Top.Mail.Ru
333

«КРОК» пратэставалі на рэальных продажах

У апошнія дні 2025 года Нацбанк апрабаваў новую сістэму імгненных плацяжоў па QR-кодзе і ажыццявіў першыя плацяжы з дапамогай сэрвісу «КРОК»



З дапамогай гэтага сэрвісу стане яшчэ прасцей аплаціць пакупкі без банкаўскай карткі і наяўных. Рэальна такую магчымасць зусім хутка дадуць асобныя банкі краіны. 

Як адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацыянальнага банка Беларусі Антон ПАДРЭЗ, чатыры банкі першай групы значнасці павінны будуць падключыцца да новай сістэмы плацяжоў да ліпеня 2026-га, а астатнія банкі — да канца будучага года.

Хутка і заўсёды

«Гэта вельмі значны крок для ўсёй плацежнай сістэмы краіны, паколькі гэта мае на ўвазе ў першую чаргу дыверсіфікацыю плацежных рызык, а таксама гэта добрая альтэрнатыва розным існуючым плацежным дадаткам», — растлумачыў эксперт.

Па словах Антона Падрэза, плацежны сэрвіс «КРОК» рэалізаваны на базе сістэмы імгненных плацяжоў, а таксама на базе плацежнай сістэмы ў АРІП. Адметная рыса гэтай сістэмы заключаецца ў тым, што выкарыстоўваюцца не картачныя тэхналогіі, а рахункі. Акрамя таго, пры здзяйсненні плацяжу праз гэтую сістэму грошы ў рэжыме рэальнага часу будуць паступаць на рахунак юрыдычнай асобы, а гэтая сістэма будзе працаваць сем дзён у тыдзень і 24 гадзіны ў суткі, гэта значыць усе 365 дзён у годзе.

«Цяпер у пілотным праекце ўдзельнічаюць тры банкі першай групы значнасці. Акрамя таго, праходзіць узгадненне праект пастановы Нацыянальнага банка, якая будзе рэгламентаваць тыя працэсы, як плацежны сэрвіс будзе працаваць. У лютым гэты дакумент ужо будзе прыняты, пасля чаго банкі змогуць паўнавартасна ўкараняць гэту сістэму», — расказаў прадстаўнік фінансавага рэгулятара.

Да 1 ліпеня 2026 года банкі першай групы сістэмнай значнасці, куды ўваходзяць Беларусбанк, Белаграпрамбанк, Пріёрбанк і Альфа-Банк, павінны будуць цалкам падключыцца да дадзенага праекта. «Плюс гэтага плацежнага сэрвісу складаецца ў тым, што ён рэгулюецца Нацбанкам, адпаведна, мы будзем вызначаць уласную тарыфную палітыку. Яна будзе цікавей і прывабней ў адносінах да любых картачных сістэмах. Гэта работа з рахункамі, плацежнымі і інфармацыйнымі сістэмамі, якія належаць нам, таму гэта цалкам падкантрольны беларускаму рэгулятару сэрвіс», — падкрэсліў Антон Падрэз.

Акрамя таго, цяпер Нацбанк вядзе работу з МПЗ па вызначэнні, у якіх крамах і гандлёвых пунктах гэтая сістэма будзе выкарыстоўвацца. У сувязі з тым, што грошы пакупніка будуць імгненна паступаць на рахункі прадаўца, сістэма будзе вельмі выгадная буйным гандлёвым гульцам. Прадстаўнік Нацбанка лічыць, што гандлёвыя сеткі з цягам часам будуць змагацца за масавага пакупніка, які будзе выкарыстоўваць сэрвіс «КРОК». У такім выпадку, у «прасунутых» пакупнікоў будуць больш лаяльныя цэны і іншыя цікавыя «плюшкі». 

Бязмежны праект

Адказваючы на пытанне журналіста «Звязды», Антон Падрэз адзначыў, што сістэма імгненных плацяжоў на адных крамах не спыніцца. «Мы разумеем, як можна і трэба развіваць гэты сэрвіс. Яго можна ўкараніць і ў сістэму паслуг, дзе абслугоўваецца масавы спажывец. У прыватнасці, мы таксама ўжо працуем над пашырэннем сэрвісу, каб у беларусаў была магчымасць з выкарыстаннем беларускіх інструментаў здзяйсняць плацяжы па QR-кодзе і за мяжой у дружалюбных краінах», — расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення.

Такім чынам, жыхары нашых гарадоў (і не толькі) у перспектыве змогуць з дапамогай дадаткаў беларускіх банкаў здзяйсняць такія плацяжы і для гэтага ім не спатрэбіцца афармленне мясцовай банкаўскай карткі або наяўнасць замежнай валюты. Замежнікі таксама змогуць здзяйсняць такія плацяжы ў Беларусі.

Акрамя таго, у перспектыве гэтыя плацяжы можна будзе ажыццяўляць як афлайн, так і анлайн.

А ўкараненне новага плацежнага сэрвісу паспрыяе росту долі безнаяўных аперацый у Беларусі. Цяпер гэты паказчык у краіне — каля 70 %.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БелТА

Чытайце таксама: Нацбанк зацвердзіў асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2026 год

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю