Top.Mail.Ru

Крутой: Беларусь і Кітай аказваюць адзін аднаму нязменную падтрымку ва ўсіх міжнародных пытаннях

Беларусь і Кітай аказваюць адзін аднаму нязменную падтрымку ў міжнародных пытаннях на ўсіх пляцоўках. Важнасць гэтага адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой на сустрэчы з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК Камуністычнай партыі Кітая, сакратаром Цэнтральнай камісіі па праверцы дысцыпліны КПК Лі Сі, паведамляе БелТА.



Дзмітрый Крутой падкрэсліў, звяртаючыся да госця: «Сёння асаблівы дзень вашага візіту. Адбылася сустрэча з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Дадзена высокая ацэнка нашай сумеснай працы, нашым стратэгічным усепагодным адносінам. Наш лідар адзначыў, што гэта яркі прыклад даверу, павагі, справядлівасці і ўзаемнай выгады абсалютна ва ўсіх галінах — эканоміка, палітыка, культура і гуманітарныя пытанні». 

«Па міжнародных адносінах мы аказваем нязменную падтрымку адзін аднаму на ўсіх абсалютна пляцоўках. Беларусь падтрымлівае Кітай у пытаннях Тайваня, Сіньцзяна, Сянгана і Тыбета», — адзначыў Дзмітрый Крутой.

На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі КНР.

«Філасофіі дзяржаўнага кіравання нашых краін вельмі падобныя, — падкрэсліў Дзмітрый Крутой. — Гэта апора на моцную ўладу, моцнага лідара, палітычная стабільнасць, адказнасць перад народам і дысцыпліна ў эканоміцы».

  • Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуў увагу, што ў Беларусі пасля завяршэння электаральнай кампаніі ў студзені 2025 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дзве дырэктывы, якія датычацца пытанняў дысцыпліны органаў улады і ідэалагічнай работы. «Фактычна гэта кіруючыя дакументы для ўсяго дзяржаўнага апарату Рэспублікі Беларусь. Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем удасканаленню сістэмы работы са зваротамі грамадзян. Мы актыўна вывучаем вопыт кітайскай сістэмы „1, 2, 3, 4, 5“. Працэс стаў больш актыўна прасоўвацца пасля маёй сустрэчы ў мінулым годзе са спадаром Цай Цы (член Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК Кампартыі Кітая, сакратар Сакратарыята і кіраўнік канцылярыі ЦК КПК. — Заўв. БелТА) — адным з архітэктараў укаранення гэтай сістэмы ў Пекіне. Мы спадзяемся, што ў хуткім часе самыя лепшыя напрацоўкі кітайскага вопыту будуць ужытыя ў нашай сталіцы, у горадзе Мінску».

Дзмітрый Крутой закрануў іншыя важныя напрамкі дзейнасці, у ліку якіх кадравая і ідэалагічная работа, узаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі.

Асаблівую ўвагу ён надаў тэме захавання гістарычнай памяці. «У Беларусі ідзе актыўнае будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея — Кітайская Народная Рэспубліка аказвае вялікую дапамогу з абсталяваннем, інжынернымі сістэмамі, мультымедыйным напаўненнем гэтага аб’екта. Мы стараемся зрабіць так, каб гэты аб’ект атрымаўся не менш уражлівым, чым Музей гісторыі Камуністычнай партыі Кітая ў Пекіне, які Прэзідэнт Беларусі лічыць лепшым узорам у свеце на сённяшні дзень па адлюстраванні тэмы гістарычнай памяці», — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі.

Дзмітрый Крутой выказаў меркаванне, што гэты візіт разглядаецца як чарговы вялікі этап развіцця двухбаковых адносін. «Літаральна за два дні ў нас з’явіліся ўжо новыя напрамкі супрацоўніцтва, якія стануць асновай для працы ў найбліжэйшай будучыні», — рэзюмаваў ён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю