Гісторыя гэтай найстарэйшай айчыннай асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі цесна звязана з экспедыцыяй заолага, прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоля Фядзюшына ў вярхоўі Бярэзіны. Там, сярод загадкавых балот, магутных бароў і карункавага сеціва лясных рэчак і ручаёў, навукоўцы знайшлі амаль знішчаны ў нашай краіне від — баброў. Каб захаваць экасістэму гэтага «страчанага свету» і аднавіць папуляцыю самага буйнога грызуна Еўразіі, 100 гадоў таму, 30 студзеня 1925-га, быў створаны Бярэзінскі біясферны запаведнік. Падрабязней аб найбольш значных кірунках яго дзейнасці расказаў дырэктар запаведніка Андрэй Пракошын.
— Запаведнік у першую чаргу быў створаны для захавання і вывучэння каштоўных прыродных комплексаў і аб’ектаў у натуральным стане, прадухілення іх змен у выніку чалавечай дзейнасці. Гэта магчымасць у натуральных умовах прасачыць, якія пароды дрэў уступаюць першымі ў барацьбу за адкрытую прастору, як паводзяць сябе розныя прадстаўнікі фаўны і іншае. Каб прааналізаваць такі вялікі аб’ём даных, патрэбна моцная навуковая база…
— У нашай прыродаахоўнай установе сур’ёзны навуковы кадравы патэнцыял. Супрацоўнікі пастаянна праводзяць розныя маніторынгі і назіранні, рыхтуюць практыкаарыентаваныя навукова-даследчыя работы, вынікі якіх уяўляюць вялікую цікавасць для Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і іншых навуковых арганізацый, у тым ліку замежных.
Бярэзінскі біясферны запаведнік займае больш за 86 тыс. га і размяшчаецца на тэрыторыі Барысаўскага, Лепельскага і Докшыцкага раёнаў. Жывёльны свет прадстаўлены: 58 відамі млекакормячых; 245 — птушак; 34 — рыб, каля 17 — амфібій і рэптылій. Расце звыш 2 тыс. відаў раслін, у тым ліку 107 чырванакніжных.
Напрыклад, адно з найбольш актуальных даследаванняў накіравана на ўдасканальванне методык ідэнтыфікацыі бурага мядзведзя, папуляцыя якога на запаведнай тэрыторыі лічыцца найбольшай у краіне. Надзённай з’яўляецца і работа па вывучэнні ўзаемадзеяння энтамафагаў (насякомаедных арганізмаў) і шкоднікаў лесу, у першую чаргу вяршынных караедаў. Іх амаль немагчыма бяспечна для навакольнага асяроддзя вытруціць хіміяй, таму біялагічныя метады знішчэння больш прымальныя.
Нашы навуковыя супрацоўнікі ўдзельнічаюць у айчынных і міжнародных форумах, канферэнцыях і іншых мерапрыемствах. Уваходзяць у склад міжведамасных каардынацыйных саветаў і рабочых груп. Назапашаны навуковы і практычны вопыт дазваляе абменьвацца найбольш эфектыўнымі практыкамі і каардынаваць работу калег з іншых прыродаахоўных устаноў.
Апрача таго, частка навуковых праграм і работ прадугледжвае міжнародны ўдзел. Наладжаны кантакты з нацыянальным паркам «Смаленскае Паазер’е», Цэнтральна-Лясным дзяржаўным запаведнікам (Цвярская вобласць), Варонежскім дзяржаўным прыродным біясферным запаведнікам імя В. М. Пяскова і іншымі. Адбываецца актыўны абмен вопытам не толькі ў сферы навукі, але і турызму, экаасветы.
— Як атрымліваецца спалучаць захаванне тэрыторыі ў некранутым стане і турыстычную дзейнасць?
— У нас даволі жорсткія ўмовы знаходжання на ААПТ: вандраваць па ёй можна толькі па пэўных маршрутах і толькі ў суправаджэнні нашага супрацоўніка. Але такія абмежаванні нават павялічваюць цікавасць гасцей, бо іх чакае гарантавана дзікая прырода. У астатнім падыходзім з улікам узросту, фізічнай падрыхтоўкі, сямейнага статусу наведвальнікаў. Распрацаваны пешыя, веласіпедныя, конныя, лыжныя і іншыя маршруты.
На сайце запаведніка можна падабраць турпраграму па сезоне: навучыцца чытаць сляды на снезе ўзімку, атрымаць асалоду ад назірання за цецеруковымі на такавішчы ўвесну, паслухаць знакамітыя салаўіныя канцэрты ўлетку і іншае.
Адзін з самых папулярных відаў турызму — міфалагічны. Ён накіраваны на знаёмства з містычнымі ўяўленнямі нашых продкаў аб навакольным свеце: лесе, багне, жывёлах і гэтак далей. Па славянскіх паданнях, казках і звычаях створаны традыцыйны міфалагічны фестываль «Шлях Цмока» і адносна новы восеньскі тур «Велесава ноч». Праграма апошняга складаецца з экскурсіі ў Музей міфаў, розных тэматычных квэстаў. Разынка тура прыпадае на вечар, калі госці наведваюць Сцежку міфаў, а потым каля вогнішчаў, у казачна-рамантычнай лакацыі, слухаюць легенды і чароўныя казкі.
У мерапрыемствах, асабліва падзейнага турызму, удзельнічаюць не толькі навуковыя супрацоўнікі і экскурсаводы, але і іншыя работнікі. Яны пераўвасабляюцца ў розныя міфічныя істоты (Балотніка, Вадзяніка, Кашчэя і інш.) і працуюць з турыстамі на інсталяцыях і гульнявых пляцоўках.
Ладзяцца спартыўныя і карпаратыўныя сустрэчы, развіваецца дзелавы турызм. Напрыклад, для патрэб розных арганізацый здаюцца памяшканні і абсталяванне ў гасцінічных комплексах «Плаўна», «Сергуч», праводзяцца экскурсіі па Музеі прыроды і Лясным заапарку. Усюды прадугледжана суправаджэнне, каб госці атрымалі максімальна пазітыўныя ўражанні ад маршрутаў і экспазіцыі, а таксама ўзбагацілі кругагляд.
— Дарэчы, экаасвета — яшчэ адзін прыярытэтны кірунак дзейнасці запаведніка.
— Так, наша задача — расказаць турыстам аб міжнароднай важнасці ААПТ, яе ўкладзе ў сусветную ахову дзікай прыроды, а таксама спрыяць фарміраванню беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, любові да роднага краю. Экаасвета праводзіцца ў двух кірунках. Па-першае, усе маршруты і туры пракладзены так, каб госці маглі пазнаёміцца з найцікавейшымі гістарычнымі аб’ектамі і помнікамі прыроды, сустрэць характэрных прадстаўнікоў жывёльнага і расліннага свету. Па-другое, у нас адкрыты Дом экаасветы, праводзяцца заняткі «Зялёных школ». Дзеці на спецыяльна распрацаваных экасцежках правяраюць веды, атрыманыя ва ўстановах адукацыі.
Прывозяць навучэнцаў на семінары і практыкумы і многія ВНУ. Нярэдка пасля такіх заняткаў на прыродзе маладыя людзі вырашаюць звязаць сваю будучыню з нашай установай. І гэта не можа не радаваць, бо людзі, якія працуюць на запаведнай тэрыторыі, ствараюць гісторыю і аўру гэтага непаўторнага кутка нашай Радзімы. Кожны імкнецца выканаць сваю работу максімальна добра і якасна.
Фота Дзяніса ІЎКОВІЧА, з архіва Бярэзінскага біясфернага запаведніка