Top.Mail.Ru

Крутой расказаў пра замацавальнасць кадраў у рэгіёнах

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой пасля пасяджэння па падвядзенні вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і выкананні бюджэту Магілёўскай вобласці за 2024 год расказаў журналістам аб асноўных аспектах замацавальнасці кадраў у рэгіёне, перадае БелТА.


Дзмітрый Крутой адзначыў, што па большасці паказчыкаў Магілёўскі рэгіён летась спрацаваў нядрэнна. «Вобласць знаходзіцца ў тройцы і па інтэгральных паказчыках, такім як ВУП, і па галіновых — развіццё прамысловасці, будаўнічага комплексу», — удакладніў ён. Пры гэтым, паводле яго слоў, былі і пэўныя недахопы.

У ліку станоўчых момантаў Дзмітрый Крутой назваў сістэму маніторынгу адтоку кадраў, якая наладжана на ўзроўні раёнаў вобласці. Такім чынам выконваецца задача Прэзідэнта, калі кожны старшыня райвыканкама разумее, якія спецыялісты з’язджаюць з раёна і па якіх прычынах. «Стаіць задача гэтых спецыялістаў у раёнах утрымліваць», — рэзюмаваў ён.

Асобная ўвага — тэме арэнднага жылля. Дзмітрый Крутой падкрэсліў, што ў рамках электаральнай кампаніі падчас сустрэч з выбаршчыкамі дадзеная праблематыка стала пытаннем нумар адзін, якая цікавіць усе слаі грамадства і галіны — ад бюджэтнай сферы да рэальнага сектара эканомікі. «Прэзідэнт падпісаў указ і аддаў гэтыя паўнамоцтвы фактычна на месцы. Зараз на ўзроўні раённых і абласных выканаўчых камітэтаў будуць фарміравацца адпаведныя спісы маючых патрэбу ў арэндным жыллі. І мы спадзяемся, што сістэма замацавання спецыялістаў з дапамогай жылля ў гэтым годзе атрымае сур’ёзнае развіццё», — адзначыў Дзмітрый Крутой.

Ён падкрэсліў, што рэалізацыя інвестыцыйных планаў і стварэнне новых прадпрыемстваў стануць пунктамі росту для рэгіёна. «Магілёўская вобласць апошнія тры гады з’яўляецца лідарам рэспублікі па аб’ёме выкарыстоўваных інвестыцый — гэта і будаўніча-мантажныя работы, і аб’ёмы абсталявання, якое закупляецца, — працягнуў ён. — Пры тым, што ў рэгіёне няма прадпрыемстваў-флагманаў, як БЕЛАЗ і „Беларуськалій“, нафтавых заводаў. Таму павінна быць больш прадпрыемстваў сярэдняга і ніжэй сярэдняга ўзроўню, каб асвоіць аб’ём і масу запланаваных інвестыцый. Пад гэтыя грошы павінен быць істотна мадэрнізаваны будаўнічы комплекс рэгіёну».

Дзмітрый Крутой таксама дадаў, што ўдалося спыніць адток будаўнікоў з рэгіёна за кошт павышэння заработнай платы, якая на сёння адна з самых высокіх у рэспубліцы. «Але пад новыя аб’ёмы выдзеленых рэсурсаў трэба ўзмацняць кадравы патэнцыял і патэнцыял саміх прадпрыемстваў», — сказаў ён.

Паводле слоў Дзмітрыя Крутога, у сельскай гаспадарцы задачы Прэзідэнта таксама зразумелыя — па рэгіёне 1,5 млн т ураджаю збожжавых з кукурузай і рапсам, 5 тыс. кг надою на адну карову як інтэгральны паказчык для жывёлагадоўлі. Ёсць планы па будаўніцтве малочна-таварных і свінакомплексаў, а таксама іншых аб’ектаў, якія дазволяць дадаць па перапрацоўцы сыравіны.

«У сферы гандлю рэгіён ідзе крыху ніжэй агульнакраінавых паказчыкаў па рознічнаму тавараабароту, — сказаў ён. — Мяне цікавіла, чаму такі новы сегмент, як інтэрнэт-гандаль, прадстаўлены горш у Магілёўскай вобласці, улічваючы яе лагістычныя перавагі — блізкасць граніцы і даволі добрыя інвестыцыйныя пляцоўкі на тэрыторыі СЭЗ „Магілёў“. Сістэма Белкаапсаюза ідзе тэмпамі ніжэй і агульнаабласных, і агульнарэспубліканскіх — таксама важна разабрацца ў праблематыцы гэтага сегмента».

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што пасля пасяджэння выканкама вынес для сябе шэраг сістэмных пытанняў, якія патрабуюць абмеркавання на ўзроўні ўрада і далейшай працы з Міністэрствам фінансаў. «Гэта датычыцца будучага ўказа па паўнамоцтвах старшынь райвыканкамаў, які літаральна праз некалькі дзён павінен легчы на стол Прэзідэнту ў дапрацаваным варыянце, — прадоўжыў ён. — Тут задача таксама простая: знайсці дадатковыя фінансавыя рэсурсы і магчымасці на ўзроўні раёнаў — няхай гэта будзе падатковая сістэма, сістэма пераразмеркавання абласных або рэспубліканскіх фондаў. Прэзідэнтам прынята прынцыповае рашэнне: той узровень датацыйнасці раёнаў, які склаўся летась, мы захоўваем на найбліжэйшыя тры гады. Усе дадатковыя даходы, якія будуць атрыманы, у тым ліку ад новых кампаній, застануцца ў распараджэнні раёна і могуць быць выкарыстаны ў першую чаргу на інвестыцыйныя мэты».

Па словах Дзмітрыя Крутога, усе гэтыя напрамкі дазволяць падысці да вырашэння стратэгічнай задачы — замацаванне эканамічна актыўнага насельніцтва праз новыя прадпрыемствы і вытворчасці, павышэнне ўзроўню заработнай платы. Плюс сацыяльны пакет, у якім асноўным элементам будзе з’яўляцца арэнднае жыллё.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю