Top.Mail.Ru

Круглы стол збярэ пісьменнікаў краіны і свету

Па традыцыі, якая бярэ пачатак з 2007 года, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Саюз пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы дзяржаўных кніжных выдавецтваў і літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў 4 верасня, у пярэдадзень Дня беларускага пісьменства, правядуць круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў.

Размова пойдзе пра міжнародныя літаратурныя сувязі, вартасці мастацкага перакладу, пра кампаратывісцкія даследаванні, якія дазваляюць параўноўваць мастацкія з’явы ў літаратурах народаў свету. 

У фармаце анлайн да творчых дыскусій падключацца паэты, празаікі, перакладчыкі, літаратуразнаўцы з Расійскай Федэрацыі, Азербайджана, Арменіі, Кітая, Малдовы, Узбекістана, Казахстана і іншых краін. 

У час круглага стала ў фармаце анлайн будуць падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве Саюза пісьменнікаў Беларусі з творчымі супольнасцямі Малдовы, а таксама Рэспублікі Марый Эл Расійскай Федэрацыі. 

— У нас даўно склаліся добрыя адносіны з пісьменнікамі з розных куточкаў свету, — каменціруе падзею першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. — І ўпэўнена, што новая сустрэча ў фарматах афлайн і анлайн прынясе новыя творчыя ініцыятывы, паспрыяе развіццю літаратурнай дыпламатыі, дазволіць шырэй расказваць у свеце пра перавагі міралюбівай палітыкі нашай дзяржавы, разважлівага, міралюбнага стаўлення нашых творцаў і ўсяго беларускага народа да розных краін і народаў на ўсёй планеце Зямля. 

Мікола Берлеж



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю