Надыходзіць час пэўнай адказнасці за вынік у працы прадпрыемстваў АПК, перад рэгіёнам стаяць сур’ёзныя задачы. Пра гэта сказаў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Крутой падчас нарады ў Глускім райвыканкаме, перадае БелТА.
Такія рабочыя паездкі ў раёны, адзначыў ён, традыцыйныя ў рамках кантролю за выкананнем даручэння Прэзідэнта па так званым Віцебскім пратаколе. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта наведаў прафілакторый, які будуецца, на малочна-таварным комплексе «Калацічы» ААТ «Эксперыментальная база «Глуск», а таксама азнаёміўся з ходам рэканструкцыі МТК паблізу вёскі Дуброва ААТ «Глускі Агра». Работы тут вядуцца ў рамках указа Прэзідэнта № 143.

«Даручана штоквартальна падводзіць вынікі і даваць прынцыповую ацэнку рабоце кадраў у частцы павышэння эфектыўнасці аграпрамысловага комплексу нашай вялікай тройкі — Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей, — сказаў ён. — Сёння пачалі з больш кропкавых элементаў: даручэнняў, звязаных з будаўніцтвам прафілакторыяў і праграмай па мадэрнізацыі, узвядзенні і рэканструкцыі малочна-таварных комплексаў у цэлым. Пэўныя контуры гэтай працы разгледзелі на практыцы».
Кожны раён удзельнічаў у стварэнні набору адпаведных мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё АПК. І ў мінулым годзе на гэта было выдаткавана не мала часу. «Ужо надыходзіць час пэўнай адказнасці за вынік, — падкрэсліў Дзмітрый Крутой. — І ў рамках пяцігодкі, а таксама 2026 года, трэба паглядзець, на якім мы сёння ўзроўні знаходзімся, што не атрымліваецца і якія трэба зрабіць крокі, каб сітуацыю выправіць».

Зараз падводзяцца першыя вынікі работ усёй галіны: як прайшла зімоўка жывёлы, як ідуць пасяўныя работы, пачалася нарыхтоўка травяністых кармоў. Як адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, перад Магілёўскай вобласцю стаяць сур’ёзныя задачы.

І сёння, акцэнтаваў увагу Дзмітрый Крутой, першая задача — вызначыць, што адбываецца ў жывёлагадоўлі. «Другая — што мы будзем рабіць у раслінаводстве ў бліжэйшыя месяцы, каб па выніках года не канстатаваць, што чагосьці мы не дасягнулі, — сказаў ён. — Вельмі шмат рашэнняў прынята ў апошнія паўгода, звязаных з інвестыцыйным будаўніцтвам, сістэмай функцыянавання аграпрамысловага комплексу: і цэнтралізацыя закупак па цэлай наменклатуры сельскагаспадарчых сыравінных кампанентаў і складнікаў, і запчастак».