Top.Mail.Ru

Краіны Балтыі выйшлі з энергетычнага кола БРЭЛЛ

У суботу, 8 лютага, Эстонія, Латвія і Літва сінхронна адключыліся ад расійска-беларускай энергетычнай сістэмы (так званага электрычнага кола БРЭЛЛ), каб у нядзелю сінхранізавацца з еўрапейскай сеткай. Гэта як у анекдоце: «Хай лепш вушы адмарожу, але каб бабуля плакала».


Якраз той выпадак. Тры прыбалтыйскія суседы рэалізавалі свой толькі ім зразумелы план: адключыліся ад надзейнай энергасістэмы, каб трапіць яшчэ ў большую залежнасць.

«Свабода» ад навукі, адукацыі, суверэнітэту і развіцця ўжо наступіла

Правялі ўсё з помпай: з удзелам кіраўнікоў краін Балтыі і запрасіўшы на гэтую гістарычную падзею — прэзідэнта Польшчы і кіраўніка Еўракамісіі. Такім чынам, яны паказалі, маўляў, цяпер мы пераключыліся на еўрапейскую сетку і ад усходніх суседзяў атрымалі энергетычную незалежнасць.

Антон Каранкевіч, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці, выказаў упэўненасць, што адключэнне краін Балтыі ад адзінай энергасістэмы БРЭЛЛ не акажа ўплыву на надзейнае забеспячэнне спажыўцоў Беларусі цеплавой і электрычнай энергіяй. Як адзначыў дэпутат, такое рашэнне носіць палітычны характар і нашкодзіць самім ініцыятарам адключэння. Вынікам стануць вялікія эканамічныя страты для ўсяго Еўрасаюза. — За беларускую ж энергасістэму перажываць не варта, яна ўсё гэтак жа стабільная і прадаўжае сінхронную працу з энергасістэмай Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы, — падкрэсліў дэпутат.

Урсула фон дэр Ляен напісала ў Х з гэтай нагоды наступнае: «Свабода ад пагроз і шантажу, нарэшце».

Пацешнае ў гэтым тое, што такія дзеянні як раз такі і вядуць да поўнай залежнасці, прычым куды больш істотнай — ад энергасістэмы ЕС і яе недэмакратычных тарыфаў.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава ў адказ на ўяўную свабоду, пра якую распінаецца фон дэр Ляен, заявіла, што адключэнне Прыбалтыкі ад БРЭЛЛ разглядаецца як працяг працэсу, негатыўна ўплывае на развіццё краін і народаў рэгіёна. Яна падкрэсліла, што фактычная «свабода» ад навукі, адукацыі, суверэнітэту і развіцця ўжо наступіла для Прыбалтыкі, што з’яўляецца лагічным следствам разбурэння перадумоў для росквіту і незалежнасці гэтых краін.

Як вынік — далейшае збядненне насельніцтва

Эксперты аднагалосныя ў ацэнках: рост тарыфаў на электрычнасць у гэтых краінах непазбежны.

Па даных аператара Lіtgrіd, у літоўскай цанавой зоне аптовы кошт на электраэнергію падскочыць да 325 еўра за МВт.ч, або 32,5 цэнта за кВт.ч (без уліку ПДВ).

Гэта вельмі негатыўна адаб’ецца на прамысловасці, якая і так не моцна бліскае вынікамі, а рост тарыфаў, наогул, пакладзе яе на лапаткі: пра якую канкурэнтаздольнасць прадукцыі можна будзе весці гаворку, калі цэннік на яе ўзляціць яшчэ вышэй?

Эксперты прадракаюць стагнацыю ў прамысловым сектары і рост цэн на электрычнасць для насельніцтва.

Рэсурс Baltnews адзначае, што выхад з БРЭЛЛ у выніку прывядзе краіны Балтыі да стабільна высокіх аптовых цэн на электрычнасць і, такім чынам, да павышэння рознічных цэн на электраэнергію і росту спажывецкіх цэн.

Яшчэ адным наступствам стане стагнацыя мясцовай прамысловасці і далейшае збядненне насельніцтва, што выкліча мноства сацыяльных праблем.

На думку аўтара матэрыялу, сапраўдныя мэты дэсінхранізацыі Латвіі, Літвы і Эстоніі з энергаколам БРЭЛЛ вельмі далёкія ад дэклараваных, а наступствы — ад прагнозаў: «Дэсінхранізацыя не мае ніякага дачынення да інтарэсаў Латвіі, Літвы і Эстоніі. Гэта проста частка антырасійскай палітыкі і выкананне замовы калектыўнага Захаду, — гаворыцца ў матэрыяле. — Гэты працэс суправаджае не столькі магутная, колькі аднастайная прапагандысцкая кампанія. Людзям пастаянна распавядаюць, наколькі гэта бяспечна і геапалітычна правільна».

У Пастаянным прадстаўніцтве Расіі пры ЕС заявілі, што адключэнне краін Балтыі ад БРЭЛЛ носіць палітычны характар і пацягне за сабой вялікую эканамічную шкоду для саміх краін Балтыі і ў цэлым для Еўрасаюза. Там паказалі, што гэты крок прывядзе да «росту коштаў на электраэнергію ў рэгіёне, зніжэння надзейнасці працы энергасістэм і далейшага падрыву канкурэнтаздольнасці эканомікі ЕС».

Калі палітычная будучыня вызначаецца ў іншых дзяржавах

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч у эфіры «Альфа-Радыё» нагадаў, што БРЭЛЛ было створана ў 2011 годзе для таго, каб злучыць энергасістэмы Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі:

— Такая сістэма дапамагала ў тым ліку атрымліваць танную энергію краінам Балтыі і ў выпадку нейкіх аварый аператыўна вырашаць пытанні без наступстваў для эканомікі і сваіх грамадзян.

Ён акцэнтуе ўвагу на бяздумным марнаванні грошай, якія не прынясуць жаданага эфекту:

— Зараз жа было выдаткавана паўтара мільярда еўра на тое, каб дэмантаваць гэтую сістэму. А чаго Еўрасаюз і краіны Балтыі хацелі гэтым дамагчыся? Бо цяпер будзе павышэнне коштаў на электраэнергію для ўласных спажыўцоў. Тая ж Літва 50% энергіі здабывае з дапамогай ветракоў, а траціну закупляе. Яна магла б закупляць у нас ці ў Расіі па нізкіх коштах, але не. У іх жа застаецца адзін пастаўшчык у Еўропе — Польшча. А тая прадае электраэнергію па адным з самых высокіх коштаў у Еўрасаюзе — 90 еўра за кілават-гадзіну. Гэта ў два разы больш, чым у Францыі, і ў тры больш, чым у Швейцарыі. Да літоўскага спажыўца гэтая энергія будзе даходзіць яшчэ на 40% даражэй — за 138 еўра.

На думку парламентарыя, такое павышэнне тарыфаў адаб’ецца на кошце тавараў і паслуг. І ў першую чаргу на спажыўцах. Але ён звяртае ўвагу на тое, што кіраўнікам краін Балтыі ўсё роўна на меркаванне і патрэбы сваіх грамадзян, і тлумачыць, з якой прычыны:

— Таму што палітычная будучыня краін вызначаецца ў іншых дзяржавах і іншымі людзьмі. Што тады яны кажуць жыхарам? Што, маўляў, яны змагаюцца такім чынам за экалогію, што пераход на іншыя крыніцы энергіі нібыта ачысцяць прыроду.

«А рэальнасць якая?» — задаецца пытаннем дэпутат і тлумачыць:

— Па сутнасці справы, адключаючыся ад нашай сістэмы электразабеспячэння і не маючы магчымасці якім-небудзь чынам рэагаваць і кампенсаваць праблему ў выпадку аварыі, народ краін Балтыі застанецца без (таннай і даступнай. — Заўв. рэд.) энергіі.

А што ў нас?

Беларуская энергасістэма працягвае стабільную і надзейную працу пасля выхаду краін Балтыі з энергакола БРЭЛЛ.

Пра гэта заявілі ў Мінэнерга, адзначыўшы, што 8 лютага ў 10.09 адключэннем лініі электраперадачы 330 кВ Кінгісепская — Балці № 1 завяршыліся ўсе тэхналагічныя аперацыі па аддзяленні Літвы, Латвіі і Эстоніі ад паралельнай працы з энергасістэмамі Беларусі і Расіі.

— Беларуская энергасістэма працягвае сінхронную працу з энергасістэмай Расійскай Федэрацыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, — падкрэслілі ў ведамстве. — Дзякуючы раней рэалізаванаму комплексу мер па павышэнні ўстойлівасці работы энергасістэмы, усе спажыўцы Рэспублікі Беларусь надзейна і бесперабойна забяспечваюцца электрычнай і цеплавой энергіяй у запатрабаваных аб’ёмах.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю