Top.Mail.Ru

Кожны трэці аўтамабіль, які прадаецца ў свеце, кітайскай вытворчасці

З 2015 года Кітай ужо 11 гадоў запар займае першае месца ў свеце па продажах аўтамабіляў на новых крыніцах энергіі. Кожны трэці аўтамабіль, які рэалізуецца ў свеце, зроблены ў КНР. Пры гэтым у самім Кітаі два з кожных трох прададзеных легкавых аўтамабіляў — на новых крыніцах энергіі, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».



З ліпеня 1956 года, калі з канвеера Першага Чанчуньскага аўтазавода сышоў першы аўтамабіль, прайшло больш чым 70 гадоў. Дзякуючы імкліваму развіццю кітайская аўтамабільная прамысловасць пакінула яркі след на сусветнай карце аўтапрама.

Прарыў стаў магчымы за кошт таго, што краіна не стала даганяць, а змяніла курс і пайшла ў адрыў — і фактычна стварыла новыя правілы рынку.

У маі 2014 года старшыня КНР Сі Цзіньпін падчас візіту на прадпрыемства SAIC Motor адзначыў: «Калі Кітай хоча ператварыцца з буйной краіны-вытворцы аўтамабіляў у моцную аўтамабільную дзяржаву, неабходна распрацоўваць аўтамабілі на новых крыніцах энергіі».

У ліпені 2020 года Сі Цзіньпін падчас наведвання прадпрыемства FAW падкрэсліў: «Для забеспячэння высакаякаснага развіцця аўтамабільнай прамысловасці Кітая неабходна нарошчваць уласныя распрацоўкі ў галіне ключавых тэхналогій і найважнейшых камплектуючых, дабівацца тэхналагічнай самастойнасці і ўстойлівасці, умацоўваць і развіваць нацыянальныя брэнды».

У маі 2015 года ў дакуменце «Кітайская вытворчасць-2025» была пастаўлена задача «авалодаць ключавымі тэхналогіямі ў галіне зніжэння вугляроднага следу, інфарматызацыі і інтэлектуалізацыі аўтамабіляў», а развіццё аўтамабіляў на новых крыніцах энергіі і тэхналогій інтэлектуальных падключаных транспартных сродкаў было вызначана як асноўная лінія мадэрнізацыі.

У тым жа годзе Кітайская асацыяцыя аўтавытворцаў апублікавала кітайскае вызначэнне, класіфікацыю і тэхнічную архітэктуру для інтэлектуальных падключаных транспартных сродкаў, прапанаваўшы ўнікальную для Кітая фармуліроўку — «двайны драйвер: інтэлект плюс сеткавае ўзаемадзеянне».

У канцы 2016 года ў «Плане развіцця стратэгічных новых галін прамысловасці на перыяд 13-й пяцігодкі» было прапанавана паскараць укараненне інавацыйных тэхналогій у сферы электрамабіляў, развіваць аўтамабілі з інтэлектуальным аўтаматычным кіраваннем. У тым жа годзе былі апублікаваны «Дарожная карта па тэхналогіях энергазберагальных і аўтамабіляў на новых крыніцах энергіі» і «Дарожная карта па тэхналогіях інтэлектуальных падключаных аўтамабіляў».

У красавіку 2017 года ў «Плане сярэднетэрміновага і доўгатэрміновага развіцця аўтамабільнай прамысловасці» было заяўлена, што аўтамабілі на новых крыніцах энергіі і інтэлектуальныя падключаныя аўтамабілі павінны стаць пунктамі прарыву, якія ўзначаляць трансфармацыю і мадэрнізацыю галіны.

Сутыкнуўшыся з тэхналагічнымі бар’ерамі, Кітай не стаў слепа капіраваць міжнародны вопыт, а зрабіў стаўку на развіццё аўтамабіляў на новых крыніцах энергіі і інтэлектуальных падключаных транспартных сродкаў. Кітай першым сфармуляваў канцэпцыю «інтэлектуальнага падключанага аўтамабіля» і праклаў новы шлях развіцця галіны, дзе адначасова вызначаны тры вектары развіцця — электрыфікацыя, інтэлектуалізацыя і сеткавае ўзаемадзеянне.

На гэтым новым шляху развіцця традыцыйныя аўтавытворцы паскараюць трансфармацыю, а новыя гульцы на рынку аўтапрама і тэхналагічныя гіганты выходзяць на сумежныя рынкі. Ад серыйнай вытворчасці звышхуткіх зарадных станцый магутнасцю ў мегаваты і бязмодульных батарэй да высокапрадукцыйных чыпаў для аўтаномнага кіравання і лідараў высокага класа — кітайскія аўтавытворцы дасягнулі поўнага кантролю над ключавымі тэхналогіямі на ўсіх узроўнях, яны самастойна распрацоўваюць усе тэхналогіі, валодаюць усімі правамі на інтэлектуальную ўласнасць і не залежаць ад знешніх пастаўшчыкоў.

Сёння аўтамабіль перастае быць проста транспартным сродкам і ператвараецца ў інтэлектуальную прыладу. Доля новых аўтамабіляў з частковай аўтаматызацыяй ваджэння ўзроўню L2 у Кітаі ўжо дасягнула 70%.

Рост сегмента кітайскіх аўтамабіляў на новых крыніцах энергіі сур’ёзна змяняе ўяўленні аб рынку ва ўсім свеце. На Пекінскай міжнароднай аўтамабільнай выставе цікавасць замежных удзельнікаў поўнасцю зрушылася: калі раней іх прыцягвала ў першую чаргу нізкая цана, то цяпер яны захоплены тэхналогіямі і актыўна вывучаюць, наколькі хутка кітайскія кампаніі вядуць распрацоўкі і якія магчымасці ёсць для ліцэнзавання тэхналогій.

Як адзначыў экс-прэзідэнт Гандлёвай палаты Еўрапейскага саюза ў Кітаі Ёрг Вутке, трэба прызнаць радыкальна новую рэальнасць: сучасны аўтамабіль — гэта ўжо даўно не проста шасі з рухавіком.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю