Top.Mail.Ru

Крок да ўдасканалення заканадаўства аб ахоўных тэрыторыях

Экалогія плюс эканоміка.


У краіне рыхтуецца праект Экалагічнага кодэкса, які ў тым ліку будзе рэгуляваць дзейнасць асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Менавіта практыцы прымянення заканадаўства аб ААПТ было прысвечана выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў, што адбылося на базе рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі».
— У пытаннях захавання каштоўных прыродных комплексаў і аб’ектаў наша краіна дасягнула значных вынікаў, асабліва за апошнія дзесяцігоддзі. Створана заканадаўчая база, сфарміраваны і нарошчваецца навуковы патэнцыял. Гэта стала магчымым перш за ўсё дзякуючы дзяржаўнай палітыцы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, якая вызначаецца нарматыўнымі прававымі актамі, выбудаванай стратэгіяй работы, эфектыўнай рэалізацыяй пастаўленых задач. У выніку планамернай работы ўстойліва расце плошча ААПТ, якая ў параўнанні з 2024 годам павялічылася на 5000 га. 
Агульная плошча па стане на 1 студзеня 2025 года складае больш за 1,9 млн га, або 9,2% тэрыторыі краіны,— адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАСЛЯК.

 Аднак, паводле яго слоў, існуе шэраг вострых пытанняў, якія могуць стаць падставай для ўдасканалення прынятага закона аб ААПТ.
— У праекце Экалагічнага кодэкса, які цяпер распрацоўваецца, будуць поўнасцю адлюстраваны грамадскія адносіны, якія рэгулююцца заканадаўствам у галіне ААПТ. Праектам не прадугледжваюцца змены існуючых у краіне асноўных падыходаў да развіцця сістэмы ААПТ, аднак вядзецца работа па вывучэнні практыкі прымянення заканадаўства ў мэтах яго далейшай актуалізацыі, — растлумачыў кіраўнік прыродаахоўнага ведамства.
Адной з прапанаваных навацый у Экалагічным кодэксе з’яўляецца карэкціроўка крытэрыяў выбару прыродных тэрыторый для аб’яўлення ААПТ. Так, падставай стане наяўнасць не менш чым 10 відаў дзікіх жывёл і 10 відаў дзікарослых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Цяпер дастаткова проста наяўнасці аднаго віду пэўнай рэдкай жывёлы або расліны.

У мэтах прадухілення дэградацыі каштоўных прыродных комплексаў і аб’ектаў, для захавання якіх аб’яўлены запаведнік і нацпаркі, прапанавана прадугледзець магчымасць правядзення аднаўленчых мерапрыемстваў па прыборцы расліннасці ў прыбярэжных палосах і воднай расліннасці.

Падчас абмеркавання былі выказаны і іншыя прапановы. Напрыклад, спрасціць працэдуру атрымання дакументаў, на падставе якіх узнікае права лесакарыстання. Пагаварылі і пра неабходнасць далучыць да аўтапарка заказнікаў спецтранспарт для аказання турыстычных паслуг і выканання навуковай, прыродаахоўнай і іншай дзейнасці.
— Эканоміка і экалогія павінны знаходзіцца цяпер на адным узроўні. Калі кіраўнікі будуць падыходзіць да гэтай тэмы па-іншаму, нічога не атрымаецца, — выказала думку старшыня Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў Жанна ЧАРНЯЎСКАЯ. — Таму і дэпутацкі корпус, і міністэрствы, і кіраўнікі заказнікаў, і прадстаўнікі навукі павінны дакладна разумець агульную задачу і рухацца да яе выканання.
Александрына ПАРШЫНА.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю