроль інфляцыі, гэта кіраванне нашым працоўным рынкам. І ўсё гэта, безумоўна, завязана на палітыцы. Эканоміка не можа быць у адрыве ад палітыкі, і мы павінны працаваць з бачаннем гэтай перспектывы. Вось комплекс гэтага бачання — гэта і знешняя палітыка, і ўнутраныя пытанні з улікам поспехаў, але і з улікам памылак і недапрацовак, якія былі зробленыя раней. Любыя спасылкі на санкцыі, на знешні ціск цяпер папросту недарэчныя, таму што свет развіваецца імкліва. І ў гэтай сувязі забяспечыць стабільнасць нашага грамадства, годнае месца нашай дзяржавы на планеце можна, толькі ўмацоўваючы ўнутраныя рэсурсы. Гэта ключавое патрабаванне Прэзідэнта.

Тэзіс аб шматвектарнасці экспартных стратэгій развіў палітолаг Пётр Пятроўскі ў сваім ТГ-канале:

— У нашага галоўнага саюзніка Расіі ўжо не першы год назіраецца жорсткая грашова-крэдытная палітыка. Летась стаўка рэфінансавання дасягала нават 21 % пры інфляцыі ў 10 %. Цяпер крыху знізілася разам з інфляцыяй. Аднак такая стаўка робіць немагчымай танныя крэдыты, а значыць максімальна ўзмацняе нагрузку на вытворчасці. Высокія стаўкі павышаюць выдаткі, і кампаніі перакладаюць іх на пакупнікоў. У выніку цэны растуць, нават калі попыт зніжаецца. У гэтым выпадку эканоміка рызыкуе трапіць у стан стагфляцыі — калі эканамічны рост запавольваецца, а інфляцыя расце. Такая сітуацыя асабліва небяспечная, таму што змагацца з ёй павышэннем ставак немагчыма: гэта толькі ўзмоцніць спад. 

Таксама бачна ўзмацненне эканоміі, адзначае эксперт, прычым па дастаткова адчувальных для беларускага экспарту напрамках:

— Напрыклад, у бюджэце Расійскай Федэрацыі на гэты год запланавана зніжэнне выдаткаў у тры разы на развіццё грамадскага транспарту. А гэта банальна азначае падзенне попыту ў расійскіх гарадах і муніцыпалітэтах на беларускія аўтобусы, тралейбусы, трамваі. На іх закупкі папросту не выдзеленыя грошы. І гэта як прыклад.

Да гэтага дадаецца планаванае запаволенне ВУП Расіі, кажа палітолаг:

— І тут для нас стаіць самы звычайны выбар: альбо нічога не рабіць і чакаць, што на расійскіх рынках нешта палепшыцца, альбо аператыўна кампенсаваць страты расійскіх рынкаў альтэрнатыўнымі рынкамі як краін СНД, так і глабальнай большасці агулам.

У будучыні варта імкнуцца збалансаваць наш экспарт, акцэнтуе ўвагу Пётр Пятроўскі:

— Нарасціць яго ў Кітай, В’етнам, Іран, арабскія і афрыканскія краіны. Гэта створыць баланс і вялікую стабільнасць нашай эканоміцы, якая не будзе паўтараць узлёты і падзенні расійскага саюзніка. У гэтым і заключаецца логіка шматвектарнай знешнегандлёвай стратэгіі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю