Вілейскі раён славіцца сваімі перадавымі прадпрыемствамі ў самых розных сферах. Адно з тых прадпрыемстваў, што заўсёды застаецца на слыху, — ААТ «Зеніт-БелОМА», на якім з 2022 рэалізуецца інавацыйны праект па вытворчасці прыцэльнай тэхнікі і аўтакампанентаў як для патрэб краіны, так і для экспартных мэт. У панядзелак, 20 студзеня, з ходам рэалізацыі праекта азнаёміліся кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой і старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын.
Гісторыя прадпрыемства, якое ў савецкі час славілася легендарнымі фотаапаратамі, налічвае больш за 50 гадоў. Сёння яго па праве можна назваць горадаўтваральным: тут выпускаюць аптычныя прыцэлы, мацаванні да прыцэлаў, паляўнічыя прыналежнасці, біноклі. Таксама ў лінейцы — аўтакампаненты для вялікагрузных аўтамабіляў і аўтатрактарнай тэхнікі. Акрамя таго, «Зеніт-БелОМА» — адзіны ў Беларусі завод, які выпускае медыцынскае вагавае абсталяванне.
За студзень-лістапад 2024 года на прадпрыемстве выраблена прадукцыі на суму 48,3 мільёна рублёў або 118,8% да ўзроўню 2023 года. Удзельная вага інавацыйнай прадукцыі — 26,9%. Асноўныя рынкі збыту: Расія, Сербія, Азербайджан.
Дзмітрый Крутой і Аляксандр Турчын наведалі цэх механічнай вытворчасці і выставачны цэнтр. Госці азнаёміліся з вытворчасцю, на якой у цяперашні час рэалізуецца інавацыйны праект «Арганізацыя вытворчасці інавацыйных вырабаў прыцэльнай тэхнікі і аўтакампанентаў для патрэб Рэспублікі Беларусь, а таксама краін блізкага і далёкага замежжа», што ўключаны ў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Беларусі.
У рамках праекта пачата вытворчасць новых аптычных прыбораў і аўтакампанентаў для вялікагрузнай тэхнікі. Прадукцыя будзе адгружацца на ўнутраны рынак нашай краіны, а таксама ў краіны Афрыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі і Блізкага Усходу, у Сербію.
Па словах дырэктара прадпрыемства Мікалая Гайчука, рэалізацыя праекта дазволіць павялічыць выручку прадпрыемства ў два разы, экспарт — у тры разы. Рэнтабельнасць продажаў складзе больш за 12%.
Фота Лізаветы ГОЛАД