Top.Mail.Ru

Кожны трэці. Нельга забыць

Канцэрт-рэквіем «Кожны трэці», які праходзіць на гэтым тыдні штодня ў Палацы Рэспублікі, убачаць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. У панядзелак вечарам яго паглядзелі прадстаўнікі Віцебшчыны — славутага партызанскага краю, радзімы легендарных Канстанціна Заслонава і Бацькі Міная і месца гераічнай аперацыі «Прарыў» супраць фашысцкай блакады.


Аляксандр СУБОЦІН, старшыня Віцебскага аблвыканкама, нагадаў, што Віцебшчына за Перамогу заплаціла дарагую цану: «Віцебск, які меў да вайны 180 тысяч жы-хароў і з'яўляўся адным з цэнтраў прамысловай вытворчасці ў СССР, пасля вайны быў разбураны на 93 %. Са 180 тысяч жыхароў сустракаць вызваліцеляў выйшла ўсяго 118 чалавек. У нашай вобласці ў кожным рэгіёне былі спалены сотні вёсак, многія з якіх не былі адноўлены і праз 80 гадоў там засталіся ў асноўным лясныя масівы».

Цяпер у Віцебскай вобласці пражывае 107 ветэранаў, расказаў Аляксандр Субоцін. «Іх подзвіг не мае тэрміну даўнасці. Яны з'яўляюцца жывым прыкладам таго, як трэба самаахвярна служыць Радзіме. Яны — духоўны камертон і паказчык здароўя нашай нацыі. Мы гаворым ім дзякуй за тое, што мы ёсць, і за тое, што маем такую выдатную краіну. Азіраючыся назад, мы разумеем, што толькі разам, аб'яднаўшыся, савецкі народ перамог карычневую чуму. Толькі разам мы аднавілі нашу краіну. І разумеем, што толькі разам мы здолелі пабудаваць сучасную Беларусь. І толькі разам мы зможам далей ствараць і супрацьстаяць усім выклікам і пошасцям і перадаць усё дасягнутае намі дзецям і ўнукам», — падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Пасля канцэрта-рэквіема ў зале не было абыякавых людзей. Пад уражаннем былі і гледачы ў зале, і артысты, якія выходзілі на сцэну. Зрэшты, няхай яны скажуць пра гэта самі.

Дзмітрый ТАКМАКОЎ, мастацкі кіраўнік і саліст мужчынскага хору «Усіхсвяцкі»:

«Гэта праект, калі мужчыны плачуць. Мужчыны плачуць і на сцэне, і ў зале. У нашым ДНК ужо закладзена памяць болю, страху і пульсуючай крыві. Пастаноўка такога канцэрта — гістарычная падзея. На маю думку, гэта самы жывы і самы адухоўлены патрыятызм ва ўсёй яго праяве. Можна вельмі шмат казаць аб любові да Радзімы, да сваёй зямлі. Але калі ты гадзіну з невялікім праводзіш у гэтай зале і цалкам паглыбляешся ў атмасферу страху, жаху і болі, ты відавочна ўсёй душой і ўсім сэрцам разумееш сваю гісторыю. Ты разумееш, для чаго была ахвяра нашых продкаў».

Ірына АГАРОДНІКАВА, намеснік начальніка Полацкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі «Белпошта»:

«Увесь канцэрт мы прапусцілі праз сябе. Тым больш што мой дзядуля прайшоў усю вайну. Канцэрт вельмі кранальны. Яго трэба паказваць, асабліва нашым дзецям. Паказваць, каб яны ведалі, якой цаной дасталася ім жыццё».

Вікторыя АЛЕШКА, заслужаная артыстка Беларусі:

«Кожны раз перад тым, як выйсці на сцэну, я чую словы, якія кранаюць да глыбіні душы. І я з клубком у горле выходжу на сцэну. Я абсалютна нічога не магу з гэтым зрабіць, таму што тэма такая. Яна не можа не кранаць».

Іна ЗАДРОЎСКАЯ, загадчыца дзіцячага садка (Наваполацк):

«У мяне да гэтага часу ў грудзях стукае набат. Гэта фраза „кожны трэці“... Немагчыма ўсвядоміць яе без слёз. Жудасна чуць і бачыць пералічэнні тысяч спаленых вёсак...

Мы не можам гэта забыць. Проста не маем на гэта права. Нашы дзеці павінны жыць у мірнай і шчаслівай краіне».

Ганна БЛАГАВА, спявачка і кампазітар:

«Для мяне канцэрт «Кожны трэці» — унікальны праект. Я лічу, што стваральнікі рэквіема — сапраўдныя героі нашага часу. У наш няпросты час, калі Захад спрабуе перакроіць гісторыю, напісаць яе нанова, пад свой фармат, мы,беларусы, імкнёмся абараніць гістарычную праўду. Асабліва важна перадаваць сямейныя гісторыі.

Анатоль СІЎКО, член Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў:

«Кожны нумар праграмы крануў да глыбіні душы. Гэта не проста даніна памяці, а важны напамін пра тое, што мы павінны берагчы і перадаваць памяць аб подзвігу нашых продкаў. Музыка, словы і эмоцыі, якія мы перажылі, прымушаюць задумацца, як важна захоўваць гісторыю і памятаць аб ахвярах вайны. Я ганаруся тым, што ў нашай краіне праводзяцца такія мерапрыемствы, якія аб’ядноўваюць людзей розных пакаленняў. Гэта дазваляе нам не толькі ўшанаваць памяць загінулых, але і ўмацаваць нашу сувязь з гісторыяй і культурай. Канцэрт стаў сімвалам адзінства і сілы нашага народа, і я спадзяюся, што падобныя ініцыятывы будуць працягвацца ў будучыні. Мы абавязаны зрабіць усё магчымае, каб памяць аб героях вайны жыла ў сэрцах нашых дзяцей і ўнукаў».

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю