Новыя кантракты і стратэгічныя дамоўленасці — вялікая камандзіроўка Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі стала не проста серыяй візітаў, а дэманстрацыяй таго, як рэспубліка выбудоўвае доўгатэрміновыя адносіны з партнёрамі на міжнароднай арэне. Расія, Кітай, Інданезія, М’янма.
Маршрут кіраўніка дзяржавы — гэта краіны з сукупным насельніцтвам больш за 2 млрд чалавек, амаль трэць сусветнай эканомікі. Тут сканцэнтраваны буйныя вытворчыя цэнтры, новыя тэхналагічныя і лагістычныя ланцужкі. Супрацоўніцтва з гэтым рэгіёнам з’яўляецца для Беларусі не толькі пытаннем гандлю, але і часткай доўгатэрміновай стратэгіі па ўмацаванні ўстойлівых эканамічных і палітычных сувязяў з цэнтрамі глабальнага росту.
Самыя важныя вынікі перагавораў, ключавыя заявы і тое, што засталося за рамкамі афіцыйных сустрэч, — у аглядзе БелТА.
Першым пунктам у вялікай замежнай камандзіроўкі стала Расія, традыцыйны саюзнік Беларусі. На Валдаі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустрэліся тэт-а-тэт, а на наступны дзень правялі новы раўнд перагавораў ужо ў пашыраным складзе. Затым беларускі лідар накіраваўся ў Кітай — рабочы візіт (ужо 17-ы па ліку!) быў насычаным і прадуктыўным. Візіт у Інданезію адкрыў Беларусі магчымасць яшчэ больш замацавацца ў адным з самых хуткарослых рэгіёнаў свету. Пасля перагавораў у Джакарце Прэзідэнт Беларусі наведаў М’янму, якая з’яўляецца перспектыўным партнёрам у АСЕАН.
Кітай: стратэгічнае партнёрства без белых плям
Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Кітай увечары 28 чэрвеня, на наступны дзень у яго адбылася рабочая сустрэча са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Кітайскі лідар станоўча ацаніў узаемаадносіны Мінска і Пекіна: «Мне вельмі прыемна зноў прымаць вас, мой дарагі сябар. Я вельмі рады вас бачыць. Мы часта сустракаемся, маем зносіны, вельмі своечасова вядзем самы аб’ёмны дыялог па самых розных пытаннях».
Сі Цзіньпін адзначыў, што Мінск і Пекін развіваюць усепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства. «Кітай і Беларусь — жалезныя сябры. Нашы адносіны вытрымалі любыя выпрабаванні міжнароднай турбулентнасці, і наша сяброўства толькі ўмацоўваецца. Наша з вамі супрацоўніцтва носіць шматпланавы характар, ідзе ў нагу з часам і пастаянна прыносіць новыя вынікі. Беларуска-кітайскія адносіны перажываюць гістарычны пік, — заявіў старшыня КНР. — У міжнародных справах мы таксама пастаянна знаходзімся ў шчыльным кантакце».
Адзін з прыкладаў паспяховага ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі — індустрыяльны парк «Вялікі камень», які стаў міжнароднай пляцоўкай для стварэння высокатэхнічных вытворчасцяў. Дарэчы, 2026-2027 гады для Беларусі і Кітая праходзяць пад знакам прамысловай кааперацыі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь выкарыстоўвае кітайскія тэхналогіі па ўсіх напрамках эканамічнага развіцця і задаволеная іх узроўнем, а таксама якасцю атрыманай прадукцыі
«Мы з вамі пастаянна абменьваемся пунктамі гледжання па міжнародным парадку дня, аб сітуацыі ў рэгіёне. Я вас пастаянна пра гэта інфармую. Думаю, нам трэба гэтыя кантакты прадоўжыць і далей», — адзначыў беларускі лідар.
Некаторыя падрабязнасці перагавораў раскрыў першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў, які ўжо даўно курыруе кітайскі кірунак. Паводле яго слоў, на сустрэчы было адзначана, што для Беларусі і Кітая надышоў новы гістарычны этап для паглыблення супрацоўніцтва па ўсіх напрамках.
«Гэта гаворыць, што планка будзе найбліжэйшым часам перавышаная, — сказаў Мікалай Снапкоў. — Кітайскі бок гатовы да любога ўзроўню супрацоўніцтва, калі гатовы мы. Мы павінны ініцыяваць, быць больш актыўнымі, дакладна разумець, што, як і калі мы хочам. Вопыт і практыка паказваюць, што кітайскія калегі гатовыя працаваць па ўсіх напрамках і на ўсіх узроўнях паглыблення супрацоўніцтва».
Адзін з ключавых кірункаў прамысловае супрацоўніцтва. Беларусь разлічвае набыць кітайскія тэхналогіі — сёння іх 11 — і на іх аснове развіваць сумесныя вытворчасці. «Гэта для нас вельмі важна. Паглыбленне, нарошчванне, развіццё, безумоўна, дадуць магутны імпульс эканамічнаму росту краіны», — заявіў першы віцэ-прэм’ер.

Падчас рабочага візіту ў Кітай Аляксандр Лукашэнка наведаў Пекінскі ўніверсітэт. Як вядома, ВНУ Беларусі і Кітая ў 2022 годзе запусцілі сумесную адукацыйную праграму па спецыяльнасці «біятэхналогія». Гэта ў пэўным сэнсе стала ўнікальным выпадкам, калі ўдалося ўзгадніць дзве розныя традыцыі і сістэмы адукацыі. У гэтым годзе адбыўся першы выпуск спецыялістаў.
«Мы хацелі б, каб пачатак, пакладзены тут, развіваўся. Мы ў Беларусі хацелі б, каб гэтыя праграмы былі глыбокімі і ўсебаковымі, каб яны (мы гэтага таксама хацелі б) былі практыка-арыентаванымі. У адваротным выпадку навошта гэта навучанне, калі гэта не будзе ў поўнай меры звернута на практыку і не будзе прыносіць карысць двум народам?» - сказаў кіраўнік дзяржавы на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дыпломаў.
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускія спецыялісты будуць працаваць у Беларусі, хоць у іх былі зацікаўлены, напрыклад, расійскія і кітайскія кампаніі. «Гэта ўнікальныя хлопцы, якіх гатовыя займець не толькі ў Беларусі. Іх ужо паклікалі за вялікія грошы працаваць у Кітаі, Расіі — буйных дзяржавах. Упэўнены, і на Захадзе. Але мая ўмова вельмі жорсткая: мы рабілі ўсё, каб вы навучаліся тут для Беларусі, — заявіў ён. — Але навука — рэч інтэрнацыянальная, яна не можа належаць нейкаму аднаму народу і быць ізаляванай. Мы гатовыя з тэрыторыі Беларусі працаваць, перш за ўсё працаваць на дабрабыт кітайскага народа і ўсіх тых, хто з намі захоча супрацоўнічаць».
Спецыялісты, якія атрымалі адукацыю ў рамках сумеснай беларуска-кітайскай праграмы, будуць вынаходзіць па кітайскіх тэхналогіях вельмі дарагія і патрэбныя лекі для лячэння ракавых пухлін. «Тое, што вельмі трэба ва ўсім свеце», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
- На сустрэчы з кіраўніцтвам ВНУ кіраўнік дзяржавы прапанаваў паглыбіць супрацоўніцтва Мінска і Пекіна ў сферы адукацыі. «Яшчэ будучы тут дзесяць гадоў таму, я зразумеў, што з вашым універсітэтам у нас павінна нешта атрымацца ў плане адукацыі. За дзесяць гадоў мы прыдумалі сумесную праграму для навучання нашых маладых хлопцаў у гэтым універсітэце, — сказаў Прэзідэнт. — Але я хацеў бы, каб вы разумелі, як я гэта бачу: гэта толькі першыя крокі. Наша праграма мае патрэбу ва ўдасканаленні, мы павінны паглыбляцца, каб вопыт і веды дзяцей, якія будуць у вас вучыцца, веерам разыходзіліся ў Беларусі».
Тэма беларуска-кітайскіх адносін пасля візіту Кіраўніка дзяржавы не знікла з парадку дня. Літаральна праз некалькі дзён у горадзе Ланьчжоу правінцыі Ганьсу адкрыўся першы Беларуска-кітайскі форум рэгіёнаў. Ён сабраў больш за 270 удзельнікаў з 23 рэгіёнаў Кітая і прадстаўнікоў усіх абласцей Беларусі і Мінска.
На палях форуму падпісаны кантракты на агульную суму інвестыцый каля $1 млрд. Як адзначыў Мікалай Снапкоў, гэта адпавядае прамому патрабаванню Прэзідэнта, адлюстраванаму ў дырэктыве па развіцці супрацоўніцтва з Кітаем — пераходу ад мадэлі «Цэнтр — Цэнтр» да мадэлі «Рэгіён — Рэгіён». «Таму што ўсе справы робяцца не ў будынках урада, а ў рэгіёнах», — падкрэсліў першы віцэ-прэм’ер.
Інданезія: стаўка на найбуйнейшую эканоміку Паўднёва-Усходняй Азіі
Пасля завяршэння візіту ў Кітай беларускі лідар накіраваўся ў Інданезію — гэта галоўны гігант Паўднёва-Усходняй Азіі, дзяржава з насельніцтвам больш за 280 млн чалавек, найбуйнейшая эканоміка АСЕАН.
Інданезія — унікальная краіна нават па азіяцкіх мерках. Геаграфічнае становішча — паміж Індыйскім і Ціхім акіянамі — робіць яе адным з ключавых транспартных вузлоў сусветнага гандлю. І гэта дазваляе Мінску і Джакарце разглядаць адзін аднаго не толькі як партнёраў на двухбаковым узроўні, але і як своеасаблівыя масты паміж рэгіёнамі — Усходняй Еўропай і Паўднёва-Усходняй Азіяй. Асаблівую ролю адыгрывае і палітычная вага Інданезіі. Яна з’яўляецца адным з лідараў Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН) і традыцыйна прытрымліваецца стратэгічнай аўтаноміі, імкнучыся падтрымліваць адносіны адначасова з рознымі цэнтрамі сілы. Для Беларусі такі партнёр асабліва цікавы: Інданезія мае ўплыў у Азіі і не з’яўляецца часткай жорсткіх ваенна-палітычных блокаў.

Пераломным момантам у адносінах Мінска і Джакарты стаў 2013 год, калі Аляксандр Лукашэнка здзейсніў дзяржаўны візіт у Інданезію. На той момант тавараабарот паміж краінамі складаў каля $130 млн. У папярэднія гады паказчыкі былі як горш, так і лепш. Напрыклад, у 2011 годзе краіны нагандлявалі на $220 млн. Але нават гэтыя лічбы, лічыў Прэзідэнт Беларусі, відавочна не адпавядалі магчымасцям дзвюх дзяржаў.
- У ліпені 2025 года Беларусь наведаў Прэзідэнт Інданезіі Прабова Субіянта. Аляксандр Лукашэнка запрасіў інданезійскага калегу дадому, і ў нефармальнай абстаноўцы яны абмеркавалі максімальна шырокае кола тэм. «Пасля аднаўлення гэтага дома (гэта быў дом вайскоўцаў) да вас толькі Прэзідэнт Пуцін тут дома быў. Вельмі-вельмі даўно, яшчэ да яго аднаўлення, Сі Цзіньпін з сям’ёй. Таму вось тры такія вялікія чалавекі разам з вамі тут у мяне былі ў гасцях», — адзначыў беларускі лідар, прымаючы інданезійскага госця. У сваю чаргу Прабова Субіянта выказаў надзею, што ў бліжэйшы час Прэзідэнт Беларусі знойдзе магчымасць наведаць і яго дом у Інданезіі. «З вялікім задавальненнем. Думаю, мы такі час абярэм, падрыхтуемся сур’ёзна, нешта зробім, каб было пра што пагаварыць. І я з вялікім задавальненнем прыеду ў Інданезію яшчэ раз», — адказаў Аляксандр Лукашэнка.
Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, па шэрагу напрамкаў Мінск і Джакарта змаглі наладзіць цеснае партнёрства. Па выніках 2025 года ўзаемны гандаль таварамі і паслугамі вырас практычна да $ 640 млн. Але, як гаворыцца, дасканаласці няма мяжы. І цяперашні афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі быў накіраваны на развіццё ключавых напрамкаў супрацоўніцтва.
Беларускі борт нумар адзін прызямліўся ў Джакарце 1 ліпеня. У аэрапорце кіраўніка дзяржавы сустрэлі з нацыянальным каларытам. Інданезійская музыка, танцы, рота ганаровай варты, матацыклетны эскорт — усё на вышэйшым узроўні. З незвычайнага — пралёт ваенных самалётаў у гонар прыбыцця Аляксандра Лукашэнкі. Знішчальнікі ВПС Інданезіі суправаджалі самалёт Прэзідэнта і на падлёце да Джакарты.
Беларускі лідар спыніўся ў палацы на тэрыторыі комплексу рэзідэнцыі Прэзідэнта Інданезіі. Гэта з’яўляецца знакам асаблівай павагі і ўнікальным выпадкам у інданезійскай пратакольнай практыцы.
У першы дзень візіту Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з членамі ўрада Інданезіі, каб абмеркаваць сумесныя інвестыцыйныя праекты. «Я хачу, каб вы ведалі: калі мы нешта можам для вас зрабіць — калі ласка, мы Вас чакаем у Беларусі. Паглядзіце нашы вытворчыя кампаніі, нашы прадпрыемствы. Калі вас нешта зацікавіць, лічыце, што гэта ўсё рэалізуецца. У нас закрытых тэм у супрацоўніцтве з Інданезіяй няма. Наадварот, мы хочам пашыраць наша супрацоўніцтва. Таму давайце будзем дамаўляцца, — заявіў беларускі лідар. — Калі вы захочаце інвеставаць у нейкія прадпрыемствы, мы разгледзім любыя вашы прапановы. Узаемна хацелі б, каб без усялякай цяганіны і затрымак (вырашаліся пытанні. — заўв.), калі мы будзем ствараць тут прадпрыемствы па сумеснай вытворчасці тавараў, якія цікавяць вас. Магчымыя любыя напрамкі супрацоўніцтва. Вы толькі кажыце, што трэба. Яшчэ раз падкрэсліваю, каб вызначыцца з нашымі магчымасцямі, вы паглядзіце ў Беларусі, на што здольная краіна».
Інсайдамі перагавораў падзяліліся ўдзельнікі сустрэчы. Паводле слоў віцэ-прэм’ера Віктара Каранкевіча, бакі закранулі розныя сферы і напрамкі дзейнасці, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і паставак прадуктаў харчавання да паглыбленай прамысловай кааперацыі. Гаворка ідзе пра пастаўкі з Беларусі тэхнікі для механізацыі сельскай гаспадаркі. Тут будзе комплексны падыход, які прадугледжвае стварэнне сэрвісных цэнтраў па абслугоўванні тэхнікі, навучанне персаналу, а далей і стварэнне зборачных вытворчасцяў — не толькі сельскагаспадарчай, але і грузавой, кар’ернай тэхнікі.
Закраналіся таксама пытанні ў сферах аховы здароўя, вытворчасці медыцынскіх і ветэрынарных прэпаратаў як на тэрыторыі Беларусі, так і ў Інданезіі. «Асноўная задача — уцягнуць максімальна вялікую колькасць партнёраў у рэалізацыю гэтых праектаў», — сказаў Віктар Каранкевіч.
Кіраўнік інданезійскай нафтагазавай карпарацыі «Пертаміна» Сайман Алаізіус Манціры адзначыў, што, акрамя тэхналогій, вельмі важная і падрыхтоўка кадраў. «Мы адзначылі важнасць для нас развіцця чалавечых рэсурсаў. Таму мы хацелі б бачыць моцнае супрацоўніцтва ў сферах тэхналогій і іх перадачы, але таксама ў падрыхтоўцы нашых людзей у Інданезіі», — заявіў ён.

Дзелавыя колы абедзвюх краін мелі магчымасць правесці перагаворы з контрагентамі на сумесным бізнес-форуме, які прайшоў у Джакарце напярэдадні візіту беларускага лідара. Прадпрыемствы падпісалі кантракты на некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў, і гэта толькі па ўжо напрацаваных кантрактах. Наперадзе — новыя дамоўленасці, пастаўкі і праекты.
2 ліпеня ў Джакарце адбыліся перагаворы Аляксандра Лукашэнкі і Прабова Субіянта. Ім папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы з удзелам роты ганаровай варты, выкананнем гімнаў дзвюх краін, зброевымі залпамі і народнымі танцамі. Картэж Аляксандра Лукашэнкі па шляху ў Палац Незалежнасці суправаджаў ганаровы эскорт матацыклістаў, а затым больш за сотню кавалерыстаў на конях.
«Падчас падрыхтоўкі да гэтага візіту і знаходзячыся ў другі раз у Інданезіі за час сваёй прэзідэнцкай службы, я абсалютна перакананы, што для беларусаў работы ў Інданезіі дастаткова, і мы гатовыя папрацаваць сур’ёзна, каб рэалізаваць тыя мэты, якія вы паставілі перад сваім гіганцкім народам і велізарнай краінай», — заявіў Прэзідэнт Беларусі падчас перагавораў у вузкім складзе.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што напярэдадні ў яго з Прабова Субіянта таксама адбылася добрая размова, якая паслужыць фундаментам для далейшых крокаў па паляпшэнні і развіцці беларуска-інданезійскіх адносін.
Падчас перагавораў у пашыраным складзе кіраўнік беларускай дзяржавы правёў гістарычныя паралелі паміж Беларуссю і Інданезіяй, народы якіх ведаюць цану суверэнітэту і незалежнасці. «Пасля вашага абрання ў 2024 годзе палітычны дыялог і эканамічныя сувязі паміж нашымі краінамі прыкметна актывізаваліся дзякуючы актыўнай незалежнай пазіцыі, якую вы занялі. Галоўнымі прынцыпамі супрацоўніцтва для нас з’яўляюцца ўзаемная павага, гатоўнасць аказваць падтрымку адзін аднаму, у тым ліку на міжнароднай арэне. Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, паміж беларусамі і інданезійцамі шмат агульнага», — заявіў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ў Інданезіі ўдаецца паспяхова ўвасабляць у жыццё дэвіз «Адзінства ў разнастайнасці», высечаны на дзяржаўным гербе краіны. «У гэтым адзінстве — сіла вашага народа», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У сваю чаргу для беларусаў важным гістарычным арыенцірам стаў дэвіз «Разам за моцную і квітнеючую Беларусь!». «Нашы народы ведаюць цану суверэнітэту і незалежнасці. Як інданезійцы, так і беларусы суверэнітэт і незалежнасць адстойвалі ў вельмі жорсткай барацьбе з замежнымі захопнікамі, — сказаў Прэзідэнт. — Вопыт, набыты ў барацьбе за права самастойна распараджацца сваім лёсам, сваёй зямлёй, пакладзены ў аснову міралюбнай, але цвёрдай і паслядоўнай палітыкі беларускай дзяржаў на сучасным этапе».
Аляксандр Лукашэнка вітаў рашэнне інданезійскага боку аб адкрыцці пасольства ў Мінску. «Упэўнены, што гэтая дыпламатычная місія будзе рука аб руку працаваць з беларускім пасольствам у Джакарце, дапаможа нарасціць інтэнсіўнасць кантактаў паміж нашымі краінамі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Патэнцыял супрацоўніцтва паміж краінамі застаецца значным. І не, Інданезія — гіганцкая краіна ў параўнанні з Беларуссю. «Мы валодаем патрэбнымі для вас тэхналогіямі і кампетэнцыямі. І мы ў гэтых адносінах гатовыя з вамі працаваць. У гэтым плане няма закрытых тэм. Мы нікога не баімся, як і вы ў Інданезіі, таму што мы робім гэта не супраць кагосьці, а робім гэта на карысць нашых краін і народаў», — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што ў бакоў ёсць усе магчымасці, каб, напрыклад, неўзабаве на вуліцах Джакарты і іншых гарадоў Інданезіі з’явіліся ў вялікай колькасці аўтамабілі і іншая тэхніка, вырабленая ў Інданезіі па беларускіх тэхналогіях. «Мы не хочам толькі гандляваць з вамі. Гэта таксама нядрэнна. Але мы разумеем, што гэта не той шлях у сучасным свеце. Таму, прыйшоўшы да вас са сваёй прадукцыяй, мы гатовыя навучыць і падрыхтаваць дастатковую колькасць вашых людзей у Інданезіі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што падрыхтоўка інданезійскіх спецыялістаў магчымая і ў беларускіх установах адукацыі і гэта патрэбны, але доўгі шлях. Больш кароткі і ўжо апрабаваны Беларуссю ў іншых краінах свету — навучанне інжынераў непасрэдна на мясцовых вытворчасцях, на канвеерах.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на выгаднае геаграфічнае становішча Беларусі — у цэнтры Еўропы, што дае магчымасці для прасоўвання інданезійскай прадукцыі на еўрапейскі рынак. «Вы заўсёды можаце на нас разлічваць. Можаце з тэрыторыі Беларусі працаваць на Еўропу. І мы акажам вам у гэтым усялякую падтрымку. Мы з вамі сябры і будзем рабіць усё неабходнае, каб вы калі-небудзь не пашкадавалі аб тым, што з намі звязаліся», — сказаў ён.
Па выніках афіцыйных перагавораў бакі падпісалі некалькі міжнародных дакументаў. Галоўны з іх — дарожная карта развіцця ключавых напрамкаў супрацоўніцтва на 2026-2030 гады.
«Беларусы не проста прыглядаюцца да Інданезіі як да вельмі цікавага турыстычнага кірунку. Многія ўжо адкрылі яго для сябе. Нашы дэлегацыі надалі асаблівую ўвагу тэме ўзаемных паездак, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Інданезіі. — Таму і адкрыццё пасольства, і скасаванне візавых абмежаванняў, увядзенне свабодных паездак беларусаў у Інданэзію, як гэта ў нас, наадварот, адбываецца, — гэта вялікі крок наперад».
Прэзідэнт адзначыў, што гэты візіт ён з інданезійскім калегам планаваў яшчэ год таму, таму ён абсалютна планавы. «Мы шчаслівыя ў Беларусі, што ў рэалізацыі намечаных планаў у Інданезіі, а яны ў вас велічэзныя, вы ўбачылі Беларусь. Для нас тут ёсць непачаты край працы. Яшчэ раз хачу запэўніць: усё, пра што мы дамовіліся, мы рэалізуем. Так, мы не такая гіганцкая краіна, як Інданезія. Але ў нас ёсць тое, што трэба вам», — заявіў беларускі лідар.
- Прэзідэнт Інданезіі ў сваю чаргу выказаў надзею, што партнёрства Беларусі і Інданезіі стане яшчэ мацнейшым. «Гэты візіт падкрэслівае нашу дружбу, якая ўмацоўваецца. У глабальнай дынаміцы, якая ўвесь час змяняецца. Беларусь з’яўляецца галоўным партнёрам Інданезіі ў Еўразіі. І мы вельмі цэнім нашы адносіны, якія развіваюцца на аснове ўзаемнай выгады. Спадзяюся, што партнёрства Беларусі і Інданезіі стане яшчэ мацнейшым і супрацоўніцтва прынясе рэальную карысць для народаў абедзвюх краін», — сказаў інданезійскі лідар.
У склад беларускай дэлегацыі ў Інданезію прыехалі міністры замежных спраў, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, аховы здароўя, кіраўнік НАН Беларусі, кіраўнікі канцэрнаў «Белнафтахім», «Белдзяржхарчпрам». Перад перагавораамі на вышэйшым узроўні яны правялі сектаральныя перагаворы са сваімі інданезійскімі калегамі і вызначыліся па канкрэтных напрамках супрацоўніцтва.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў распавёў, што Інданезія гатовая закупляць у Беларусі да 100 тыс.т сухіх малочных прадуктаў. «Экспарт нашай прадукцыі склаў больш за $18 млн. Сёлета мы працягваем працаваць. Але гэта не тыя аб’ёмы, у якіх зацікаўленыя нашы калегі, — сказаў Юрый Горлаў. — На сённяшні дзень ужо заключана кантрактаў на пастаўку сухога малака ў Інданезію на суму больш за $76 млн. Гэта каля 20 тыс. т сухіх малочных прадуктаў. Я з калегам меў зносіны — да 100 тыс. т сухіх малочных прадуктаў яны гатовыя купляць у нас па канкурэнтаздольным цэнах».
Бакі дамовіліся аб садзейнічанні беларускага боку ў пытанні стварэння і развіцця ў Інданезіі малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў. «Яны ставяць перад сабой мэту забяспечыць харчовую бяспеку сваёй краіны. Мы ў гэтым гатовыя аказаць садзейнічанне», — заявіў Юрый Горлаў.

Беларусь таксама гатова дапамагчы Інданезіі ў меліярацыі рысавых палёў: для забеспячэння патрэбнасцей насельніцтва ў рысе ў краіне актыўна пашыраюцца пасяўныя плошчы пад гэтую культуру. «У нас ёсць эксперты, якія маглі б правесці і кансультацыйную, і практычную працу ў частцы аказання садзейнічання нашым калегам», — адзначыў кіраўнік Мінсельгасхарча.
Праяўляе цікавасць і да беларускай медыцыны. «Мы працуем па трэках адукацыі і фармацэўтыкі. Дадзенае пытанне абмяркоўвалася з прадстаўнікамі Міністэрства аховы здароўя Інданезіі і тых фірмаў, якія зацікаўлены ў прасоўванні сваіх прэпаратаў на тэрыторыі Беларусі. І нашы прадстаўнікі ўзаемадзейнічалі з імі, каб пазнаёміць з лінейкай (айчынных медыкаментаў. — заўв. БелТА) і дасягнуць дамоўленасцяў па прасоўванні нашых прэпаратаў», — расказаў у кулуарах міністр аховы здароўя Беларусі Аляксандр Хаджаеў. Ён адзначыў, што ў Беларусі чакаюць прыезду інданезійскіх партнёраў, каб на месцы паказаць магчымасці беларускай фармвытворчасці, прадэманстраваць фармат адукацыйных паслуг у сферы медыцыны.
М’янма: новы этап двухбаковага ўзаемадзеяння
З Джакарты Прэзідэнт Беларусі накіраваўся з рабочым візітам у М’янму. Прабова Субіянта асабіста праводзіў Аляксандра Лукашэнку ў аэрапорце. «Чакаю вас у Мінску», — сказаў на развітанне беларускі лідар. «Прыеду!» - паабяцаў Прэзідэнт Інданезіі.
М’янма — прынадны кавалачак для азіяцкіх і заходніх гульцоў з пункту гледжання рэсурсаў і ўплыву ў рэгіёне. Апошнім часам кантакты Мінска і Нейп’ідо прыкметна актывізавалася. У сакавіку 2025 года адбыліся афіцыйныя перагаворы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Дзяржаўнага Адміністрацыйнага савета, прэм’ер‑міністрам М’янмы (цяпер — Прэзідэнт М’янмы) Мін Аун Хлайнам, што надало новы імпульс двухбаковым адносінам. А ў лістападзе беларускі лідар здзейсніў першы візіт у адказ у Нейп’ідо. Акрамя таго, кіраўнікі дзяржаў сустракаліся некалькі разоў на працягу мінулага года на палях міжнародных мерапрыемстваў, у тым ліку на саміце ЕАЭС у Мінску.
- Цяперашняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Мін Аун Хлайнам стала свайго роду рэвізіяй таго, як выконваюцца дасягнутыя дамоўленасці. Падчас папярэдняга візіту Прэзідэнта Беларусі ў М’янму бакі падпісалі каля 30 дакументаў, галоўнымі з якіх сталі дарожная карта супрацоўніцтва на 2026-2028 гады і пагадненне аб узаемнай адмене віз. Яшчэ адной важнай дамоўленасцю лідараў дзвюх краін стала рашэнне павысіць статус прадстаўніцтва М’янмы ў Мінску да ўзроўню пасольства.
У адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі на вышэйшым узроўні, працягваецца работа ў тым ліку над сумеснымі кааперацыйнымі праектамі. У прыватнасці, ідзе падрыхтоўка да запуску зборачных вытворчасцяў беларускіх трактароў МТЗ і аўтамабільнай тэхнікі МАЗ у М’янме. Пашыраецца ўзаемадзеянне ў галіне фармацэўтыкі.
«Не мог не прыехаць да вас сёння, тым больш знаходзячыся ў гэтым геаграфічна далёкім рэгіёне», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што яны з Мін Аун Хлайнам добра знаёмыя, сустракаліся і праводзілі перагаворы шмат разоў. Такім чынам, ужо сфарміравалася пэўная база, гісторыя развіцця ўзаемаадносін Беларусі і М’янмы. Тым не менш цяперашні візіт і перагаворы маюць сваю важнасць.
«Асаблівасць цяперашніх узаемаадносін паміж М’янмай і Беларуссю заключаецца ў тым, як я гэта ўяўляю, што мы павінны даць старт новай ступені развіцця гэтых адносін, — сказаў Прэзідэнт. — Мы павінны выбудаваць з вамі адносіны паміж дзвюма краінамі, якія будуць характарызавацца як прыклад для іншых дзяржаў гэтага рэгіёна. Асновай нашых адносін будзе дабрабыт нашых народаў. Мы з вамі не сябруем супраць кагосьці. Мы сябруем з вамі і развіваем адносіны на карысць нашых народаў».
Што датычыцца парадку дня цяперашняга рабочага візіту, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што плануецца абмеркаваць некалькі пытанняў і тэм, у тым ліку выкананне раней дасягнутых дамоўленасцей. «Нам трэба паскарацца. Вы бачыце, што адбываецца ў свеце. Свет развіваецца вельмі бурна, вельмі часта непрадказальна. Мы таксама гэта бачым. Гэтую непрадказальнасць у свеце мы павінны перасягнуць актыўнымі дзеяннямі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Мін Аун Хлайн цёпла вітаў кіраўніка беларускай дзяржавы і падзякаваў яму за візіт. «Рады вас бачыць у нашай краіне. Мы з вамі сустракаемся тут другі раз», — сказаў Мін Аун Хлайн.
Ён падкрэсліў, што цяперашні візіт Прэзідэнта Беларусі сведчыць аб дынамічным развіцці ўзаемадзеяння дзвюх краін і высокім узроўні існуючых беларуска-м’янманскіх адносін. Карыстаючыся выпадкам, Мін Аун Хлайн таксама падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за прысутнасць прадстаўнікоў краіны на ўрачыстай цырымоніі яго інаўгурацыі ў якасці Прэзідэнта М’янмы.
М’янманскі лідар таксама адзначыў развіццё кантактаў на ўзроўні парламентаў і партый дзвюх краін. У прыватнасці, у Беларусі ў чэрвені гэтага года пабывала дэлегацыя на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Асамблеі саюза Рэспублікі Саюз М’янма Кхін Йі.
«Важна пашыраць адносіны не толькі па лініі кіраўніцтва дзвюх краін, але таксама паміж парламентамі і людзьмі», — падкрэсліў Мін Аун Хлайн.
3 ліпеня Мін Аун Хлайн адзначае 70-годдзе. У віншавальным пасланні Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разлічвае на далейшую падтрымку з боку Прэзідэнта М’янмы ў рэалізацыі дасягнутых раней дамоўленасцей, а таксама ў стварэнні ўмоў для новых узаемавыгадных эканамічных і гуманітарных праектаў.
«Нашы сустрэчы пераканалі мяне ў вашым шчырым жаданні развіваць доўгатэрміновае супрацоўніцтва паміж Мінскам і Нейп’ідо, накіраванае на ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці абедзвюх дзяржаў, павышэнне дабрабыту грамадзян», — падкрэсліў беларускі лідар.
Своеасаблівы падарунак для Прэзідэнта М’янмы днямі падрыхтаваў і беларускі ўрад, пастанавіўшы адкрыць да 1 лістапада 2026 года пасольства ў Нейп’ідо — гэта адзін з першых практычных вынікаў лістападаўскага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў М’янму і новы крок у развіцці беларуска-м’янманскага супрацоўніцтва.