Top.Mail.Ru

Круіз на катары, плывучы востраў-прывід, сафары-тур і фантастычныя геасферы — чым здзіўляе заказнік «Асвейскі»


Рэспубліканскі заказнік «Асвейскі» — унікальны прыродны комплекс, які спалучае нябесную роўнядзь азёр, зялёны масіў лясоў і балоцістую мясцовасць. Вось ужо 20 гадоў гэтым прыродным скарбам Паазер’я кіруе Ігар Раманюк. Белта даведалася, чаму самы загадкавы востраў краіны назвалі Ду, у чым асаблівасць мясцовай флоры і фаўны, якія турыстычныя паслугі цяпер карыстаюцца папулярнасцю і што плануецца ў будучыні.

Прырода, прызнаецца герой нашага праекта, блізкая яму з дзяцінства. Нарадзіўся Ігар Раманюк на Брэстчыне — літаральна ў самым сэрцы Белавежскай пушчы. Пасля заканчэння ўніверсітэта па размеркаванні трапіў у нацыянальны парк, дзе адпрацаваў на розных пасадах больш за 16 гадоў. Затым яму паступіла прапанова, ад якой было складана адмовіцца...


— У 2005 годзе стваралася дырэкцыя заказніка «Асвейскі», і мне прапанавалі там працаваць — з пераездам на другі край Беларусі. Спачатку запрасілі ацаніць, так сказаць, маштабы. Прыехаў, паглядзеў: у мяне на Брэстчыне — лясы, а тут — вада. Водная роўнядзь мне падабаецца больш, таму адразу ж пагадзіўся. У 2006 годзе перавёз сваю сям’ю і асталяваўся ў Верхнядзвінску, — расказвае субяседнік.

Тэрыторыя заказніка ўражвае — звыш 30,5 тыс. га. Экскурсійныя маршруты разнастайныя і прадуманы на ўсе сезоны. Гэта і сістэма азёр, ключавое з якіх Асвейскае, і ненаселены востраў, і лясныя масівы з дзівоснымі помнікамі прыроды...

— Многія беларусы не ведаюць сваёй зямлі, — упэўнена заяўляе Ігар Раманюк, — таму што ў нашай краіне вельмі шмат мясцін, якія здольны здзівіць. І заказнік «Асвейскі» не выключэнне. За апошнія чатыры гады колькасць турыстаў у нас вырасла амаль у восем разоў. Калі раней мы пачыналі з 500-600 чалавек у год, то па выніках 10 месяцаў 2026-га нас наведала ўжо звыш 4 тыс. чалавек.

Асноўны маршрут пад назвай «Асвейскі круіз» набірае папулярнасць, асабліва ў летні перыяд. Гэта двухгадзінная прагулка на катары па возеры Асвейскім. Шлях ляжыць да плывучага вострава-прывіду, які празвалі «Гаспадаром». Яго плошча — 1,5 га, і замест глебы тут — пераплеценыя расліны, карані, водарасці і торф.

Многіх захапляе падарожжа па ненаселеным і загадкавым востраве Ду, на якім яшчэ літаральна паўстагоддзя таму кіпела жыццё.

— Калі рыхтавалі турыстычныя маршруты, то паднялі гістарычныя дакументы з 1863 года, дзе апісана возера Асвей і згадваецца аб востраве, які мясцовыя жыхары называлі Ду, што ў перакладзе азначае «суша сярод вады», — тлумачыць дырэктар.

Таксама ўладкавана экскурсійная сцежка працягласцю амаль 5 км. Падарожнікі ў час прагулкі знаёмяцца з чырванакніжнымі і лекавымі раслінамі, любуюцца палявымі кветкамі.

У мінулым годзе на беразе Асвейскага возера з’явіліся незвычайныя збудаванні — фантастычныя геасферы, якія злучаюць камфорт гасцінічнага нумара з адпачынкам на прыродзе. У якасці бонусу для турыстаў — жывапісныя віды, што адкрываюцца з вокнаў.

— Такіх глэмпінгаў тут тры, кожны дыяметрам 6 метраў, — гэта маленькая камфартабельная кватэра з усімі выгодамі, — удакладняе Ігар Раманюк.

Калі для нас, абывацеляў, знаходжанне на прыродзе — проста адпачынак, то для Ігара Раманюка і ўсёй каманды заказніка «Асвейскі» — штодзённая работа. Праўда, наш герой прызнаецца, што прыносіць яна перш за ўсё задавальненне.

— Нярэдка чую: навошта вам водпуск, вы ж кожны дзень адпачываеце на прыродзе, — усміхаецца Ігар Раманюк. — На самай спрве ў рабоце з людзьмі ёсць свае нюансы, расслабляцца нельга. Але навакольная прыгажосць лясных масіваў, лугоў і палёў аблягчае горыч любях няўдач.

Што датычыцца рабочых планаў, то іх у дырэктара заказніка «Асвейскі» вялікая колькасць, а сіл і жадання для іх рэалізацыі — яшчэ больш. У першую чаргу хацелася б павялічыць паток турыстаў.

— Праўда, тут вельмі важна знайсці баланс паміж колькасцю турыстаў і захаваннем прыроднай экасістэмы. На востраў тэхнічна можна прывезці сто тысяч чалавек, але тады ад яго нічога не застанецца. Наступным ста тысячам проста няма чаго будзе глядзець, — рэзюмуе ён.

Ігар Раманюк — герой нашага праекта «Беларусы ў кадры». Пагаварылі з ім пра мясцовую флору і фаўну, а таксама даведаліся аб развіцці экатурызму на тэрыторыі заказніка «Асвейскі».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю