Крэатыўная эканоміка мае значны экспартны патэнцыял нашай дзяржавы. Але каб ідэя пачала прыносіць даход, спачатку яе трэба паспяхова абараніць — у першую чаргу ад «пірацтва» і несумленнай канкурэнцыі. Аб гэтым, як і аб перспектывах развіцця сектара ў Беларусі, расказалі на VІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Інтэлектуальная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця».
Што і з чым ядуць
Па ацэнках ААН, крэатыўныя тавары і паслугі ўжо даюць больш за 3 % сусветнага ВУП, а іх сусветны штогадовы аб’ём перавышае 2 трыльёны долараў. Але што менавіта адносіцца да такіх індустрый?
У Беларусі ў пачатку 2026 года Міністэрства эканомікі і Нацыянальны статыстычны камітэт сумеснай пастановай зацвердзілі пералік відаў дзейнасці, якія варта адносіць да крэатыўных індустрый. Да крэатыўнага сектара аднеслі мастацтва, літаратуру, музыку, рэкламу, архітэктуру, інфармацыйныя тэхналогіі, кіно і відэавытворчасць.
Па выніках 2025 года, уклад гэтых галін у ВУП нашай краіны дасягнуў 5 %, што вышэй за сярэднесусветны ўзровень. Заўважны прагрэс і ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ). За першае паўгоддзе 2026 года экспарт камп’ютарных, тэлекамунікацыйных і інфармацыйных паслуг вырас на 13,7 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. А згодна з Глабальным інавацыйным індэксам — 2026, Беларусь увайшла ў топ-25 краін па долі экспарту ІКТ-паслуг у агульным аб’ёме гандлю.
Інвестарам на заўвагу
Тым не менш яшчэ ёсць куды расці і развівацца. Гаворка ідзе аб нарошчванні долі крэатыўных сектараў у ВУП, дыверсіфікацыі эканомікі, падтрымцы інавацыйных кірункаў, развіцці крэатыўнага экспарту і кадравага патэнцыялу, а таксама аб падтрымцы так званых крэатыўных прадпрымальнікаў. Паказальна, што падобныя задачы ставяць перад сабой і іншыя краіны. Уладзімір РАБАВОЛАЎ, віцэпрэзідэнт Еўразійскага патэнтнага ведамства Еўразійскай патэнтнай арганізацыі, звярнуў увагу на тое, што ў некаторых дзяржавах, у прыватнасці ў Расіі і Кыргызстане, ужо распрацаваны і прыняты адпаведныя стратэгічныя дакументы. А ў Туркменістане пры мясцовым Саюзе эканамістаў створана аддзяленне, якое займаецца развіццём крэатыўнай і інавацыйнай эканомікі.
Прасочваецца і іншая тэндэнцыя: па словах старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Дзяніса КАРЖЫЦКАГА, як ніколі імкліва развіваецца сусветны рынак інтэлектуальнай уласнасці. Так, з 2025 года ў статыстыку Беларусі ўведзены паказчык інвестыцый у нематэрыяльныя актывы, і за восем месяцаў 2026-га ён склаў 2,3 % ад агульнага аб’ёму інвестыцый па краіне.
— Гэта больш за 840 мільёнаў рублёў, якія на сённяшні дзень укладваюць нашы арганізацыі і інвестары ў нематэрыяльныя актывы, — адзначыў Дзяніс Каржыцкі. — Перш за ўсё гэта праграмныя прадукты, але таксама канструктарская дакументацыя, архітэктурныя рашэнні, прамысловыя ўзоры і гэтак далей.
Асабліва гэта актуальна для Беларусі з яе развітой ІТ-індустрыяй. Нельга не адзначыць, што менавіта яна з’яўляецца безумоўным лакаматывам крэатыўнага сектара нашай краіны: «Фактычна гаворка ідзе пра Парк высокіх тэхналогій. Менавіта тут крэатыўны сектар фарміруе значныя аб’ёмы дабаўленай вартасці», — адзначыў намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Антон АЛЯКСЕЕЎ.
Як абараніць творчасць
Надзейным інструментам, які дапамагае не страціць створанае, абараніцца ад несумленных канкурэнтаў і кантрафакту, з’яўляецца прававая ахова аб’ектаў прамысловай уласнасці. І айчынны бізнес, мяркуючы па статыстыцы, актыўна ёю карыстаецца: рост экспарту ІТ-паслуг ідзе паралельна з актывізацыяй патэнтнай актыўнасці. Так, па выніках першага паўгоддзя 2026 года ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ) было пададзена 4199 заявак на выдачу ахоўных дакументаў на аб’екты права прамысловай уласнасці. З іх 1609 — ад нацыянальных заяўнікаў, адзначыў генеральны дырэктар
Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксей КУРМАН. Для тых крэатыўных прадпрыемстваў, хто працуе на еўразійскай прасторы, зручным інструментам стане еўразійскі патэнт.
Дарэчы, прадстаўнікам рэальнага сектара эканомікі трэба памятаць, што адзін і той жа прадукт можна і трэба ахоўваць з усіх бакоў, рознымі спосабамі і інструментамі. Комплексны падыход да аховы — стратэгія, эканамічна абгрунтаваная: кожны дадатковы ўзровень аховы ўскладняе капіраванне праекта несумленнымі вытворцамі. А значыць, павышае ўнікальнасць і разам з ёй — рыначную вартасць прадукту.
Ад тэорыі — да практыкі
Тым больш што беларускія распрацоўшчыкі і прадпрыемствы ўжо актыўна патэнтуюць свае рашэнні, і некаторыя з гэтых распрацовак выклікаюць цікавасць за мяжой — пра іх расказаў віцэ-прэзідэнт Еўразійскага патэнтнага ведамства Еўразійскай патэнтнай арганізацыі Уладзімір Рабаволаў.
Адзін з такіх патэнтаў — на новы спосаб рамонту дарог — належыць Беларускаму нацыянальнаму тэхнічнаму ўніверсітэту. Па ідэі распрацоўшчыкаў, старое пакрыццё не вывозіцца, як звычайна, а перапрацоўваецца на месцы з дабаўленнем сучасных кампанентаў. Па трываласці такое пакрыццё пераўзыходзіць традыцыйнае, расказаў Уладзімір Рабаволаў: «Ідэя мае перспектыву не толькі для Беларусі. Гэтым патэнтам ужо зацікавіліся расіяне — наша распрацоўка адпавядае прыродным умовам іх тэрыторый».
Айчынныя вынаходнікі таксама атрымалі патэнт на аўдыяпрыладу, якая прымушае навушнікі гучаць як вялікая канцэртная зала. Сакрэт у двух фільтрах: адзін мадэлюе назапашванне гукавой энергіі на звышнізкіх частотах, другі — ранняе адлюстраванне гуку з затрымкай, якая залежыць ад частаты. Распрацоўка не дарагая, але тым не менш з велізарнай рыначнай перспектывай.
Яшчэ адно беларускае вынаходніцтва — сістэма, якая прадказвае прыроджаную пнеўманію ў нованароджаных з першых хвілін жыцця. З дапамогай розных інструментаў, у тым ліку штучнага інтэлекту, тэхналогія дае амаль стопрацэнтную дакладнасць пастаноўкі дыягназу.
І гэтыя прыклады — толькі малая частка перспектыўных праектаў, якія чакаюць свайго часу і камфортных умоў для рэалізацыі. На шчасце, для гэтага прававая база нашай краіны пастаянна ўдакладняецца і развіваецца: «Хуткасць і празрыстасць працэсу атрымання прававой аховы вызначаюць, як хутка ідэі змогуць выйсці на рынак і стаць крыніцай даходу, — падкрэсліў Дзяніс Каржыцкі. — Як ключавы інструмент рэгулявання, заканадаўчая база павінна быць унутрана ўзгодненай і даступнай для суб’ектаў гаспадарання, бо ад гэтага залежыць эфектыўнасць работы нацыянальнай сістэмы інтэлектуальнай уласнасці».
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД і з адкрытых крыніц