Пашпарт адкрывае вялікія дзверы, але ўвайсці ў іх і не згубіцца ўнутры — задача самога чалавека. З такім пажаданнем выступіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой падчас Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!», якая прайшла ў тым ліку ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, перадае БелТА.
У размове са школьнікамі Дзмітрый Крутой звярнуў іх увагу на тое, што пашпарт — не проста кніжачка з прыгожай фатаграфіяй, пячаткамі, гэта сімвал сталення і пункт адліку чагосьці вялікага.
«Нашы продкі казалі: чалавек без памяці — як дрэва без каранёў. Пашпарт — гэта дакумент, у якім сустракаецца ваша асабістая гісторыя і карані ўсёй нашай краіны, — сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Давайце скажам шчыра: пашпарт нічога не гарантуе. Ён не абяцае, што зараз у вас будзе ўсё проста, лёгка. Ён толькі адкрывае вам вялікія дзверы. Але ўвайсці ў іх, застацца чалавекам і не згубіцца ўнутры — гэта ўжо ваша задача».

Дзмітрый Крутой падкрэсліў, што цырымонія ўручэння пашпартоў праходзіць напярэдадні важнага свята — Дня Канстытуцыі Беларусі. «Калі сказаць па-простаму, Канстытуцыя — гэта дамова пакаленняў, тых, хто будаваў Беларусь учора (гэта вашы дзядулі, бабулі), тых, хто адказвае за яе сёння (гэта вашы бацькі, настаўнікі), і вас — тых, каму краіну мы перададзім заўтра», — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Асноўны Закон краіны, паводле яго слоў, зафіксаваў галоўныя надзеі бабуль і дзядуляў, бацькоў цяперашніх школьнікаў — на мір, справядлівасць, магчымасць сумленнай працай пабудаваць сваё жыццё, на захаванне нашай мовы, культуры і г. д.
«Канстытуцыя нагадвае: як бы ні мяняўся сучасны свет, а змен вельмі шмат, ёсць рэчы, якія ніколі не састарэюць, — гэта годнасць чалавека, любоў да Радзімы, адказнасць за свае ўчынкі. Гэта дагавор аб тым, якой павінна быць наша краіна, каб нам з вамі ўсім разам хацелася ў ёй жыць», — сказаў Дзмітрый Крутой.


