Top.Mail.Ru
287

Кранальны чэлендж, прысвечаны Дню маці, запусціў прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу

Ініцыятыва «Мама, я даўно хацеў сказаць...» стартавала на пачатку кастрычніка ў Пінскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы імя А. Я. Кляшчова

І на сёння знайшла шырокую падтрымку сярод будучых спецыялістаў у сферы АПК па ўсёй краіне. Маладыя людзі са сталічных і рэгіянальных навучальных устаноў згадваюць самыя цёплыя моманты дзяцінства, дзеляцца асабістымі гісторыямі, гаворачы словы падзякі сваім блізкім.

Так, сёння чэледж падтрымалі ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. У холе ўніверсітэцкай бібліятэкі сабраліся як студэнты, так і выкладчыкі. Кожны ахвотны змог не толькі запісаць відэапаведамленне, але і падпісаць для сваіх блізкіх паштоўкі.

Як адзначыла Ірына Цубанава, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, не кожнае дзіця можа і ўмее праяўляць свае пачуцці, гледзячы ў вочы сваім блізкім, а часам, у руціне паўсядзённых дзён, могуць і забыцца сказаць важныя для бацькоў словы.

— Таму напярэдадні свята галіновы прафсаюз прапанаваў студэнтам і навучэнцам устаноў адукацыі сельскагаспадарчай галіны паўдзельнічаць у акцыі, якая дае магчымасць адкрыта выказаць удзячнасць і любоў сваім матулям. У рамках праекта ў навучальных установах устанаўліваюцца спецыяльныя таблічкі з надпісам: «Мама, я даўно хацеў сказаць...». Гэта запрашэнне кожнаму студэнту спыніцца, задумацца і выказаць сваю падзяку і любоў самым блізкім людзям. Падчас акцыі праводзіцца відэаздымка прызнанняў, кранальныя і шчырыя пасланні маладых людзей размяшчаюцца ў сацыяльных сетках, студэнты могуць і асабіста адправіць іх бацькам, размясціць у сваіх акаўнтах. Праект закліканы нагадаць, наколькі важна казаць цёплыя словы любові і падзякі бацькам і тым, хто для нас сапраўды дарагі, — расказала Ірына Цубанава.

Трэба адзначыць, што ў цэлым Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўжо некалькі гадоў запар па ўсёй краіне праводзіць акцыі «Павіншуем маму разам!» і «Павіншуем тату разам!», у рамках якіх можна запоўніць яркую паштоўку для родных людзей. Работнікі прафкамаў у сваю чаргу дапамагаюць аформіць віншаванне і адпраўляюць яго па пазначаным адрасе. Рэспубліканскія прафсаюзныя акцыі дапамагаюць захоўваць, умацоўваць і папулярызаваць сямейныя каштоўнасці. Дарэчы, у рамках акцый таксама ў кожным рэгіёне праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы розных фарматаў — канцэрты, конкурсы, круглыя сталы і шмат іншага. 

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю