Top.Mail.Ru

Новага памочніка Прэзідэнта — інспектара па г. Мінску прадставілі ў Мінгарвыканкаме

З улікам дынамікі, маштабаў развіцця і ўплыву сталіцы


Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый КРУТОЙ прадставіў прызначэнца кіраўніцтву сталіцы ў Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце. Раней Дзмітрый Равуцкі займаў пасаду намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі.


Дзмітрый Крутой падкрэсліў, што Прэзідэнт ахарактарызаваў Дзмітрыя Равуцкага як дасведчанага, вопытнага чалавека, які выдатна разумее спецыфіку сталіцы — з яе праблемамі ён ужо сутыкаўся на папярэдняй пасадзе. 

«Дзмітрый Васільевіч мае добрую эканамічную і фінансавую падрыхтоўку, — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Шмат гадоў я асабіста з ім на розных пасадах сутыкаўся па тых ці іншых пытаннях. Магу адзначыць яго глыбокую прыстойнасць, прынцыповасць, уедлівасць, жаданне ва ўсіх праблемах дасканала разабрацца, дакапацца да сутнасці. У яго заўсёды ёсць сваё меркаванне па любых пытаннях, падмацаванае добрай аргументацыяй». Гэта неабходныя якасці для памочніка Прэзідэнта — інспектара па г. Мінску, улічваючы дынаміку, маштабы развіцця і ўплыў сталіцы на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны.


Асноўная задача памочніка — кантроль даручэнняў Прэзідэнта, якія датычацца сталіцы, а таксама рэалізацыя рашэнняў кіраўніка дзяржавы, якія замацаваны ў нарматыўных актах. «У гэтым плане яны будуць цесна працаваць з Уладзімірам Кухаравым (старшынёй Мінгарвыканкама. — «Зв.»). Я думаю, атрымаецца ўзаемадапаўняльная работа ў частцы рэалізацыі рашэнняў Прэзідэнта, — адзначыў Дзмітрый Крутой. — На гэтым сёння зроблены асаблівы акцэнт, бо шэраг задач, якія стаяць перад кіраўніцтвам горада, даволі маштабны».

Таксама ў лік абавязкаў памочніка ўваходзіць аналіз сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі, грамадска-палітычных працэсаў праз зносіны з насельніцтвам, кіраўнікамі мясцовых прадпрыемстваў. Сур’ёзны пласт работы складае работа ў сферы кадравай палітыкі, у тым ліку ўдзел у фарміраванні рэзерву кадраў сталіцы, узаемадзеянне з працоўнымі калектывамі горада. Дзмітрый Крутой таксама напомніў: «Сёння Прэзідэнт яшчэ раз абазначыў некалькі сваіх прынцыпаў у кадравай рабоце: пастаянная ратацыя кадраў, расстаноўка без кланаў, кумаўства і карупцыі, а таксама адсутнасць „ляжання на пасадзе“. Гэтыя прынцыпы складаюць базавую аснову работы Прэзідэнта».


Не менш важная, паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі, работа памочніка Прэзідэнта — інспектара па г. Мінску з сацыяльнымі сеткамі: Прэзідэнт штодзень знаёміцца з матэрыяламі адтуль, тымі праблемамі, якія ўзнімаюць людзі, і на долю Мінска прыпадае значны іх аб’ём. Каардынаваць разбор такіх сітуацый, як і займацца маніторынгам рэалізацыі нвйважнейшых інвестыцыйных і інавацыйных праектаў у Мінску, планаваннем мерапрыемстваў і рабочых паездак кіраўніка дзяржавы па сталіцы, павінен менавіта памочнік: «Я хачу, каб Дзмітрый Васільевіч паглядзеў на гэту сітуацыю на свае вочы і зрабіў высновы, каб мы маглі больш выразна і сістэмна наладзіць гэты працэс. Але тое, што да людзей трэба ісці і з людзьмі трэба размаўляць, не выклікае ніякіх сумненняў», — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Дзмітрыю Равуцкаму таксама спатрэбіцца ўзаемадзейнічаць з усімі службамі, структурамі і ведамствамі горада, у тым ліку з сілавым блокам. «Я пастараюся як мага хутчэй разабрацца ва ўсіх пытаннях і стаць сапраўды карысным. Мая мэта — працаваць на вынік», — адзначыў ён.

Аміна НАЗАРАВА 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю