У сваім звароце кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта ў першую чаргу звяртаецца да гістарычнай памяці, адзначаючы, што Вялікая Айчынная вайна стала для беларускага народа часам сур’ёзных выпрабаванняў, і асабліва для тых, хто апынуўся на акупаваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыях.
«Германскі рэйх першапачаткова планаваў выселіць і знішчыць больш за 70 % насельніцтва Беларусі. Як казалі нацысты, яны хочуць вызваліць новую жыццёвую прастору для немцаў. Літаральна ў першыя гадзіны вайны ў ходзе наступлення вермахта былі спалены разам з жыхарамі некалькі палескіх вёсак. Прычым палілі не нейкія карныя батальёны або айнзацкаманды, а рэгулярныя воінскія часці і не ў адказ на дзеянні нашых партызан і падпольшчыкаў, а бязлітасна ідучы да загадзя спланаванай мэты», — гаворыцца ў звароце.
Адзначаецца, што ў першыя дні вайны пад Мінскам, у Драздах, быў створаны канцлагер, у які акупанты сагналі больш за 100 тыс. ваеннапалонных, а таксама прадстаўнікоў грамадзянскага насельніцтва. Лагер быў ліквідаваны ў верасні 1941 года. За тры месяцы яго існавання каля 10 тыс. вязняў былі расстраляныя або загінулі ад голаду. І гэта толькі невялікі эпізод у рабоце бязлітаснай сістэмы знішчэння людзей, сапраўднай машыны смерці, створанай фашыстамі на тэрыторыі Беларусі і іншых савецкіх рэспублік у гады вайны.
«Таму тэма генацыду беларускага народа — гэта не проста канстатацыя некаторага трагічнага эпізоду ў гісторыі. Гэта боль мільёнаў людзей, якія страцілі ў гады вайны родных і блізкіх, лёс многіх з якіх так і застаўся невядомым, — падкрэсліў Дзмітрый Крутой. — Гэта калектыўная памяць пакаленняў і наказ нашых дзядоў і прадзедаў для будучых нашчадкаў — ведаць, памятаць і шанаваць як герояў вайны, так і нявінных ахвяр гэтай вайны».
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што гэта абавязак — цвёрда і няўхільна адстойваць гістарычную праўду ў імя тых, хто загінуў, абараняючы родную зямлю. «Толькі праз разуменне мінулага мы зможам пабудаваць будучыню, заснаваную на павазе да чалавечай годнасці, свабоды і справядлівасці. Вельмі важна, каб наша моладзь гэта ведала і прымала непасрэдны ўдзел у пошукавай рабоце па ўстанаўленні імёнаў невядомых загінулых, захаванні праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, спадчыне герояў — ветэранаў, франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў і працаўнікоў тылу. Гэта важна і трэба ўсяму чалавецтву», — адзначыў ён.
Пры гэтым звяртаецца ўвага, што фашызм зусім не склаў зброю ў пераможным 1945 годзе і прагне рэваншу. Калі не спыніць гэту карычневую чуму, жах можа паўтарыцца.
Дзмітрый Крутой звярнуў увагу на пытанні, якія сёння стаяць перад грамадствам: як данесці да шырокай аўдыторыі, асабліва моладзі, маштабы генацыду беларускага народа, як эфектыўна супрацьстаяць найменшым спробам фальсіфікацыі гісторыі, што яшчэ трэба зрабіць, каб трагічныя падзеі ніколі не паўтарыліся. Адказы на гэтыя і іншыя пытанні немагчымыя без адкрытага, сумленнага і публічнага дыялогу, навуковых даследаванняў і цеснага супрацоўніцтва зацікаўленых як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні, упэўнены ён.